5 лютага парлямэнт Грузіі, легітымнасьць якога не прызнаюць пятая прэзыдэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі, грузінская апазыцыя і значная частка грузінскай грамадзкасьці, спыніў паўнамоцтвы 49 дэпутатаў, паведамляе «Эхо Кавказа».
Спыненыя паўнамоцтвы чальцоў апазыцыйных партый «Адзінства — Нацыянальны рух», «Кааліцыя за перамены» і «Моцная Грузія».
Падставай для прыняцьця адпаведнага рашэньня стала іх патрабаваньне спыніць паўнамоцтвы, зь якімі яны зьвярнуліся ў парлямэнт летась у лістападзе, пасьля парлямэнцкіх выбараў у краіне. Яны не прызналі вынікі выбараў і заявілі, што байкатуюць новы парлямэнт.
На дадзеным этапе ў парлямэнце з 12 мандатамі застаецца яшчэ адна апазыцыйная партыя «Гахарыя за Грузію». Палітычнае аб’яднаньне экс-прэмʼера Грузіі Георгія Гахарыя, як і іншыя партыі, якія пераадолелі прахадны барʼер на выбарах 26 кастрычніка, называе вынікі галасаваньня нелегітымнымі і ня ўдзельнічае ў парлямэнцкай дзейнасьці, аднак прадстаўнікі гэтага палітычнага абʼяднаньня не падавалі заяваў аб спыненьні сваіх паўнамоцтваў.
Згодна з выніковым пратаколам ЦВК Грузіі, па выніках парлямэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў канцы кастрычніка 2024 году, партыя «Моцная Грузія» атрымала 14 мандатаў, «Кааліцыя за перамены» — 19, а «Адзінства — Нацыянальны рух» — 16 мандатаў.
Прадстаўнікі трох апазыцыйных абʼяднаньняў у лістападзе і сьнежні 2024 году напісалі заявы аб датэрміновым спыненьні паўнамоцтваў дэпутатаў парлямэнту.
Пратэсты з патрабаваньнем правесьці новыя парлямэнцкія выбары праходзяць у Грузіі зь лістапада 2024 году.
Форум