Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я толькі зьняла акуляры — і мяне высачылі». Як спэцслужбы знаходзяць беларусаў праз камэры відэаназіраньня і што гэта за сыстэма


Каляж
Каляж

У 2017 годзе беларускія ўлады вырашылі стварыць у краіне сыстэму маніторынгу грамадзкай бясьпекі, прасьцей кажучы, відэаназіраньне за грамадзянамі. Як гэты мэханізм адбудоўваўся і як выглядае сёньня? Расказваем.

Крыху гісторыі

Яшчэ ў лістападзе 2013 году Лукашэнка падпісаў указ «Аб пытаньнях стварэньня і прымяненьня сыстэмы відэаназіраньня ў інтарэсах забесьпячэньня грамадзкага парадку». Рабілася ўсё перад чэмпіянатам сьвету ў хакеі ў Менску.

З гэтага моманту пачынаецца гісторыя стварэньня сыстэмы назіраньня ў Беларусі. 25 траўня 2017 году Лукашэнка падпісаў чарговы ўказ «Аб рэспубліканскай сыстэме маніторынгу грамадзкай бясьпекі» дзеля ўзмацненьня захадаў бясьпекі.

Гэта сыстэма інтэграваных паміж сабою камэраў відэаназіраньня з сэрвэрамі і праграмным абсталяваньнем, якім карыстаюцца сілавікі. Тэхнічным апэратарам для рэалізацыі праекту выбралі кампанію ТАА «24×7 Паноптэс», незадоўга да гэтага яе дырэктарам стаў былы сілавік з Апэратыўна-аналітычнага цэнтру (ААЦ) Аляксей Кныш. Сама ж кампанія — «дачка» міжнароднай арганізацыі Synesis з офісамі ў Менску і Маскве, якая спэцыялізуецца на працы са штучным інтэлектам і вялікім масівам дадзеных. Уладальнік — Аляксандар Шатроў.

У кастрычніку 2020 году, пасьля таго як у Беларусі ўжо трэці месяц працягваліся пратэсты і затрыманьні актывістаў, кампанію Synesis абвінавацілі ў працы на сілавікоў і распрацоўваньні сыстэмы ідэнтыфікацыі грамадзян праз камэры, у тым ліку ўдзельнікаў пратэстаў.

Тады Synesis гэта абвяргала. Нібыта альгарытм працуе іншым чынам. Маўляў, толькі калі ў сыстэме ёсьць фота чалавека, яго можна знайсьці праз камэры відэаназіраньня. У кампаніі сьцьвярджалі, што камэры яны маюць толькі на чыгуначным вакзале і ў мэтро. 17 сьнежня 2020 году Synesis трапіла пад санкцыі ЗША. У 2021 годзе пад санкцыі трапіў і сузаснавальнік кампаніі Шатроў. Synesis спрабавала аспрэчыць гэтыя рашэньні ў Эўрапейскім судзе, але беспасьпяхова.

Сілавік настройвае камэру відэаназіраньня ў Менску перад сьвяткаваньнем 9 Траўня, 2021
Сілавік настройвае камэру відэаназіраньня ў Менску перад сьвяткаваньнем 9 Траўня, 2021

У лютым 2022 году Лукашэнка сваім указам зьмяніў тэхнічнага апэратара сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі — ім стаў РУП «Белтэлекам». Таксама ва ўказе прапісвалася інтэграцыя ў агульную сыстэму камэраў, якія працуюць у аўтаномным рэжыме і фіксуюць парушэньні правілаў дарожнага руху.

Synesis экспартаваў сваю тэхналёгію. Напрыклад, Азэрбайджан выкарыстоўвае гэтую сыстэму як для пошуку канкрэтных асобаў, так і для пошуку асобы праз базу зьвестак пашпартоў.

Таксама сыстэму, распрацаваную Synesis, выкарыстоўваюць у Расеі.

Як гэта працуе

Кацярына Еўдакімава, якой у Беларусі прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах, атрымала арышт на 15 дзён дзякуючы камэрам назіраньня. Усіх, хто асуджаны на «хатнюю хімію», сілавікі сфатаграфавалі анфас і ў профіль і папярэдзілі не парушаць умовы адбыцьця, бо яны могуць трапіць на камэры, расказала Кацярына Свабодзе.

Пакараньне Кацярына мусіла адбываць у Смалявічах, аднак у яе ўзьнікла пільная патрэба паехаць у Менск. Каб не папасьціся, яна выкарыстоўвала мэдыцынскую маску і сонечныя акуляры, а таксама не карысталася мэтро.

«Адзін хлопец з „хімікаў“ папаўся ў мэтро. Я ведала, што мне нельга было езьдзіць у Менск, але ў мяне там прапісаныя дзеці, таму часам я езьдзіла. Я не ведала, як менавіта гэта працуе. Выкарыстоўвала маску і сонечныя акуляры. Доўгі час не было выпадкаў, каб нехта пападаўся. А ў той дзень мне трэба было ў дзіцячую паліклініку. Па дарозе зайшла на пошту на Незалежнасьці, у пэўны момант стала цёмна — і я зьняла акуляры. Праз 30 хвілін мне патэлефанавала інспэктар і сказала, што я трапіла на камэры. Я прыехала ў інспэкцыю, і яна мне паказала гэтае відэа, там відаць, як я здымаю акуляры, і там сыстэма факусуецца на вачах. Мяне за парушэньне ўмоваў адбываньня арыштавалі на 15 дзён», — кажа Кацярына.

Цяпер жанчына выехала зь Беларусі. Кацярына прыгадвае, што калі тых, хто адбывае «хатнюю хімію», фатаграфавалі, некаторыя людзі адмаўляліся. Ім за гэта нічога не было.

Спэцыялісты, зьвязаныя са сфэрай распазнаваньня твараў, патлумачылі Свабодзе, што, хутчэй за ўсё, камэры распазнаюць людзей па адлегласьці паміж часткамі твару: вачамі, пераносьсем, бровамі і гэтак далей.

Камэры відэаназіраньня ў горадзенскім Калоскім парку, 2019
Камэры відэаназіраньня ў горадзенскім Калоскім парку, 2019

Былі сотні камэраў, цяпер тысячы

Вядома, што на канец 2020 году ў Беларусі працавала 700 камэраў ад сыстэмы маніторынгу. Большасьць зь іх — у мэтро. Аднак колькасьць увесь час павялічвалася. У рашэньні Менгарвыканкаму ад 29 ліпеня 2021 году «Аб пераліку аб’ектаў, якія падлягаюць абавязковаму абсталяваньню сродкамі сыстэмы відэаназіраньня» гаварыцца пра 1091 месца, дзе мусяць быць усталяваныя відэакамэры. Сярод іх крамы, школы, кавярні, рэстараны, бары ды іншыя гарадзкія месцы. І гэта ў дадатак да тых камэраў, якія працавалі раней.

Месяц таму ў інтэрвію СТБ намесьнік кіраўніка МУС Беларусі Генадзь Казакевіч казаў, што за беларусамі сочаць ужо 35 тысяч камэраў па ўсёй краіне.

Праверыць, ці дакладную колькасьць назваў Казакевіч і ці не перабольшыў маштабы, не выпадае, але дакладна вядома, што колькасьць камэраў, усталяваных у Беларусі для назіраньня за грамадзянамі, ідзе на тысячы.

Са сваіх крыніц Свабодзе вядома, што расьце ня толькі колькасьць камэраў, але і іх якасьць. Напрыклад, камэры з разрозьненьнем у 2 мэгапікселі замяняюць на камэры 4+ мэгапікселі. У некаторых месцах Менску проста не застаецца «сьляпых зонаў». Таксама ў некаторых месцах усталёўваюць камэры, якія самі здольныя рабіць аналітыку відэапатоку, каб зьнізіць нагрузку на сэрвэры. Асаблівую ўвагу ўдзяляюць, напрыклад, участкам для галасаваньня.

На сёньня сыстэма маніторынгу можа:

  • Ідэнтыфікаваць асобу
  • Ідэнтыфікаваць аўтамабіль праз нумарны знак
  • Знайсьці асобу праз фатаздымак

Сёлета апэратар сыстэмы маніторынгу Белтэлекам мае тры закупкі паслуг. Гэта толькі тая інфармацыя, якую можна знайсьці на сайце дзяржзакупак. Агульны кошт праекту — больш за 1,4 мільёна рублёў. Дзьве з закупак зьвязаныя з будаўніцтвам новых ліній, а менавіта з рэканструкцыяй сетак сувязі ў Віцебскай вобласьці (965 тысяч рублёў) і будаўніцтвам аб’екта сувязі горадзенскай філіі «Белтэлекаму» (439 тысяч рублёў).

