Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пабіць малога за 126 рублёў. Чаму ўлады Беларусі ня могуць спыніць гвалт над дзецьмі


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя супраць хатняга гвалту ў Менску, архіўнае фота
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя супраць хатняга гвалту ў Менску, архіўнае фота

У Беларусі кожны год фіксуецца каля 80 тысяч выпадкаў гвалту ў сям’і, у тым ліку ў дачыненьні да непаўналетніх. Расказваем, як бацькоў караюць за гэта і якім чынам гвалт над дзецьмі ўплывае на іхную будучыню. 

Паводле статыстыкі, кожнае трэцяе забойства ў Беларусі робіцца рукамі блізкіх людзей. У сярэднім міліцыя фіксуе за год каля 80 тысяч паведамленьняў пра гвалт у сям’і. Пры гэтым каля паловы пацярпелых не зьвяртаюцца ў міліцыю.

Сярод самых неабароненых ахвяраў хатніх агрэсараў — дзеці. Пакараньне за зьдзекі зь непаўналетніх пры гэтым часта застаецца мінімальным.

Беспакараныя пэдагогі

Дзеці цярпяць ад гвалту дарослых і дома, і ў школе. У 2019 годзе ў адной з гомельскіх школ здарыўся рэзанансны інцыдэнт. Настаўніца пагражала забойствам 9-гадоваму вучню і замахвалася на яго партай. Настаўніцу звольнілі, але ў справу ўмяшаўся Аляксандар Лукашэнка. Ён аднавіў настаўніцу на працы і пакараў мясцовых чыноўнікаў.

«Паехалі, учынілі разборкі, сабралі зьнізу даверху начальнікаў, — абураўся Лукашэнка рэакцыяй на відэа. — Абсікаліся, што іх, бачыце, у сацыяльных сетках разьмясьцілі. А абсікаўшыся, узялі і пакаралі гэтага беднага настаўніка. Ды я на месцы гэтага настаўніка галаву б адкруціў шчанюку нейкаму».

У 2020 годзе ў іншай гомельскай школе настаўніца так пацягнула вучаніцу 3-й клясы за вуха, што ў той застаўся шрам. Пэдагога звольнілі, пра іншае пакараньне нічога не вядома.

У 2021 годзе настаўніца ў Чачэрску стукнула вучня 6-й клясы галавой аб парту. Была праверка, але, наколькі вядома Свабодзе, пэдагог не панесла пакараньня. Бацькі школьніка ў міліцыю не зьвярталіся.

У пачатку 2025 году на рэгіянальнай старонцы Жыткавічаў «ВКонтакте» зьявілася паведамленьне пра тое, што ў вясковай школе фізрук пабіў школьніка.

«Выцяў кулаком па галаве. У хлопчыка закружылася галава, яго пачало ванітаваць. Цяпер хлопчык у шпіталі. Дырэктар хавае гэты факт і кажа, што ён аб’еўся чыпсаў і таму яго ванітавала. Гэта не адзінкавы выпадак, дзеці скардзяцца, што настаўнік абражае іх, штурхае дзяцей», — гаворыцца ў паведамленьні.

Карыстальнікі сеткі сталі на бок школы, большасьць камэнтараў была прысьвечаная «няўдзячным дзецям», якіх варта «біць як сідаравых коз».

«У наш час мы баяліся як настаўніка, так і бацькоў, школьнік павінен паважаць выкладчыка, калі не — атрымлівай», — выказваліся ўдзельнікі суполкі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Штраф за зьбіцьцё

Фізычны гвалт дзеці зазнаюць і з боку сваіх бацькоў. Нядаўна суд Савецкага раёну Менску разглядаў справу за наўмыснае прычыненьне цялеснага пашкоджаньня непаўналетняму. У выніку 30-гадовая жыхарка сталіцы была пакараная штрафам у памеры 126 рублёў за пабіцьцё 7-гадовага сына.

Здарэньне адбылося ў кастрычніку 2024 году. У школе ў дзіцяці знайшлі ранкі, сінякі і драпіны. На гэта зьвярнулі ўвагу клясны кіраўнік і мэдыцынская сястра, якая аглядала хлопчыка. Само дзіця пацьвердзіла, што яго пабіла маці. Жанчына сьцьвярджала, што ня біла сына, а толькі «зьлёгку выцяла яго па азадку». Бацька хлопчыка не хацеў, каб жонку прыцягвалі да адказнасьці.

