На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае віцэ-прэзыдэнтка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC у Браціславе Алена Кудзько.
Сьцісла
- Каб Трампаў плян меў вынік, эўрапейцы і ўкраінцы павінны яго хоць бы да пэўнай ступені падтрымліваць.
- Крытыка эўрапэйскай дэмакратыі з боку Злучаных Штатаў парушае ранейшыя канвэнцыі і дамоўленасьці.
- Большасьць краінаў ЭЗ змогуць падвысіць выдаткі на абарону да 3,5% ад ВУП толькі цягам наступных 5 гадоў.
- Цяжка ўявіць, што ЗША могуць даць Лукашэнку, каб той спыніў Пуціна ў крытычны момант.
— Адной з цэнтральных падзеяў Мюнхэнскай канфэрэнцыі была прамова віцэ-прэзыдэнта ЗША Дж.Д. Вэнса. Ладная частка далейшай дыскусіі факусавалася на пярэчаньнях яму. З рэзкай крытыкай ягонае прамовы выступілі міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс, нямецкі прэзыдэнт Франц-Вальтэр Штайнмаер, прадстаўніца ЭЗ у міжнародных справах Кая Калас. Што агульнага — і ў каштоўнасьцях, і ў практычнай палітыцы — засталося ў Эўропы і Злучаных Штатаў?
— Нягледзячы на надзвычайны рост напружанасьці паміж Эўропай і ЗША пры другой адміністрацыі Дональда Трампа і значныя адрозьненьні ў палітыцы ў галіне гандлю, бясьпекі і кіраваньня, Эўропа і ЗША ўсё яшчэ значна бліжэй адно да аднаго ў сваіх каштоўнасьцях і палітыцы, чым да сваіх ворагаў ці канкурэнтаў.
Гандлёвыя адносіны, узаемныя інвэстыцыі, адносіны ў сфэры бясьпекі, нават з улікам новай палітыкі — больш шчыльныя, чым зь іншымі рэгіёнамі. Асноўныя каштоўнасьці застаюцца агульнымі, але іх разумеюць і практыкуюць у Эўропе і ЗША ў многіх выпадках па-рознаму.
Прамова віцэ-прэзыдэнта ЗША Дж.Д. Вэнса ў гэтым вельмі адметная. Эўрапейцы хочуць мець больш правілаў для інфармацыйнай прасторы — напрыклад, каб у інтэрнэце не дамінавала відавочна ілжывая інфармацыя. Адміністрацыя ЗША робіць акцэнт на абсалютнай свабодзе слова без мадэрацыі ці абмежаваньняў. У многіх эўрапейскіх краінах большасьць партыяў не жадае фармаваць урады або супрацоўнічаць з партыямі, якія адкрыта выказваюць радыкальныя погляды, напрыклад, на правы меншасьцяў, ці адкрыта антыдэмакратычныя. Адміністрацыя Трампа сьцьвярджае, што такі падыход ігнаруе погляды значнай часткі выбарнікаў.
Адкрытая крытыка Злучанымі Штатамі выбараў і палітычных сыстэмаў у Эўропе сама сабою парушае былыя канвэнцыі і дамоўленасьці. Дэмакратычныя краіны раней спрабавалі ня ўмешвацца ў выбарчыя працэсы ў іншых дэмакратыях. Эўрапейскія ўрады дакладна не аспрэчвалі выбары ў ЗША і не камэнтавалі амэрыканскую ўнутрыпалітычную сытуацыю — а віцэ-прэзыдэнт ЗША зрабіў якраз гэта перад выбарамі ў Нямеччыне.
— Адмысловы прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Кіт Келаг заявіў, што Эўропа наўпрост ня будзе прадстаўленая на мірных перамовах па Ўкраіне. Ён іранічна прыгадаў, што на Менскіх перамовах у 2015 годзе было занадта шмат людзей. Ці можа Эўропа разам з Украінай адмовіцца ад мірнага пляну Трампа?
