Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плян Трампа па Ўкраіне абыдзецца Эўропе ў 3 трыльёны даляраў, — Bloomberg


Абавязацельствы Эўропы ў адпаведнасьці з плянамі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа па спыненьні вайны ва Ўкраіне абыдуцца найбуйнейшым дзяржавам Эўропы ў 3,1 трыльёны даляраў на працягу наступных 10 гадоў.

Да такой высновы прыйшлі экспэрты Bloomberg Economics, якія прааналізавалі сцэнары магчымага завяршэньня вайны, піша DW.

У сваіх разьліках аналітыкі грунтаваліся на выказваньнях прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і міністра абароны ЗША Піта Гэгсэта аб тым, што Эўропа павінная ўзяць на сябе большую частку цяжару па ўрэгуляваньні канфлікту і абароне Ўкраіны, у тым ліку пасьля заканчэньня вайны.

Згодна з гэтымі падлікамі, аднаўленьне Ўзброеных сіл Украіны (УСУ) на працягу 10 гадоў можа абысьціся ў 175 мільярдаў даляраў, адпраўка ва Ўкраіну эўрапейскай міратворчай групоўкі колькасьцю ў 40 тысяч вайскоўцаў — яшчэ ў 30 мільярдаў даляраў. Гэты паказчык быў узяты для аналізу, паколькі эўрапейскія краіны пачалі перамовы аб фармаваньні міратворчага кантынгенту ў 40-50 тысяч чалавек, хаця прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заяўляў пра неабходнасьць 200-тысячнай групоўкі для аховы 1000-кілямэтровай лініі судакрананьня.

Пры гэтым асноўная частка неабходных сродкаў павінная быць накіраваная на мадэрнізацыю і ўмацаваньне арміяў краінаў Эўразьвязу і павялічэньне абаронных выдаткаў да 3,5% ВУП. Дадатковыя сродкі, сярод іншага, пойдуць на стварэньне запасаў артылерыйскіх боепрыпасаў, пашырэньне сыстэмы СПА і ракетныя сыстэмы. Гэта ўмацуе ўсходнія межы ЭЗ, падрыхтуе ўзброеныя сілы да хуткага разгортваньня, а таксама прывядзе да значнага росту эўрапейскай абароннай прамысловасьці, адзначаюць экспэрты агенцтва.

Тры сцэнары завяршэньня вайны

Акрамя таго, аналітыкі апісалі тры магчымыя сцэнары заканчэньня вайны ва Ўкраіне. Найбольш імаверны, на думку экспэртаў, базавы сцэнар, пры якім анэксаваныя Расеяй тэрыторыі Ўкраіны ў агляднай будучыні застануцца пад фактычным кантролем Расеі. Пры гэтым, магчыма, Кіеў атрымае нейкія гарантыі бясьпекі, а перамовы будуць засяроджаныя на тым, наколькі гэтыя гарантыі будуць моцныя. Калі эўрапейцы змогуць устанавіць добрыя кантакты зь Белым домам, яны паспрабуюць пераканаць Трампа захаваць амэрыканскую падтрымку Ўкраіны, пакуль краіны ЭЗ нарошчваюць уласныя магчымасьці ў гэтым напрамку.

Ідэальным для Ўкраіны сцэнаром сталі б абавязацельствы ЗША і Эўропы ўмяшацца ў выпадку парушэньня Расеяй умоваў мірнага пагадненьня, адзначаюць аналітыкі Bloomberg. Але рызыка прамога канфлікту з Расеяй выклікае асьцярогі нават у некаторых самых зацятых прыхільнікаў Украіны, таму замест гэтага партнэры Кіева могуць паабяцаць павелічэньне вайсковай дапамогі і ўзмацненьне санкцый супраць Расеі, а таксама дапамогі ва ўмацаваньні ўкраінскай абароннай прамысловасьці і рэформе УСУ. Такі сцэнар уключае магчымае ўступленьне Ўкраіны ў Эўразьвяз на працягу 10 гадоў.

Экспэрты таксама апісваюць горшы сцэнар, які яны называюць «кашмарным» для Кіева. «Трамп можа страціць цікавасьць да будучыні Ўкраіны да таго, як будзе дасягнутае якое-небудзь урэгуляваньне, спыніўшы вайсковую і фінансавую дапамогу і пакінуўшы эўрапейцаў адных з гэтай праблемай», — адзначае Bloomberg.

  • 12 лютага Дональд Трамп паразмаўляў па тэлефоне спачатку з Уладзімірам Пуціным, а потым з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Абедзьве размовы ён назваў «выдатнымі». Паводле Трампа, падчас размовы з Пуціным бакі «дамовіліся, што нашы адпаведныя каманды пачнуць перамовы [па ўрэгуляваньні ваеннага канфлікту Расеі з Украінай] неадкладна». Прэзыдэнт ЗША сьцьвярджае, што ён даручыў узначаліць перамоўны працэс па Ўкраіне дзяржсакратару Марка Рубіё, дырэктару ЦРУ Джону Рэткліфу, дарадцу па нацыянальнай бясьпецы Майклу Уолтцу і спэцыяльнаму пасланьніку Стыву Ўіткофу.
  • Таксама прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 12 лютага анансаваў сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у Саудаўскай Арабіі «не ў занадта аддаленай будучыні».
  • Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 13 лютага, рэагуючы на пагадненьне Трампа з Пуціным пра пачатак перамоваў аб спыненьні вайны ва Ўкраіне, заявіў, што Ўкраіна ня прыме ніякіх двухбаковых пагадненьняў, якія тычацца яе лёсу, калі яны будуць дасягнутыя без удзелу Кіева.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG