У Беларусі ўсталявалі ўжо каля 60 тысяч «разумных» камэраў відэаназіраньня, паведаміў дзяржаўным СМІ міністар унутраных спраў Іван Кубракоў.
Пасьля выбараў 2020 году сілавікі ў Беларусі актыўна выкарыстоўваюць плятформу для распазнаваньня асобаў Kipod, пад якую падключаныя камэры відэаназіраньня па ўсёй Беларусі, каб шукаць удзельнікаў пратэстаў.
Паводле Кубракова, «разумныя» камэры відэаназіраньня могуць адсочваць чалавека, распазнаваць твары, чытаць нумарныя знакі аўтамабіляў.
«Любое правапарушэньне, якое зьдзяйсьняецца ў грамадзкім месцы, мы раскрываем па гарачых сьлядах. Па ўсёй краіне створаныя цэнтры маніторынгу грамадзкай бясьпекі. Калі вы ня бачыце на вуліцы супрацоўніка міліцыі ці вайскоўца ўнутраных войскаў, гэта ня значыць, што мы сытуацыю не кантралюем. Сытуацыю ў краіне мы трымаем пад поўным кантролем», — заявіў Кубракоў.
Каля году таму, вясной 2024 году, па ўсёй Беларусі было ўсталявана каля 35 тысяч камэраў, падключаных да Рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі (РСМГБ), пра гэта казаў намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.
- Камэраў відэаназіраньня з функцыяй распазнаваньня твару ў Беларусі штогод становіцца больш. Так, паводле інфармацыі выданьня Devby.io, пацьверджанай былымі супрацоўнікамі кампаніі Synesis і МУС, у 2019 годзе ў Менску было 100 камэраў, падлучаных да сыстэмы Kipod. Да 2021 году іх павінна было стаць ужо 13 тысяч. Усе гэтыя камэры падключаныя да РСМГБ.
- Kipod — прадукт кампаніі Synesis, воблачная плятформа для «інтэлектуальнага відэаназіраньня і маніторынгу грамадзкай бясьпекі ў маштабах дзяржавы» — інструмэнт, які выкарыстоўваецца ў РСМГБ. Гаворка ня толькі пра вулічныя камэры. Так, у чэрвені 2020 году, згодна з пастановай Саўміну, уладальнікі 261 менскіх крамаў, бараў і кавярняў мусілі паставіць у сваіх установах камэры відэаназіраньня.
- У распараджэньні Менгарвыканкаму за 2021 год у пераліку было ўжо больш за 1000 аб’ектаў, дзе мусілі ўсталяваць камэры відэаназіраньня — школы, унівэрсытэты, адміністрацыйныя будынкі і г. д. У 2023 годзе сыстэмы відэаназіраньня вырашылі распаўсюдзіць на зялёныя зоны, паркі і экасьцежкі.
- Колькі ўсяго камэраў відэаназіраньня з функцыяй распазнаваньня твару цяпер у Менску, невядома. Па зьвестках на 2023 год, іх было каля 2500 штук.
- Стварыць у Беларусі сыстэму маніторынгу грамадзкай бясьпекі, прасьцей кажучы, відэаназіраньне за грамадзянамі, вырашылі даўно — яшчэ ў лістападзе 2013 году, перад чэмпіянатам сьвету ў хакеі ў Менску, Лукашэнка ўпершыню падпісаў указ «Аб пытаньнях стварэньня і прымяненьня сыстэмы відэаназіраньня ў інтарэсах забесьпячэньня грамадзкага парадку». З гэтага моманту пачынаецца гісторыя стварэньня сыстэмы назіраньня ў Беларусі.
- З 2020 году сілавікі актыўна выкарыстоўваюць тэхналёгію распазнаньня асобаў для ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў масавых пратэстаў 2020 году і іх далейшага палітычна матываванага крымінальнага перасьледу. Гэтыя камэры адыгралі важную ролю ў арыштах сотняў пратэстоўцаў і апанэнтаў улады.
Форум