Як гаворыцца ў паведамленьні, падчас размовы быў «абазначаны ўзаемны настрой на ўзаемадзеяньне па актуальнай міжнароднай тэматыцы, у тым ліку ўрэгуляваньню вакол Украіны». Са спасылкай на нядаўнюю тэлефонную размову прэзыдэнтаў дзьвюх краін гаворыцца аб тым, што кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў «дамовіліся аб падтрыманьні канала камунікацыі для вырашэньня назапашаных праблем у расейска-амэрыканскіх адносінах». Таксама, як вынікае з паведамленьня, абмяркоўвалася праца дыппрадстаўніцтваў дзьвюх краін. Як гаворыцца ў паведамленьні, Рубіё і Лаўроў дамовіліся «аб рэгулярных кантактах, у тым ліку для падрыхтоўкі расейска-амэрыканскай сустрэчы на вышэйшым узроўні».
Дзярждэпартамэнт паведаміў, што Рубіё ў размове пацьвердзіў прыхільнасьць прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа да пошукаў шляхоў завяршэньня вайны ва Ўкраіне.
Пасьля пачатку расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе прэзыдэнты ЗША і Расеі не размаўлялі — аж да 12 лютага 2025 года, калі нядаўна ўступіўшы на пасаду прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пагаварыў з Уладзімірам Пуціным па тэлефоне. Папярэднік Рубіё на пасадзе дзяржсакратара Энтані Блінкен таксама вельмі рэдка размаўляў з Лаўровым, але ўсё ж сустракаўся з ім на міжнародных форумах.
- У суботу шэраг амэрыканскіх выданьняў са спасылкай на крыніцы паведаміў аб падрыхтоўцы ў Саудаўскай Аравіі на будучым тыдні перамоваў з удзелам прадстаўнікоў ЗША і Расеі. Па шэрагу паведамленьняў, у іх могуць узяць удзел і прадстаўнікі Ўкраіны, хоць гэта не пацьверджана. Рубіё зараз знаходзіцца ў паездцы, падчас якой наведае Ізраіль, Саудаўскую Аравію і ААЭ. Афіцыйна аб плянах яго ўдзелу ў перамовах з удзелам Расеі не паведамлялася.
Форум