— На гэты момант не асабліва вядома, як гэты плян будзе выглядаць — зразумела толькі, што адміністрацыя Трампа хоча такі плян мець і прасунуць як мага хутчэй, на працягу наступных месяцаў. Вядома, украінцы — але таксама і эўрапейцы — хочуць быць часткай усяго працэсу перамоваў і фармаваньня гэтага пляну. Каб які-хаця плян наконт Украіны меў посьпех, украінцы і эўрапейцы павінны хаця б нейкім чынам яго падтрымліваць. Ім не павінна падабацца ў гэтым пляне абсалютна ўсё, але прымусіць іх удзельнічаць у зусім непрымальных дамоўленасьцях будзе цяжка.
— На Мюнхэнскай канфэрэнцыі шмат гаварылася аб узмацненьні вайсковага патэнцыялу Эўропы. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў ствараць эўрапейскую армію. Але ён жа адзначыў, што без амэрыканскіх гарантыяў будзе цяжка. Ці апісваліся на канфэрэнцыі рэалістычныя шляхі стварэньня фактычна NATO без Амэрыкі?
— Размовы і намаганьні дзеля нарошчваньня вайсковага патэнцыялу Эўропы ідуць ужо даўно. Але ідуць вельмі павольна. Нават у Дамове аб Эўрапейскім Зьвязе (ДЭЗ) ёсьць знакаміты Артыкул 42 (7) пра ўзаемную абарону, дзе краіны ЭЗ абяцаюць бараніць адна адну і дапамагаць у выпадку агрэсіі супраць чальцоў ЭЗ.
Галоўная праблема ў тым, што эўрапейскія арміі недастаткова добра аснашчаныя, ня маюць патрэбнай колькасьці салдатаў, узбраеньня і фінансаваньня, каб замяніць амэрыканскіх саюзьнікаў. Таму галоўныя намаганьні зараз засяроджваюцца не на стварэньні нейкіх новых структураў, а на нарошчваньні вайсковага патэнцыялу Эўропы.
Многія эўрапейскія краіны гадамі недафінансоўвалі ўзброеныя сілы. Цяпер усе імкнуцца павялічыць выдаткі на абарону. Але гэта няпроста: даволі вялікія грошы трэба недзе знайсьці ці ўзяць іх зь нейкіх іншых праектаў у іншых сфэрах. У ЭЗ таксама былі даволі строгія правілы бюджэтнага плянаваньня — зь лімітамі, колькі краіна можа пазычаць і наколькі вялікім можа быць дэфіцыт бюджэту.
На мінулым тыдні Эўракамісія адзначала, што ў ЭЗ ёсьць папярэдняя дамоўленасьць зьняць гэтыя ліміты, каб краіны маглі фінансаваць выдаткі на абарону. Таксама актыўна абмяркоўваецца ідэя агульных пазычаньняў, дзе краіны ЭЗ будуць супольна пазычаць грошы ці выпускаць эўрабонды, каб пакрыць выдаткі на абарону. Эўрапейскія вытворцы таксама пакуль не пасьпяваюць вырабляць дастаткова ўзбраеньняў. Але гэтая праблема вырашальная цягам бліжэйшых гадоў, калі будзе дастатковае фінансаваньне і спрашчэньне правілаў у вайсковай вытворчасьці.
— Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прапануе Эўропе ўзяць на сябе адказнасьць, рызыку і цяжар за вырашэньне праблемы вайны ва Ўкраіне. Ці Эўропа гатовая?
— Калі палічыць усю вайсковую, фінансавую і гуманітарную дапамогу, Эўропа і зараз у абсалютных лічбах дае найбольшы аб’ём падтрымкі Ўкраіны. Але замяніць падтрымку ЗША і кампэнсаваць яе з эўрапейскіх рэсурсаў будзе вельмі складана. Зноў жа, на сёньня ў Эўропе няма дастатковай колькасьці ўзбраеньня і прамысловых рэсурсаў. І фінансаваць гэта ўсё самастойна Эўропа таксама наўрад ці зможа — прынамсі, спатрэбіцца час, каб знайсьці на гэта сродкі.
На бліжэйшым саміце NATO, хутчэй за ўсё, абвесьцяць новыя абавязкі што да мінімальнага аб’ёму нацыянальных выдаткаў на абарону — дзесьці 3,5% ад ВУП. Але пытаньне ў тым, які будзе пераходны пэрыяд: большасьць краінаў ЭЗ разглядае паступовы пераход да новых аб’ёмаў выдаткаў да 2030 году.
Больш доўгатэрміновыя гарантыі бясьпекі для Ўкраіны — таксама нявырашанае пытаньне. Няма дамоўленасьці, напрыклад, як забясьпечыць выкананьне пагадненьня аб спыненьні агню, калі такое будзе. Амэрыканцы актыўна пытаюцца, ці гатовыя эўрапейцы пасылаць свае войскі ва Ўкраіну, каб забясьпечыць выкананьне дамоўленасьці і быць гатовымі абараняць Украіну, калі Расея гэтыя дамоўленасьці парушыць. Эўрапейцы пакуль ня маюць дэталёвага пагадненьня, хто і як гэта гатовы рабіць — але пытаньне актыўна абмяркоўваецца. Брытанцы ўчора сказалі, што гатовыя адправіць сваіх вайскоўцаў з гэтай мэтай. Іншыя краіны чакаюць таксама і ад амэрыканцаў адказу, што гэта будзе азначаць для амэрыканскай прысутнасьці на тэрыторыі краінаў NATO. Напрыклад, калі польскія сілы будуць накіраваныя ва Ўкраіну, ці будзе запоўнены рэсурс, неабходны для абароны Польшчы, дадатковымі войскамі ЗША?
— Чым гіпатэтычная NATO без Амэрыкі можа ўраўнаважыць расейскі ядзерны патэнцыял — ва ўмовах браку амэрыканскага ядзернага «парасона»?
— Францыя і Брытанія маюць ядзернае ўзбраеньне, але, вядома, значна больш абмежаванае. Аднак усё ж такі ядзернае стрымліваньне і зараз у інтарэсах ЗША. Таму гэтае пытаньне вельмі гіпатэтычнае ў дадзены момант. Гучаць і цяпер асобныя (неафіцыйныя) галасы, якія кажуць, што з улікам магчымасьці значнага зьніжэньня прысутнасьці ЗША ў Эўропе эўрапейскія краіны мусяць перагледзець падыход да ядзернай зброі і разглядаць варыянты набыцьця сваёй уласнай ядзернай зброі. Але зараз гэта зусім ня мэйнстрым, ідэя ядзернай праліфэрацыі нікому не падабаецца — ні эўрапейцам, ні амэрыканцам.
— Зяленскі апошнімі днямі некалькі разоў папярэджваў аб пагрозе выкарыстаньня Расеяй вучэньняў «Захад–2025» у Беларусі для нападу на Ўкраіну ці краіны NATO. Наколькі рэалістычнай бачыцца гэтая пагроза амэрыканскім і эўрапейскім экспэртам і палітыкам?
— Дакладна ёсьць асьцярогі, што Ўладзімір Пуцін ня спыніцца, асабліва калі дамова аб Украіне будзе ў прывабным і камфортным для Пуціна выглядзе. Ёсьць агульнае разуменьне, што Расея будзе працягваць нарошчваць сілы даволі хуткімі тэмпамі. Да таго ж Пуцін адчувае, што NATO і Эўропа зараз ня вельмі зьяднаныя палітычна, і гэтыя ўнутраныя праблемы могуць стварыць зручны момант для Расеі, каб працягваць агрэсію ня толькі ва Ўкраіне, але і дзе-небудзь яшчэ. Неканечне зараз, неканечне сёлета, але ў ня вельмі аддаленай будучыні. Беларусь геаграфічна ў вельмі зручным месцы, каб такія атакі праводзіць. Таму такая пагроза разглядаецца сур’ёзна, але не абавязкова падчас вучэньняў «Захад-2025».
— Газэта NYT апублікавала сэнсацыйнае паведамленьне, што нядаўняе вызваленьне трох вязьняў з беларускай турмы, візыт прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартамэнту ў Менск, перамовы яго з Лукашэнкам — пралёг вялікай угоды: вызваленьня шэрагу палітвязьняў, у тым ліку і знакавых асобаў, у абмен на паслабленьне санкцыйнага ціску. Мэта — паслабіць залежнасьць Менску ад Масквы. На ваш погляд, наколькі гэтая мэта дасягальная такімі мэтадамі?
