Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХАМАС перадаў целы чатырох ізраільскіх закладнікаў, у адказ Ізраіль адпусьціць 625 палестынскіх зьняволеных


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ізраіль і радыкальныя палестынскія групоўкі ў сэктары Газа працягваюць абмены закладнікаў і іх целаў.

Групоўка ХАМАС (прызнана тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ) выдала целы чатырох ізраільскіх закладнікаў. Іх забралі пасярэднікі з Чырвонага Крыжа і перадалі прадстаўнікам ЦАХАЛ, паведамляе The Times of Israel.

У адказ Ізраіль адпусьціць 625 палестынскіх зьняволеных. Частку зь іх адвезьлі аўтобусамі ў Сэктар Газа, усяго ў гэтым кірунку мяркуецца адправіць больш за 400 чалавек. Яшчэ 97 зьняволеных перадалі Эгіпту.

Ізраільскім экспэртам трэба будзе апазнаць целы чатырох закладнікаў. Гэта павінны быць Цахі Ідан, Ахад Яхалямі, Іцхак Эльгарт і Шлёма Манцур. Іхным сем'ям паведамяць, калі працэдура завершыцца.

Reuters паведамляе, што Ізраіль перадасьць палестынскаму боку цела жанчыны, якое ХАМАС да гэтага выдаў пад выглядам забітай закладніцы Шыры Бібас. Насамрэч гэта была мёртвая жыхарка Сэктара Газа. Пра тое, што ХАМАС перадасьць Ізраілю целы чатырох закладнікаў у абмен на палестынскіх зьняволеных, ня выпушчаных у выходныя, стала вядома ў сераду, 26 лютага.

Паводле пагадненьня з ХАМАС аб спыненьні агню, у суботу, 22 лютага, Ізраіль павінен быў выпусьціць з турмаў 602 палестынцаў – у адказ на вызваленьне групоўкай шасьцярых ізраільскіх закладнікаў. Аднак не зрабіў гэтага, спаслаўшыся на тое, што ХАМАС праводзіць «прапагандысцкія цырымоніі, якія прыніжаюць годнасьць закладнікаў». Гэты крок пагражаў сарваць усё пагадненьне.

15 студзеня Ізраіль і ХАМАС у пры ўдзеле пасярэднікаў дасягнулі пагадненьня аб спыненьні агню ў Газе і абмене закладнікаў на палестынскіх зьняволеных, якія знаходзяцца ў ізраільскіх турмах. Па ўмовах здзелкі, на першым этапе, які зойме 42 дні, Армія абароны Ізраіля пачне вывад войскаў з Газы, а ХАМАС вызваліць 33 заложнікі, захопленых 7 кастрычніка 2023 года. Восем з іх, як мяркуецца, мёртвыя, у Ізраіль будуць вернуты іх целы.

  • У выніку нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 г. былі забітыя каля 1200 чалавек, каля 250 захоплены ў закладнікі. Ізраіль у адказ пачаў ваенную апэрацыю ў сэктары Газа, у выніку якой, па дадзеных падкантрольнага ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы, загінулі больш за 45 тысяч жыхароў сэктара.

Вайна Ізраілю з ХАМАС і «Хэзбалой». Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG