Сьцісла
- Сьцьверджаньне NYT наконт новай палітыкі Вашынгтону адносна Беларусі ўскосна пацьвярджаецца шэрагам фактаў бягучай міжнароднай палітыкі.
- Для Трампа зьмяншэньне залежнасьці рэжыму Лукашэнкі ад Масквы — гэта найперш памяншэньне долі РФ у замежным гандлі Беларусі.
- Падобны падыход Трамп ужываў адносна Беларусі і ў сваю папярэднюю кадэнцыю.
- У новай магчымай палітыкі Вашынгтону адносна Беларусі знойдуцца прыхільнікі і ў ЭЗ, і сярод дэмакратычных сілаў Беларусі.
Пытаньне ў тым, ці вырве Трамп Лукашэнку з абдымкаў Пуціна, ці зьбіраецца амэрыканскі прэзыдэнт увогуле гэта рабіць узьнікла з нагоды нашумелай публікацыі ў NYT, паводле якой прыезд высокага чыноўніка зь Дзярждэпартамэнту Крыстафэра Сьміта ў Менск па вызваленых трох палітзьняволеных — пралёг да больш амбітнай дамовы новай амэрыканскай адміністрацыі з Лукашэнкам.
Формула пагадненьня — аслабленьне санкцыяў у абмен на вызваленьне вялікай колькасьці палітвязьняў; мэта — аслабіць уплыў Расеі ў Беларусі (фігуральна кажучы, вырваць Лукашэнку зь цесных абдымкаў Пуціна).
NYT атрымала зьвесткі аб гіпатэтычнай дамове праз трэція рукі. Сам спадар Сьміт, ня кажучы пра яго начальнікаў, слова ў пацьверджаньне гэтай вэрсіі публічна не сказаў. Так што тут той выпадак, калі можна верыць, а можна ня верыць. Выданьне не належыць да вялікіх аматараў Дональда Трампа, а палітычнай барацьбы ў ЗША ніхто не адмяняў.
Але ёсьць набор ня вэрсіяў, а фактаў, якія хутчэй пацьвярджаюць вэрсію газэты.
Насуперак шматгадовай папярэдняй практыцы, сёлета Дзярждэпартамэнт ЗША ніяк ня выказаўся наконт прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Больш за тое, публічная спроба прадстаўніцы ЗША ў АБСЭ крытычна выказацца наконт іх была дэзавуяваная, яе заява хутка зьнікла з сайту прадстаўніцтва.
Гэтае маўчаньне ня значыць прызнаньня легітымнасьці абраньня Лукашэнкі на сёлетніх выбарах, але і не азначае працягу непрызнаньня.
Да трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай ЗША, як і Беларусь, прагаласавалі супраць рэзалюцыі Генэральнай асамблеі ААН з асуджэньнем расейскай агрэсіі супраць Украіны. Злучаныя Штаты прапанавалі на разгляд асамблеі свой праект рэзалюцыі, у якім не было асуджэньня Расеі і зьмяшчаўся заклік да «як мага хутчэйшага спыненьня канфлікту і ўсталяваньня трывалага міру паміж Украінай і Расеяй».
Калі робіцца няёмка ці недарэчна называць Расею агрэсарам, то і Беларусь як бы ўжо не суагрэсар. Вось і ў ААН яна прагаласавала гэтак сама, як ЗША.
На леташнюю сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ дэлегацыю ад Нацыянальнага сходу Беларусі не запрасілі. Бо і сам сход нелегітымны, і дзяржава Беларусь — суагрэсар. А прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў тады запрасілі. А сёлета наадварот: лукашэнкаўскіх дэпутатаў на сэсію запрасілі, а прадстаўнікоў офісу Ціханоўскай і Каардынацыйнай рады — не.
Прычынаў магло быць шмат. Але факт вось такі. І гэта ўжо ня толькі пра палітыку новай адміністрацыі ЗША.
Гэты набор фактаў ня чуткі і не пагалоска. Але яны ўсе ўкладаюцца ў гіпатэтычную схему, выкладзеную ў публікацыі NYT. Яны выглядаюць як крокі ў рэалізацыі менавіта гэта стратэгіі.
Так што падобныя пляны, мяркуючы па ўсім, ёсьць. Ім, як і любым плянам, можа перашкодзіць безьліч чыньнікаў. Але хіба не галоўны момант, галоўнае пытаньне — а ці дасяжная ў прынцыпе геапалітычная мэта такога пляну?
Многія беларускія аналітыкі даюць адназначны адказ: не. Пасьля 2020 году (а яшчэ больш — пасьля 2022-га) Беларусь і Лукашэнка трапілі ў такую залежнасьць ад Расеі, што ад беларускага сувэрэнітэту мала што засталося, кажуць яны.
Але пра што можа ісьці ў практычным пляне гаворка наконт «вырываньня Лукашэнкі з абдымкаў Пуціна»? І самае галоўнае: як гэта можа бачыцца Дональду Трампу і яго падначаленым?
Лукашэнка павядзе Беларусь у NATO? Мы бачым, як Трамп «вітае» ў альянсе Ўкраіну. Навошта яму Лукашэнкавы рухі ў гэты бок?
Лукашэнка павядзе Беларусь у ЭЗ? А ізноў жа — а навошта гэта Трампу? Ці для яго гэта крытэр выхаду з арбіты Расеі? Ён вельмі скептычна ставіцца да любых наддзяржаўных утварэньняў, да ЭЗ у тым ліку.
Лукашэнка спыніць падтрымку вайны Пуціна з Украінай? Гэта як мэта і крытэр «выхаду з арбіты РФ» больш праўдападобна. Але калі Трамп спадзяецца спыніць вайну (на якіх умовах — асобная тэма), то і падтрымка Лукашэнкам вайны робіцца неактуальнай — няма вайны, няма і яе падтрымкі.
Так, на пачатку вайны Расея з тэрыторыі Беларусі рабіла, што хацела. Так, прынятае пагадненьне, паводле якога Расея можа разьмяшчаць на тэрыторыі Беларусі вайсковыя аб’екты (экспэрты адзначаюць, што ня базы). Аднак зараз у Беларусі, паводле, скажам, украінскіх ацэнак, ня больш за 2 тысячы расейскіх вайскоўцаў. Гэта няшмат. А што да вайсковых абʼектаў (базаў), дык права на іх стварэньне ня тоеснае стварэньню. У 2013 годзе спрабавалі стварыць такую базу. І юрыдычных перашкодаў для гэтага і тады не было. Але Лукашэнка гэтую ініцыятыву тады адхіліў, не апэлюючы да адсутнасьці юрыдычнай базы.
Дык а што ж у такім разе застаецца? Што для Трампа можа азначаць вывядзеньне Беларусі з арбіты Расеі?
Варта прыгадаць, што гэта азначала ў папярэднюю яго кадэнцыю. У лютым 2020 году тагачасны дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо наведваў Менск, сустракаўся з Лукашэнкам. І пра што дамаўляўся? Каб Лукашэнка вось так проста здрадзіў Расеі, палюбіў дэмакратыю і кінуўся ў NATO? Зусім не. Пра купляньне Беларусьсю амэрыканскай нафты. І дамовіліся ж. Горкай іроніяй лёсу гучыць супадзеньне датаў: апошні амэрыканскі танкер з нафтай для Беларусі прыплыў у Клайпеду 9 жніўня 2020 году, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў.
Цяпер матывацыя, трактоўка мэтаў можа быць падобнай. Яна, дарэчы, не абавязкова зусім ужо паводле прынцыпу «ты мне — я табе». ЗША застаюцца хаўрусьнікам Эўразьвязу, пры ўсіх сьветапоглядных і палітычных супярэчнасьцях. У гады першага прэзыдэнцтва Трампа на ЭЗ прыпадала ладная частка замежнага гандлю Беларусі — чвэрць ад усяго замежнагандлёвага таваразвароту. Цяпер — 10%. І гэтыя 10% амаль цалкам — імпарт з ЭЗ.
А доля Расеі ў таваразвароце павялічылася прыблізна з 50% да 70%. Паводле ацэнак эканамістаў BEROC, з улікам пераарыентацыі транзытных патокаў — дык і ўсе 90%.
А хіба нельга павярнуць гэтыя лічбы ў адваротны бок, «вярнуцца ў 2019 год»? Скасаваць санкцыі, а можа, і паспрыяць гандлю Беларусі ў заходнім кірунку? Тыя 25% міжнароднага гандлю, якія прыпадалі на ЭЗ, яны ж былі не ад любові Лукашэнкі да эўрапейскіх каштоўнасьцяў (у чым яго ніхто ніколі не падазраваў). А таму, што гэта было выгадна, было самым зручным, даходным шляхам.
Заходняя палітыка, як і пазыцыя мэйнстрыму дэмакратычных сілаў, карысьць такога сцэнару шмат гадоў адкідала. Лічылася: на рэжым трэба ціснуць санкцыямі, абмяжоўваць беларускі экспарт і транзыт, рэжым трэба ізаляваць палітычна і дыпляматычна. Аднак і раней гучалі галасы (напрыклад, былога дыплямата Паўла Мацукевіча), якія даводзілі, што санкцыі паглыбляюць эканамічную залежнасьць Беларусі ад Расеі. На гэта быў адказ, што паглыбляюць тую залежнасьць ня санкцыі, а згубная палітыка Лукашэнкі.
Для Трампа ўсе ранейшыя матывацыі санкцыяў, якія былі накладзеныя на Беларусь, ня надта актуальныя. Зьмяніць рэжым? Трампу нецікава, прынамсі ў Беларусі. Перадухіліць дапамогу Расеі ў вайне? Ён спадзяецца ўсталяваць мір, дык вайны і ня будзе, адпаведна, і беларускай дапамогі ў ёй. Правы чалавека, вызваленьне палітвязьняў? Ну для публікі выглядае прыгожа: Байдэн вызваліць палітвязьняў у далёкай Беларусі ня здолеў, а Трамп — вось глядзіце.
А ў стратэгічным сэнсе чым меншая доля замежнага гандлю Беларусі прыпадае на Расею, тым большая яе прынамсі эканамічная незалежнасьць, тым большая свабода манэўру.
Афіцыйная беларускія ідэолягі рэагуюць на чуткі пра зьмену амэрыканскай палітыкі, ляскаючы абцасамі: маўляў, Беларусь ніколі ня здрадзіць Расеі. А зьніжэньне расейскай долі ў замежным гандлі з 70% да 50% — гэта здрада? А да 40%? А да 33%, пра што некалі марыў Лукашэнка? Ну як бы і ня здрада.
А для Трампа, у межах ягонай палітычнай філязофіі, якраз тая і такая здрада, якая яму патрэбная, якраз тое «выцягваньне Беларусі з геапалітычнай арбіты Расеі», якое толькі і вартае інтарэсу і адзінае рэальнае.
І ў гэтай схеме якраз ёсьць месца і Эўропе. Падобна, як з абаронай. Эўропа абураецца, што ўнівэрсальныя гарантыі бясьпекі ад ЗША робяцца не ўнівэрсальнымі. Дык абараняйце сябе самі, рабіце абаронныя бюджэты — 5% ад ВУП — гучыць у адказ ад Трампа.
Гэтак і зь Беларусьсю. Лукашэнка нелегітымны і там з правамі чалавека суцэльны жах? Дык купіце яго, адказвае Трамп. Ці, дакладней: я куплю яго, а вы заплаціце за пакупку.
Наколькі плённая такая стратэгія, сапраўды пытаньне. У пэўным сэнсе Стары і Новы сьвет праз 10 гадоў памяняліся ролямі. У 2015 годзе якраз Эўропа была ініцыятаркай палітыкі трансфармацыі рэжыму Лукашэнкі праз узаемадзеяньне. У 2020 годзе атрымалася ня тое каб вельмі ўдала.
І цяпер Эўропа зусім не гарыць жаданьнем паўтараць досьвед 2015-га і наступных гадоў. У адрозьненьне ад Дзярждэпартамэнту, і ЭЗ, і асобныя краіны Зьвязу асудзілі апошнія выбары ў Беларусі і не прызналі Лукашэнку прэзыдэнтам. Пры гэтым скасаваньне амэрыканскіх санкцыяў на беларускі экспарт калійных угнаеньняў мала што дае бяз доступу да Клайпедзкага порту, бязь зьмены жорсткай прасанкцыйнай пазыцыі Вільні.
Што дамагчыся зьмены пазыцыі Літвы і ЭЗ у цэлым атрымаецца, зусім ня факт. Але і не відавочна, што не атрымаецца. І ў краінах ЭЗ, і ў дэмакратычных сілах Беларусі апошнім часам (яшчэ да прыходу Трампа да ўлады) гучалі думкі наконт тупіковасьці, вычарпанасьці той палітыкі адносна Беларусі, якая праводзілася з 2020 году. Адэпты такой пазыцыі — Андрэй Ягораў і кіраваная ім фракцыя Каардынацыйнай рады, Іван Краўцоў, Валер Кавалеўскі, Вольга Гарбунова, Тацяна Хоміч. Калі ранейшую палітыку зьменіць Вашынгтон, у яе знойдуцца прыхільнікі і ў ЭЗ, і ў беларускай апазыцыі.
Арытмэтычны, вымяральны плён такая новая палітыка, хутчэй за ўсё, дасьць. Доля Расеі ў замежным гандлі Беларусі можа прыкметна зьменшыцца ў выніку адкрыцьця для Беларусі рынкаў, закрытых санкцыямі. Ладная частка палітвязьняў (ці нават усе) апынуцца на волі, што наўрад ці хутка атрымалася б пры працягваньні ранейшай палітыкі.
Ну а тое, што гэта можа ў пэўным сэнсе нават умацаваць рэжым... Можа. Але варта зазначыць, што аслабленьне рэжыму Лукашэнкі не было мэтай Трампа і ў мінулую яго кадэнцыю. Выглядае, што ня будзе і ў гэтую.
Трамп аддае перавагу хуткім рашэньням і не баіцца рызыкі. Не атрымаецца цяпер — будзе яшчэ адна спроба, яшчэ і па-іншаму: так ён дзейнічае і ў бізнэсе, і ў палітыцы. Магчымая зьмена палітыкі адносна Беларусі будзе цалкам адпавядаць такому сьветапогляду.
Форум