— Агульны трэнд і падыход адміністрацыі Трампа: мяняць усё, дзе ёсьць адчуваньне, што не было патрэбных вынікаў; рабіць рашучыя дзеяньні, нават калі яны рызыкоўныя, і быць гатовымі карэктаваць і мяняць гэтыя дзеяньні адпаведна абставінам, калі нешта не працуе. Таму і ў адносінах Беларусі будуць спробы зрабіць нешта іншае. Невядома, наколькі далёка наперад прадуманы гэты падыход. Хутчэй за ўсё, пакуль гэта першыя спробы адчуць, на што гатовы пайсьці Аляксандар Лукашэнка і што ён гатовы прапанаваць узамен. Можа быць абмежаваны эфэкт.
У абмен на палягчэньне санкцыяў Лукашэнка можа выпусьціць пэўную колькасьць людзей. Сам факт перамоваў з Лукашэнкам можа крыху панэрваваць Пуціна. Можна ў будучыні дасягнуць нейкіх дамоўленасьцяў наконт абмежаваньня расейскай вайсковай прысутнасьці. Але беларуская эканоміка вельмі залежная ад Расеі. Пакуль цяжка ўявіць, што трэба даць Лукашэнку, каб у яго зьявіліся рэсурсы і магчымасьці спыніць Пуціна ў крытычны момант. У 2022 годзе залежнасьць была меншая, чым цяпер, але расейскія войскі спакойна нападалі зь беларускай тэрыторыі на Ўкраіну без кансультацыяў з Лукашэнкам.
— Краіны ЭЗ рэзка асудзілі апошнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, заявілі, што ня лічаць Лукашэнку прэзыдэнтам. ЗША, дарэчы, падобных заяваў сёлета не рабілі. Якая імавернасьць таго, што ЭЗ ці яго асобныя чальцы далучацца да новай палітыкі Вашынгтону, пазначанай публікацыяй у NYT? Там, у прыватнасьці, ідзецца пра аслабленьне санкцыяў на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў. Дык раней ён ішоў праз Літву. Літва пагодзіцца аднавіць яго?
— Адносіны з Беларусьсю і санкцыі, накладзеныя на Беларусь, — гэта не ізаляваныя пытаньні. Шмат што будзе залежаць ад перамоваў аб Украіне, які падыход да Расеі, якія ўмовы для сваёй бясьпекі будуць мець краіны-суседкі. І, вядома, многае залежыць ад таго, што Лукашэнка можа прапанаваць узамен. Наўрад ці Літва адмовіцца ад санкцыяў проста цяпер бязь зьмены ўсіх гэтых астатніх фактараў і без разуменьня шырэйшага пляну стасоўна Беларусі і Расеі.
— Ці ня могуць быць палёгкі для беларускай «калійкі» яшчэ адным сродкам ціску Вашынгтона на Канаду — аднаго з найбуйнейшых сусьветных вытворцаў калійных угнаеньняў?
— Адміністрацыя Трампа пагражае ўжыць да Канады вялікі аб’ём новых гандлёвых тарыфаў. Ужо нават уведзеныя тарыфы на сталь і алюміній, іншыя адсунутыя на месяц — усё гэта робіцца вельмі просталінейна, безь нюансаў. Ня думаю, што ў адміністрацыі Трампа ёсьць час і цярплівасьць ціснуць на Канаду празь вельмі складаную, дзесяціхадовую схему — празь Беларусь, якая невядома калі пачне даваць эфэкт (і не зусім зразумела, ці дасьць наагул). Навошта так закручваць, калі тарыфы можна ўвесьці наўпрост заўтра? Вядома, зьняцьцё санкцыяў зь Беларусі можа мець уплыў на калійны экспарт Канады. Але гэтая новая палітыка — перш за ўсё пра Беларусь (і Расею), а не пра Канаду.
Форум