Як стала вядома ад праваахоўных органаў, у Мазыры мясцовы жыхар трымаў свайго 12-гадовага сына на ланцугу, прыкоўваў яго да батарэі. Паводле пракуратуры, хлопчык быў пазбаўлены магчымасьці хадзіць у прыбіральню і есьці. Бацька патлумачыў такія меры выхаваньня непаслухмянасьцю сына, які часам уцякаў з дому. Хлопчыка, прыкаванага да батарэі, убачылі пэдагогі са школы, калі наведвалі сям’ю. У школе вучня характарызавалі нэгатыўна. Маўляў, ён парушаў дысцыпліну, прагульваў урокі.

У выніку бацьку 12-гадовага мазыраніна судзілі і пакаралі 2 гадамі калёніі, але з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на 2 гады. Гэта азначае, што калі на працягу двух гадоў асуджаны не парушыць закону, ён ня будзе адбываць пакараньне. Самога падлетка накіравалі ў спэцшколу.

Паводле беларускага заканадаўства, за прычыненьне лёгкіх цялесных пашкоджаньняў прадугледжваецца пакараньне ад штрафу да 3 месяцаў арышту (артыкул 153 Крымінальнага кодэксу). За катаваньні («Наўмыснае прычыненьне працяглага болю ці катаваньні, якія выклікаюць фізычныя і псыхалягічныя пакуты», арт. 154 Крымінальнага кодэксу) можна атрымаць арышт, абмежаваньне волі да 3 гадоў ці пазбаўленьне волі на той жа тэрмін.

Тэлефонам па галаве за дрэнную прыборку, малатком — за «проста так»

У Менску ў верасьні 2024 года жанчына пабіла сваю 5-гадовую дачку тэлефонам па галаве за тое, што дзяўчынка дрэнна прыбірала ў пакоі.

Нецьвярозая жанчына была ў гасьцях і даручыла 5-гадовай дачцэ прыбрацца ў пакоі. Маці засталася не задаволенай і стукнула дзяўчынку тэлефонам па галаве. Малая атрымала сінякі, раны вока, кровазьліцьцё з кантузіяй вока і ацёк сятчаткі. На маці завялі крымінальную справу.

У жніўні 2023-га супрацоўніца барысаўскага Дому дзіцяці біла выхаванца нагамі падчас шпацыру. Відэа трапіла ў інтэрнэт. Дырэктарка Дому дзіцяці тлумачыла, што «мэдсястра не стрымалася, яна будзе звольненая» і што з хлопчыкам «усё добра».

У траўні 2024 году 2 гады калёніі атрымала жыхарка Барысава, якая ня менш за 17 разоў ударыла свайго паўтарагадовага сына, біла яго рукамі, нагамі, мабільным тэлефонам, кусала за руку, шпурляла на падлогу і на крэсла.

У Драгічыне мясцовую жыхарку пазбавілі бацькоўскіх правоў — яна пабіла немаўля, каб «адпомсьціць ягонаму тату».

У Менску ў 2019 годзе жанчына біла сваю 8-гадовую дачку малатком па галаве. Дзяўчына атрымала крывацёк галавы. У Менску ў 2022 годзе маці і айчым білі ўдваіх 11-гадовую дзяўчынку, папругай і рукамі. У Салігорску шасьцімесячнага хлопчыка біла бабка, якой 64 гады.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Дзеці ня ўласнасьць бацькоў»

Першай краінай у сьвеце, якая цалкам забараніла любое фізычнае пакараньне дзяцей, стала Швэцыя, там гэта адбылося ў 1972 годзе. Пытаньнем дзяцей у гэтай краіне займаюцца муніцыпальная сацыяльная служба — Socialtjänsten. Для прымусовых захадаў у сфэры сям’і дзейнічае закон «Аб апецы над непаўналетнімі ў асаблівых выпадках». Паводле яго, дзіця могуць забраць ад бацькоў у выпадку фізычнага ці псыхалягічнага гвалту, сэксуальнай эксплюатацыі, жорсткага абыходжаньня ці ў іншых выпадках, якія могуць прынесьці шкоду дзіцяці. Сацыяльная праца зь дзецьмі будуецца на прынцыпе «barnets bästa» (інтарэсы дзіцяці) і тым, што дзіця ня ўласнасьць бацькоў.

У Фінляндыі таксама дзейнічае асобны закон «Аб абароне дзяцей». Пры праблемах у сям’і дзіцяці стараюцца дапамагчы такім чынам, каб яно магло жыць дома. Часьцей паслугі ў абароне дзяцей аказваюцца ў форме амбуляторнай дапамогі (avohuollon palvelut), гутарак, кансультацый і працы зь сям’ёй. Сацыяльны работнік можа арганізаваць дапамогу па доме ці выдзеліць ёй давераную асобу для аказаньня падтрымкі. Калі пражываньне дзяцей дома небясьпечнае для іх, то можа быць прынятае рашэньне пра разьмяшчэньне дзіцяці пад апеку ў іншае месца, напрыклад у апякунскую сям’ю.

У Польшчы пасьля рэзананснага выпадку, калі ў 2023 годзе ад катаваньняў, зьдзекаў і голаду памёр 8-гадовы хлопчык, зьмянілі заканадаўства. Папраўкі датычацца абароны непаўналетніх, якія сталі ахвярамі гвалту. Закон назвалі неафіцыйна «закон Каміля» (па імені хлопчыка, які загінуў).

Закон прадугледжвае асаблівыя стандарты ў дзіцячых садках, школах і іншых установах адукацыі і выхаваньня. Цяпер польскай сацыяльнай службе ня трэба чакаць рашэньня суду, калі бясьпецы дзіцяці нешта пагражае. Сацыяльны работнік мае права ўвайсьці ў дом і забраць дзіця, калі яму пагражае небясьпека.

Зьмянілася і працэдура наданьня так званых «Блакітных картак» (прымяняюцца пры хатнім гвалце. — РС). Уключэньне ў праграму абароны дзяцей (пры падазрэньнях на небясьпеку) адбываецца аўтаматычна. Супрацоўнік паліцыі будзе абавязаны выдаліць вінаватага ў гвалце з дома, а сацыяльны работнік — паклапаціцца пра бясьпеку дзіця.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Інструмэнты ўзьдзеяньня на сямейных гвалтаўнікоў

Падлеткавы псыхоляг Вольга (поўнае імя не называем зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) у размове са Свабодай кажа, што калі людзі дазваляюць сабе біць дзяцей, гэта сьведчыць пра тое, што дзяржава ня мае інструмэнту ўзьдзеяньня на іх. І гвалт над дзецьмі існуе ад беспакаранасьці.

«Дзяржаве на сёньня важна змагацца з камэнтарамі ў інтэрнэце, вывучаць, хто і што напісаў, а інстытут аховы дзяцей ім ня важны, на жаль. Гэта ўсё ад беспакаранасьці, калі людзі ўпэўненыя, што нічога ім за гвалт над дзецьмі ня будзе. Яны лічаць, што і ня можа быць пакараньня, бо „нас жа білі — і нічога, нармальныя вырасьлі, з нас зьдзекаваліся — і нічога страшнага“. Так любіць казаць пакаленьне, якое вырасла пры СССР і ня мела тых выгод, магчымасьцяў, якія маюць сучасныя дзеці. Таму старэйшае пакаленьне любіць і папікаць: „Вось мы галадалі — і нічога, а вы так шмат усяго маеце“. Гэтае такое старое, дэградаванае мысьленьне», — тлумачыць псыхоляг.

Яшчэ адзін экспэрт у галіне псыхалёгіі, Алег (імя суразмоўцы не раскрываем дзеля бясьпекі. — РС) дадае, што ў грамадзтве, дзе гвалт над дзецьмі лічыцца прымальным, адбываецца нармалізацыя такіх паводзін.

«Калі людзі ўспрымаюць фізычнае пакараньне як частку выхаваньня, гэта сьведчыць пра так званыя „традыцыйныя каштоўнасьці“, дзе гвалт разглядаецца як спосаб кантролю і дысцыпліны. Гэтая нармалізацыя можа перадавацца з пакаленьня ў пакаленьне, што ўскладняе зьмены ў сьвядомасьці грамадзтва», — лічыць псыхоляг.

Паводле суразмоўцы, гвалт у сям’і і школе будзе мець доўгатэрміновыя псыхалягічныя наступствы. Дзеці, якія зазналі фізычны або эмацыйны гвалт, атрымаюць у дарослым жыцьці праблемы з самаацэнкай, дэпрэсію, трывожнасьць і іншыя псыхічныя праблемы.

«Яны могуць таксама пераймаць гвалтоўныя паводзіны, калі вырастаюць, што стварае цыкль гвалту. Сытуацыя з „настаўніцай з партай“ у Гомлі паказвае, як важна, каб сыстэма адукацыі была сьвядомая і адказная. Калі настаўніца ня толькі не пакараная за гвалт, але і адноўленая на працы, гэта моцна падрывае давер да адукацыйнай сыстэмы і стварае атмасфэру страху і непавагі», — дадаў Алег.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG