Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: ЗША прыгразілі Ўкраіне адключэньнем ад Starlink, калі Кіеў не пагодзіцца на ўгоду па прыродных рэсурсах


ЗША могуць адключыць Украіну ад доступу да спадарожнікавага інтэрнэту Starlink у выпадку няўдачы перамоваў па пагадненьні аб доступе ЗША да карысных выкапняў Украіны, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на тры крыніцы, блізкія да перамоўнага працэсу.

З публікацыі незразумела, ці ідзе гаворка пра поўнае адключэньне доступу да спадарожнікавага інтэрнэту Starlink з тэрыторыі Ўкраіны або пра спыненьне Вашынгтонам аплаты кантрактаў з сэрвісам (яны аплачваюцца зь бюджэту Пэнтагону). Улетку агенцтва Bloomberg ацэньвала кантракт прыблізна ў 2,3 мільёна даляраў за месяц.

Паводле зьвестак Reuters, амэрыканскі бок пагражае адключэньнем Starlink, калі Кіеў не зацьвердзіць пагадненьне з Вашынгтонам аб наданьні ЗША доступу да мінэральных рэсурсаў Украіны. Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі адмовіўся падпісваць першы варыянт пагадненьня, прапанаваны міністрам фінансаў ЗША Скотам Бесэнтам.

Амбасада Ўкраіны ў Вашынгтоне, Белы дом і Мінабароны ЗША, а таксама кампанія SpaceX, якой належыць Starlink, не адказалі на запыты Reuters.

Выданьне Axios сьцьвярджае са спасылкай на неназваныя крыніцы, што амэрыканскія і ўкраінскія прадстаўнікі вядуць інтэнсіўныя перамовы, каб завяршыць падрыхтоўку пагадненьня аб выкапнях і спыніць пагаршэньне адносінаў паміж дзьвюма краінамі. Паводле інфармацыі The Wall Street Journal, угоду могуць падпісаць ужо сёньня, 22 лютага. Яе ўмовы афіцыйна не раскрываліся.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG