Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі сустрэўся на Мюнхэнскай канфэрэнцыі з віцэ-прэзыдэнтам ЗША Вэнсам


Перамовы ўкраінскай і амэрыканскай дэлегацыяў, прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі (другі зьлева) і віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй. Д. Вэнс (першы зправа), Мюнхэн, 14 лютага 2025
Перамовы ўкраінскай і амэрыканскай дэлегацыяў, прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі (другі зьлева) і віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй. Д. Вэнс (першы зправа), Мюнхэн, 14 лютага 2025

Сёньня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй Д. Вэнс правялі перамовы на палях Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы.

Пра гэта паведамляе DW.

Сярод іншых на іх прысутнічалі дзяржсакратар Злучаных Штатаў Марка Рубіё, спэцыяльны прадстаўнік адміністрацыі Дональда Трампа па Расеі і Украіне Кіт Кэлаг і кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

«Галоўная мэта, як падкрэсьліў прэзыдэнт Трамп — мы хочам, каб вайна падышла да канца. Мы хочам, каб спыніліся забойствы. Але мы хочам дасягнуць трывалага і даўгавечнага міру, а не такога міру, які прывядзе да канфлікту ва Ўсходняй Эўропе ўсяго праз пару гадоў», — заявіў пасьля размовы з Зяленскім Вэнс.

Прэзыдэнт Украіны са свайго боку ў чарговы раз падзякаваў ЗША і Дональду Трампу за падтрымку яго краіны. «Мы павінныя больш размаўляць, больш працаваць і падрыхтаваць плян, як спыніць Пуціна і спыніць вайну. Мы сапраўды хочам міру вельмі моцна. Але нам патрэбныя сапраўдныя гарантыі бясьпекі, і мы працягнем нашыя сустрэчы і нашу працу», — сказаў ён.

Ярмак заклікаў Кэлага ня даць сябе падмануць

Раней у той жа дзень Андрэй Ярмак сустрэўся з Кітам Кэлагам на палях Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы. Галоўнай тэмай сустрэчы была названая «каардынацыя працы для дасягненьня працяглага міру».

Падчас гутаркі Ярмак заявіў Кэлагу, што «Пуцін ніколі не гуляе па правілах» і заклікаў яго «не даць сябе падмануць». «Расейцы заўсёды кпілі з Захаду, але заўсёды яго капіравалі. Іх цяперашні „паварот на Усход“ — не глыбокая культурная зьмена, а тактычны ход для дасягненьня сваіх мэтаў. Расейцы паважаюць толькі сілу і пагарджаюць тымі, хто яе не ўжывае. Расея спыняецца не тады, калі абяцае, а калі вымушана гэта зрабіць», -.сказаў Ярмак.

Зяленскі: Украіна гатовая да «рэальных перамоваў»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі чакае «вельмі складаных» мірных перамоваў з Расеяй, аднак гатовы да «рэальных перамоваў» у любы час, заявіў ён падчас сёньняшняй сустрэчы з журналістамі.

Пры гэтым украінскі прэзыдэнт правёў «чырвоную лінію», якая не падлягае абмеркаваньню на мірных перамовах, піша агенцтва dpa. «Юрыдычна мы ніколі не прызнаем акупаваныя тэрыторыі расейскімі. Яны замацаваныя ў Канстытуцыі, і толькі ўкраінскі народ можа прыняць рашэньне аб зьмене межаў», — заявіў Зяленскі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG