Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХАМАС заявіў, што працягне вызваляць закладнікаў, пасьля пагрозы Ізраілю аднавіць баявыя дзеяньня


У сэктары Газа, архіўнае ілюстрацыйнае фота
У сэктары Газа, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Палестынская радыкальная групоўка ХАМАС, прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША і ЭЗ, 13 лютага абвясьціла, што, насуперак сваім ранейшым заявам, 15 лютага вызваліць наступную групу захопленых у Ізраілі закладнікаў і працягне выконваць свае абавязальніцтвы па дамове аб спыненьні агню з Ізраілем, піша The Times of Israel.

З заявы вынікае, што ХАМАС мае намер вызваліць у суботу 15 лютага траіх закладнікаў. Агулам у першай фазе рэжыму спыненьня агню групоўка абавязалася вызваліць 33 чалавек, на гэты момант былі вызвалены 16 ізраільцян і 5 грамадзянаў Тайлянду. У палоне, паводле наяўных зьвестак, застаюцца 73 чалавекі, каля 30 зь іх, імаверна, мёртвыя.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу пры гэтым раней прыгразіў аднавіць баявыя дзеяньні ў сэктары Газа, калі ХАМАС ня вызваліць закладнікаў да поўдня суботы 15 лютага. Зь ягоных словаў вынікала, што Ізраіль патрабуе вызваліць да гэтай даты ўсіх закладнікаў — што не было прадугледжана ўзгодненым графікам. Пры гэтым, аднак, крыніцы ізраільскіх СМІ адзначаюць, што калі ХАМАС вернецца да выкананьня ўмоваў дамовы, Ізраіль наўрад ці выйдзе зь яе ў аднабаковым парадку.

У Каіры працягваюцца непрамыя перамовы аб аднаўленьні выкананьня дамоўленасьцяў аб перамірʼі і аб паступленьні гуманітарнай дапамогі ў сэктар Газа. Ізраільскія ўлады заяўляюць, што застаецца шэраг нявырашаных пытаньняў, у прыватнасьці аб допуску ў Газу цяжкай будаўнічай тэхнікі.

10 лютага ХАМАС нечакана абʼявіў, што прыпыняе вызваленьне закладнікаў. У групоўцы заявілі, што гэтае рашэньне зьвязанае з парушэньнем рэжыму спыненьня агню Ізраілем. Пасьля гэтага ў Ізраілі заявілі, што гатовыя да аднаўленьня баявых дзеяньняў супраць групоўкі ў выпадку зрыву пагадненьня.

У адказ на рашэньне ХАМАС прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што прапануе Ізраілю адмяніць пагадненьне аб спыненьні агню, калі групоўка ня вызваліць усіх закладнікаў да поўдня 15 лютага. Ён заявіў, што ў сэктары Газа пачнецца «сапраўднае пекла», калі гэтага не адбудзецца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG