Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна ня прыме ніякіх пагадненьняў без свайго ўдзелу», — Зяленскі ў адказ на размову Трампа і Пуціна


Украіна ня прыме ніякіх двухбаковых пагадненьняў, якія тычацца яе лёсу, калі яны будуць дасягнутыя без удзелу Кіева, заявіў 13 лютага ўкраінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі. Так ён адрэагаваў на пагадненьне Дональда Трампа з Уладзімірам Пуціным пра пачатак перамоваў аб спыненьні вайны ва Ўкраіне.

Званок Трампа Пуціну 12 лютага разглядаецца як частка мэты Белага дома па хуткім спыненьні амаль трохгадовай вайны, і «вядома, не як здрада» Кіева, заявіў міністар абароны ЗША Піт Хэгсэт 13 лютага.

Уладзімір Зяленскі, камэнтуючы 90-хвілінную тэлефонную размову Трампа і Пуціна 12 лютага, заявіў, што Ўкраіна ня можа «дапусьціць, каб усё ішло паводле пляну Пуціна».

«Мы ня можам прыняць гэта як незалежная краіна, ніякіх пагадненьняў бяз нас. Я вельмі выразна фармулюю гэта нашым партнэрам — любыя двухбаковыя перамовы па Ўкраіне, не па іншых тэмах, але любыя двухбаковыя перамовы аб Украіне бяз нас — мы ня прымем», — сказаў Зяленскі падчас візыту на атамную электрастанцыю на захадзе Ўкраіны.

Паводле Зяленскага, эўрапейскія краіны таксама павінны быць прадстаўлены за сталом перамоваў аб заканчэньні вайны ва Ўкраіне. Ягоныя камэнтары прагучалі празь некалькі гадзін пасьля таго, як міністры замежных спраў ключавых эўрапейскіх саюзьнікаў Украіны, у тым ліку Нямеччыны, Францыі, Польшчы і Вялікай Брытаніі, папярэдзілі ў сваёй заяве, што «Ўкраіна і Эўропа павінны быць часткай любых перамоваў».

«Любая ўгода за нашай сьпінай ня будзе працаваць, любое пагадненьне таксама патрабуе ўдзелу Ўкраіны і Эўропы», — заявіла журналістам кіраўніца дыпляматыі Эўразьвязу Кая Калас на сустрэчы ў штаб-кватэры NATO 13 лютага.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў заявіў 13 лютага ў інтэрвію дзяржаўнай расейскай тэлевізіі, што Ўкраіна будзе ўдзельнічаць у перамовах, але галоўным візаві па тэме ўрэгуляваньня канфлікту для Масквы зьяўляецца Вашынгтон. Камэнтуючы магчымасьць сустрэчы Трампа і Пуціна ў Саудаўскай Арабіі, Пяскоў заявіў, што Эр-Рыяд фігураваў у якасьці магчымага месца для перамоваў, але канчатковага рашэньня на гэты конт няма, а таксама, што на падрыхтоўку сустрэчы спатрэбіцца час — «гэта могуць быць і тыдні, і некалькі месяцаў».

  • 12 лютага Дональд Трамп спачатку паразмаўляў па тэлефоне з Уладзімірам Пуціным, а потым з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Абедзьве размовы ён назваў «выдатнымі». Паводле Трампа, падчас размовы з Пуціным бакі «дамовіліся, што нашы адпаведныя каманды пачнуць перамовы [па ўрэгуляваньні ваеннага канфлікту Расеі з Украінай] неадкладна». Прэзыдэнт ЗША сьцьвярджае, што ён даручыў узначаліць перамоўны працэс па Украіне дзяржсакратару Марка Рубіё, дырэктару ЦРУ Джону Рэткліфу, дарадцу па нацыянальнай бясьпецы Майклу Уолтцу і спэцыяльнаму пасланьніку Стыву Ўіткофу. Пры гэтым Трамп нічога не казаў аб магчымым удзеле краін Эўразьвязу ў перамовах.
  • Таксама прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 12 лютага анансаваў сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у Саудаўскай Арабіі «не ў занадта аддаленай будучыні».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG