На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае прафэсар паліталёгіі ўнівэрсытэту штату Тэнэсі (ЗША) Андрэй Карабкоў.
Сьцісла:
- «Вызначэньне зьнешнепалітычнага курсу адносна Беларусі адкладзенае на потым».
- «На адносіны зь Беларусьсю будуць глядзець праз прызму вырашэньня канфлікту ва Ўкраіне».
- «Трамп дастаткова скептычна глядзіць на многія элемэнты „мяккай сілы“ ў цэлым, але асабліва нэгатыўна — на тое, як гэтая „мяккая сіла“ выкарыстоўвалася апошнімі дэмакратычнымі адміністрацыямі».
- «Замежная дапамога будзе адноўленая, але на аснове абсалютна іншых ідэалягічных прынцыпаў, і агульны аб’ём дапамогі будзе зьніжаны».
— У 2020 годзе пасьля выбараў у Беларусі з рэзкім асуджэньнем іх вынікаў на наступны ж дзень выступіў тагачасны дзяржсакратар Майк Пампэо. Рэакцыі Дзярждэпартамэнту на вынікі сёлетніх выбараў 26 студзеня няма да гэтага часу. Што азначае адсутнасьць такой рэакцыі?
— Справа ў тым, што адбываецца зьмена каманды, прыходзяць людзі Трампа, уся ўвага засяроджаная на ўнутрыпалітычных праблемах і канкрэтна на перастаноўках у дзяржапараце. Таму практычна ўсе вонкавапалітычныя пытаньні пакуль што адышлі на другі плян. І пры гэтым мы ведаем, што стратэгічная цікавасьць Трампа ляжыць не ў Эўропе: націск цяпер робіцца на адносіны з Кітаем, з суседзямі (у тым ліку і на тарыфнае дужаньне), а таксама на Блізкі Ўсход. Нават Украіна, у прынцыпе, адышла на другі плян.
Апроч гэтага зразумела, што новая адміністрацыя значна менш увагі будзе аддаваць пытаньням дэмакратызацыі. І Беларусь, па сутнасьці, стала першым сьведчаньнем гэтай зьмены курсу. Але галоўнае ўсё ж тое, што цяпер любому чалавеку, які працуе ў фэдэральных структурах, зусім не да вонкавай палітыкі і нават не да сваіх прамых абавязкаў. Пытаньне стаіць аб тым, ці будуць яны працягваць працаваць у гэтых структурах літаральна празь месяц.
— 31 студзеня (праз 5 дзён пасьля выбараў у Беларусі) была апублікаваная крытычная заява часовай кіраўніцы прадстаўніцтва ЗША ў АБСЭ Кэтрын Брукер. Аднак неўзабаве яна зьнікла з сайту прадстаўніцтва ЗША ў АБСЭ. Спадарыня Брукер была прызначаная часовай кіраўніцай прадстаўніцтва ЗША ў АБСЭ ў 2023 годзе. Што азначае яе заява і зьнікненьне гэтай заявы з сайту прадстаўніцтва?
— Гэта азначае, што вызначэньне зьнешнепалітычнага курсу адносна Беларусі адкладзенае на потым. І ніхто з чыноўнікаў ня хоча зараз браць на сябе адказнасьць, пакуль яны ня ведаюць дакладна, па-першае, ці застануцца яны на сваіх пасадах на працягу месяца; і па-другое, пакуль яны не зразумелі, які ж усё ж такі будзе курс новай адміністрацыі.
Момант, які абнадзейвае, — гэта тое, што дзяржсакратаром стаў Марка Рубіё, адзін зь нямногіх прадстаўнікоў традыцыйных элітаў у новай адміністрацыі, чалавек, у якога вельмі выразныя і вельмі жорсткія погляды ў дачыненьні да посткамуністычных рэжымаў, камуністычнай ідэалёгіі і аўтарытарызму наагул. Але ў той жа час зразумела, што ня ён будзе вызначаць доўгатэрміновую стратэгію.
— Спадарыня Брукер адказнасьць на сябе якраз узяла — выступіла з заявай. А яна была дэзавуяваная.
— Значыць, нехта, хто прыйшоў на пасаду вышэй за яе, прыняў рашэньне, што пакуль ня варта рабіць такіх заяў. Але гэта можа таксама азначаць, што будзе мяняцца і сам курс.
— Марка Рубіё ў інтэрвію Fox News заявіў : «Нягледзячы на нядаўнія дзеяньні Вэнэсуэлы па вызваленьні амэрыканскіх закладнікаў, прыняцьці мігрантаў, пакуль няма плянаў прызнаць рэжым Мадура легітымным. Мадура ведае, што ў ЗША ёсьць шмат варыянтаў нанесьці сурʼёзную шкоду ягонаму рэжыму». Паводле аналёгіі: у ЗША пакуль няма плянаў прызнаць рэжым Лукашэнкі легітымным?
— Думаю, што такіх плянаў няма. Але таксама мяркую, што няма і ўвогуле нейкіх артыкуляваных плянаў. У гэтым ёсьць пэўныя плюсы, але і вялікі мінус. Цяпер стратэгія ня вызначаная, і пры гэтым увага засяроджаная на зусім іншых пытаньнях. Тым ня менш, калі мы гаворым пра амэрыканскія мэдыя, то выбары ў Беларусі ў іх асьвятляліся, і асьвятляліся ў пэўным рэчышчы.
— Ізноў жа паводле аналёгіі: ці маюць ЗША шмат варыянтаў нанесьці сурʼёзную шкоду рэжыму Лукашэнкі?
— Вэнэсуэла для ЗША значна важнейшая за Беларусь зь дзьвюх прычынаў. Першая — гэта тое, што Вэнэсуэла — адзін з асноўных пастаўшчыкоў нафты ў ЗША. А другая — што ідзе масавая плынь эмігрантаў, у тым ліку палітычных уцекачоў, з Вэнэсуэлы. Для Рубіё асабіста гэта пытаньне вельмі вострае, бо велізарная колькасьць гэтых эмігрантаў жыве ў Флорыдзе. Яны, як і кубінцы, — найбольш правыя сярод лацінаамэрыканцаў, яны дакладна падтрымліваюць рэспубліканцаў, адрозна ад многіх іншых груп гішпанамоўных.
Таму для Рубіё, як і для самога Трампа, гэта пытаньне вострае, зьвязанае зь ягонай палітычнай базай. Ён да нядаўняга часу быў сэнатарам ад Флорыды. Для яго Вэнэсуэла — гэта ня проста дыктатарскі рэжым, гэта перш за ўсё ультралевы марксісцкі рэжым.
Беларусь не зьяўляецца важным пастаўшчыком ні на амэрыканскі, ні на сусьветны рынак. Беларуская дыяспара ў ЗША малая і малапрыкметная палітычна. І, улічваючы пераключэньне Трампа на іншыя рэгіёны, гэта, вядома, стварае дастаткова сурʼёзныя выклікі для беларускай апазыцыі.
— Вызваленьне амэрыканкі Анастасіі Нюфэр, якое дзяржсакратар Рубіё вітаў у дзень выбараў у Беларусі, — дастатковая плата за зьмену ранейшай палітыкі адносна Беларусі?
— Вядома, не. Але гэта жэст добрай волі. І мы ведаем, што Аляксандар Лукашэнка рабіў такія крокі і раней. Малаімаверна, што гэта можа паўплываць на зьмену палітыкі. Хаця, калі ёсьць жаданьне зьмяніць палітыку, то гэта будзе выкарыстана як аргумэнт на карысьць паляпшэньня адносін. Але думаю, што на адносіны зь Беларусьсю будуць глядзець праз прызму вырашэньня канфлікту ва Ўкраіне.
— Лукашэнка цёпла вітаў вяртаньне Дональда Трампа ў Белы дом. Пры гэтым і сам Лукашэнка, і дзяржаўныя СМІ сьцьвярджаюць, што пратэсты 2020 году былі задуманыя, арганізаваныя і прафінансаваныя Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Дык прэзыдэнтам ЗША быў тады якраз Дональд Трамп. Як адно спалучаецца з другім?
— Мы бачым гэта ня толькі ў Беларусі. Мае месца вельмі вялікае адрозьненьне сёньняшняй сытуацыі ад той, якая была ў 2016 годзе, калі Трамп быў сустрэты з агульным адкрытым непрыманьнем з боку ня толькі амэрыканскіх элітаў, але і многіх сусьветных лідэраў. Цяпер Трамп даказаў сваю жыцьцяздольнасьць, даказаў, што ён прадстаўляе масавы глыбінны рух, зь якім ужо нельга не лічыцца. І сусьветныя лідэры, у тым ліку і тыя, якія былі адкрыта настроеныя супраць Трампа, зараз сьпяшаюцца прадэманстраваць сваю добразычлівасьць, паколькі разумеюць, што ён будзе лідэрам наступныя чатыры гады.
— Лукашэнка ў гэтым якраз пасьлядоўны, яму заўсёды падабаўся Трамп — і ў 2016-м, і ў 2020-м, і цяпер. Паводле Лукашэнкі, пратэсты 2020 году нібыта зладзіла Амэрыка, але Трамп — малайчына. І быў, і ёсьць.
— Мы бачым, што зараз адбываецца ня толькі чыстка дзяржапарату, ідзе злом вельмі многіх структур, якія якраз адказвалі за адносіны з замежнымі краінамі. Практычна цалкам замарожаная дзейнасьць амэрыканскага агенцтва па міжнародным разьвіцьці (USAID). Яно адыгрывала вельмі важную ролю ў падтрымцы ў розных краінах рухаў, якія павінны былі садзейнічаць дэмакратызацыі гэтых краін. Цяпер ёсьць вельмі вялікія перасьцярогі сярод многіх груп, апазыцыйна настроеных у адносінах да аўтарытарных рэжымаў, і адначасова — пэўная надзея з боку такіх рэжымаў. Таму Беларусь тут зусім не выключэньне.
— А вось якраз наконт прыпыненьня замежнай дапамогі на 90 дзён. Прэсавая сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт скрытыкавала некаторыя праекты USAID. А чаму ня быў абраны шлях адмовы менавіта ад такіх праектаў, якія, магчыма, складалі нязначную частку фінансаваньня агенцтва? Чаму выбралі прыпыненьне ўсяго фінансаваньня?
— Быў створаны дэпартамэнт дзяржаўнай эфэктыўнасьці, які рэальна зьяўляецца проста падразьдзяленьнем Белага дому. Яго ўзначальвае Ілан Маск, які лічыць, што ў прынцыпе дзяржапарат трэба істотна скарачаць. Трэба скарачаць дзяржаўных службоўцаў, трэба ліквідаваць канкрэтныя падразьдзяленьні. У краіне крыху больш за 2 мільёны фэдэральных службоўцаў. Гэты апарат увесь час расьце. Пры Байдэну ён павялічыўся амаль на 150 тысяч. І задача Маска — як скарачэньне апарату, гэтак і скарачэньне дзяржвыдаткаў.
Маск, як і Трамп, лічыць, што дзяржапарат трэба скараціць прыкладна ўдвая. І ў першую чаргу, на іх погляд, трэба пазбавіцца ад тых, хто быў наняты па праграмах забесьпячэньня так званай «разнастайнасьці».
Трамп лічыць, што так званая «глыбінная дзяржава» («deep state») фармавалася на працягу многіх пакаленьняў, і пры гэтым у асноўным дэмакратамі. І, на яго думку, яна складаецца ў асноўным зь «левакоў». Таму ўдар зараз прыпадае на структуры, якія, паводле яго, ідэалягічна левыя. Але гэты ўдар, хутчэй за ўсё, зусім не апошні.
Само агенцтва па міжнародным разьвіцьці будзе або ліквідаванае, або стане часткай Дзярждэпартамэнту. Тут вялікую ролю адыгрывае спэцыфіка амэрыканскай сыстэмы, пры якой дзяржаўныя службоўцы, у адрозьненьне ад палітычных прызначэнцаў, маюць значныя льготы, гарантыі працаўладкаваньня, звольніць іх складана. А вось правесьці рэарганізацыю, ліквідаваўшы нейкія структуры, перавёўшы іх з аднаго ведамства ў іншае, значна прасьцей.
І варта чакаць шматлікіх выпадкаў, калі пэўныя ведамствы будуць ліквідоўвацца або перападпарадкоўвацца, і пад маркай такой рэарганізацыі будуць звальняць адначасова тысячы службоўцаў.
Трамп хоча ісьці і далей. Ён адкрыта кажа, што трэба ліквідаваць Міністэрства адукацыі, якое ён таксама лічыць адным з найбольш ідэалягізаваных і адным з найбольш палітызаваных на карысьць дэмакратаў.
— Прэзыдэнт Трамп і дзяржсакратар Рубіё сфармулявалі крытэр, паводле якога будзе ацэньвацца замежная дапамога: інтарэсы ЗША. Фінансавая дапамога пастаноўцы трансгендэрнай опэры ў Калюмбіі, на думку Трампа, Рубіё і Левіт, ім не адпавядае. А, напрыклад, дапамога кубінскім праваабаронцам — адпавядае? Ці таксама не, бо рэжым на Кубе ж не мяняецца ўжо дзесяцігодзьдзямі?
— Кубінцы заўсёды мелі прыярытэт у амэрыканскай палітыцы. Кубінцы-эмігранты — гэта палітычная база і Трампа, і Рубіё. Можна меркаваць, што дапамога кубінскім дэмакратычным сілам з боку новай адміністрацыі нават узрасьце, а ня зьнізіцца. А вось па многіх іншых праграмах, якія разглядаюцца як левыя, будзе нанесены вельмі моцны ўдар.
Агенцтва па міжнародным разьвіцьці ўзначальвала Саманта Паўэр, якая была адной з самых левых у адміністрацыях і Абамы, і Байдэна. Гэтая фігура выклікала непрыняцьце ня толькі ў Трампа, але і ў рэспубліканцаў у цэлым.
Многія праграмы, якія падтрымліваліся агенцтвам, выклікаюць рэзкую крытыку ў адміністрацыі Трампа. Мы яшчэ ня раз пачуем пра тое, на што выдзяляліся грошы. І гэта, вядома, выкліча сурʼёзнае раздражненьне зусім ня толькі ў рэспубліканскай вярхушкі, але і ў значнай часткі электарату.
— Ці верыць Трамп у эфэктыўнасьць «мяккай сілы» як такой? На яго погляд, яна ў прынцыпе адпавядае інтарэсам Амэрыкі?
— Трамп, несумненна, прыхільнік парадыгмы рэалізму, гэта значыць, для яго палітыка — гэта перш за ўсё функцыя жорсткай улады, як вайсковага, гэтак і эканамічнага ціску. І ён дастаткова скептычна глядзіць на многія элемэнты «мяккай сілы» ў цэлым, але асабліва нэгатыўна — на тое, як гэтая «мяккая сіла» выкарыстоўвалася апошнімі дэмакратычнымі адміністрацыямі. І таму я чакаю сурʼёзных выцекаў пра тое, на што выдаткоўваліся сродкі, якія праграмы і якія групы падтрымліваліся.
Але падыход Трампа ўключае і элемэнты «мяккай сілы». Толькі яе ён бачыць зусім інакш, чым яго папярэднікі. Для яго «мяккая сіла» — гэта дэманстрацыя эфэктыўнасьці амэрыканскай эканамічнай мадэлі. Мы гэта бачым у ягоных апошніх заявах па Ўкраіне, калі ён патрабуе за дапамогу кантролю над каштоўнымі актывамі — радовішчамі рэдказямельных мэталаў і портамі.
А традыцыйная глябалісцкая мадэль апошніх 35 гадоў, якая будавалася на адкрытых межах, нізкіх тарыфах, прынцыпе роўнасьці ўсіх дзяржаў, для яго непрымальная.
Гэтак жа для яго абсалютна непрымальныя любыя структуры, якія абмяжоўваюць сувэрэнітэт дзяржаваў. Прычым гаворка ідзе ня толькі пра сувэрэнітэт Злучаных Штатаў як звышдзяржавы. Ён у прынцыпе нэгатыўна, як і эўрапейскія правыя, рэагуе на любыя наднацыянальныя бюракратычныя структуры, такія як Эўразьвяз. Ён ужо пачаў усяляк падкрэсьліваць, што будзе мець справу з эўрапейцамі, але ў асноўным на двухбаковай аснове. І гэта зьвязана і зь ягоным агульным скептычным поглядам, і зь ягоным вельмі нэгатыўным стаўленьнем да некаторых канкрэтных асобаў, якія цяпер узначальваюць эўрапейскія структуры.
— Якая імавернасьць, што замежная дапамога пасьля 90 дзён замарожваньня будзе адноўленая — цалкам альбо часткова?
— Мяркую, дапамога будзе адноўленая на аснове абсалютна іншых ідэалягічных прынцыпаў. Будуць падтрымлівацца зусім іншыя праекты. Ну, і агульны абʼём дапамогі будзе паніжаны. Гэта адпавядае палітычнай філязофіі Трампа. І, як і ў выпадку Ўкраіны, будзе рабіцца ўпор не на гранты, а на пазыкі, прычым пераважна — на пазыкі пад заклад.
Трамп кажа: калі вы хочаце атрымліваць нашу дапамогу, то дайце нам кантроль над рэсурсамі, над інфраструктурай, перш за ўсё над портамі, над каштоўнымі прамысловымі актывамі. Што да Ўкраіны, то такі прынадны кавалак — прадпрыемства «Южмаш», якое застаецца каштоўным, нягледзячы на жахлівыя наступствы вайны.
Форум