Усталяваньне камэраў відэаназіраньня аплочваюць арганізацыі, якія эксплюатуюць той ці іншы будынак — як прыватныя, так і дзяржаўныя. Зь дзяржзакупак відаць, што толькі ў красавіку відэакамэры куплялі мінімум некалькі арганізацый.

Пінскі памежны атрад (вайсковая частка № 1235) хоча купіць камэру за 5532 рублі. Шукаюць двухспэктральную хуткасную паваротную IP-камэру зь цеплавізійным модулем, з магчымасьцю ідэнтыфікаваць транспарт на адлегласьці 127 мэтраў, чалавека — на адлегласьці ня менш за 49 мэтраў.

Упраўленьне капітальнага будаўніцтва Менскага раёну набывае 17 камэраў для камплектацыі дамоў у Ратамцы. Кошт камэраў разам з модулямі — 11529 рублёў.

Камэры сыстэмы відэаназіраньня ля будынку Вярхоўнага суду ў Менску, 2018
Камэры сыстэмы відэаназіраньня ля будынку Вярхоўнага суду ў Менску, 2018

BelPol: сыстэма ня мае сур’ёзных абнаўленьняў

Прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар лічыць, што сыстэма маніторынгу грамадзкай бясьпекі з 2020 году значна не зьмянілася. Проста стала нашмат больш камэраў.

«Там няма нейкага сур’ёзнага паляпшэньня. Усё залежыць ад якасьці камэраў, якія ўсталяваныя. Многія гандлёвыя пункты ставяць гэтыя камэры „на адчапіся“. Зараз спрабуюць усіх перавесьці на больш якасныя камэры, але сам софт ня меў нейкіх зьменаў. Яны бяруць за кошт колькасьці камэраў. Каб чалавека пазналі, трэба ва ўпор глядзець у камэры. Калі чалавек у масцы, у кепцы, у сонечных акулярах і адварочваецца, яго не распазнаюць. Сыстэма працуе па наборы пунктаў на твары і параўноўвае гэта з базай пашпартоў, якая падлучаная да Kipod», — гаворыць Уладзімір Жыгар.

Хто стаіць за Synesis і пры чым тут сілавікі

Тэхналёгія распазнаваньня твараў і відэаназіраньня стала візытнай карткай кампаніі Synesis. На сайце кампаніі Kipod, а менавіта гэта распрацоўка і стала асновай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі, стаіць першай сярод праектаў.

«Воблачная плятформа апэратарскага ўзроўню для разумнага горада і маніторынгу грамадзкай бясьпекі. Пабудавана на перадавых тэхналёгіях штучнага інтэлекту, апрацоўцы вялікіх дадзеных і воблачных вылічэньняў. Дазваляе аптымізаваць дарожны рух, паведамляе аб трывожных падзеях (пажарах, бойках, безгаспадарных сумках), дапамагае шукаць злачынцаў і сагнаныя аўтамабілі. Працуе ў маштабах дзяржавы, рэгіёну ці мэгаполісу», — апісваюць свой праект стваральнікі.

Да ўвядзеньня санкцый долі ў кампаніі належалі яе заснавальнікам Аляксандру Шатрову, Пятру Шатрову і Мікалаю Пціцыну. У лік саўладальнікаў уваходзіла таксама Іна Алексіна, жонка падсанкцыйнага бізнэсоўца Аляксея Алексіна. Пасьля ўвядзеньня санкцый усе асобы, апроч Аляксандра Шатрова, выйшлі са складу саўладальнікаў.

Паводле апошняй інфармацыі BelPol, цяпер дырэктарам Synesis зьяўляецца Аляксей Кныш. Долі ўладальнікаў маюць Аляксандар Шатроў і Антон Кунцэвіч.

Асноўны ўладальнік кампаніі «24×7 Паноптэс» Аляксандар Шатроў, але Synesis выйшла са складу яе саўладальнікаў. Дырэктар — усё той жа былы сілавік Аляксей Кныш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG