Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надмагільны помнік Зьмітраку Бядулю адкрыюць праз 5 гадоў пасьля перапахаваньня


Праект помніка Зьмітраку Бядулю
Праект помніка Зьмітраку Бядулю

3 лістапада на Ўсходнік могілках у Менску адкрыюць манумэнт знакамітаму беларускаму пісьменьніку Зьмітраку Бядулю.

Імпрэза прымеркаваная да Дня памяці клясыка: ён памёр 3 лістапада 1941 году ў эвакуацыі каля Уральску ў Казахстане, там яго і пахавалі на гарадзкіх могілках. Зьмітраку Бядулю было 55 гадоў.

Сын пісьменьніка Яфім Плаўнік расказаў, што было шэсьць спробаў перавезьці прах бацькі на радзіму ў Беларусь, і толькі на сёмы раз гэта ўдалося. У лютым 2020 году парэшткі Бядулі эксгумавалі і даставілі самалётам з Казахстану ў Беларусь. 3 лістапада 2020 году прах пісьменьніка перапахавалі на Ўсходніх могілках у Менску.

Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры выступіў ініцыятарам дабрачыннага збору сродкаў на стварэньне надмагільнага манумэнта. У выніку ўдалося сабраць палову неабходнай сумы на стварэньне помніка. Рэшту выдзеліў дзяржаўны бюджэт.

Аўтары помніка — скульптары Сяргей Гумілеўскі і архітэктар Віктар Карака. Помнік адкрыюць а 12-й гадзіне, паведамляе Дзяржаўны музэй беларускай літаратуры.

Сяргей Гумілеўскі раней расказваў, што помнік будзе ў выглядзе асымэтрычнай пліты з дарагога зялёнага граніту, якая па форме нагадвае ніву пад парывам ветру, на пліце — бронзавая скульптурная выява паэта. Падыход да помніка прапануецца зрабіць з брукаванкі, што сымбалізуе складаны жыцьцёвы шлях Бядулі. Вышыня помніка 180 см — такое абмежаваньне вызначана законам аб пахаваньнях.

  • Зьмітрок Бядуля (сапраўднае імя Самуіл Плаўнік) нарадзіўся ў 1886 годзе. Беларускі празаік, паэт, мовазнаўца. Найбольш вядомы апавяданьнямі. Перакладаў на беларускую мовы творы Шолам-Алейхема, Тараса Шаўчэнкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG