У Батумі група пратэстоўцаў правяла ноч у намётах. Удзельнікі пратэсту патрабуюць правядзеньня новых выбараў, вызваленьня затрыманых на праэўрапейскіх акцыях, у тым ліку заснавальніцу і дырэктарку выдавецтва «Батумцы» і рэдактарку аднайменнай газэты Мзію Амаглабэлі, а таксама адхіленьня ад пасады кіраўніка паліцыі Батумі Іраклія Дгебуадзэ.
Як паведаміла выданьне «Эхо Кавказа», увечары 29 студзеня пратэстоўцы паставілі вялікі намёт на ходніку каля Канстытуцыйнага суду, але паліцыя яго разабрала і прыбрала з тэрыторыі.
Пасьля гэтага ўдзельнікі пікету прывезьлі і паставілі яшчэ два лёгкія намёты, нягледзячы на папярэджаньне паліцыі. Пазьней на месца акцыі прыходзілі паліцыянты, але да пратэстоўцаў яны не падыходзілі.
Батумскі гарадзкі суд узяў пад варту Мзію Амаглабэлі. Наступнае пасяджэньне суду прызначылі на 4 сакавіка 2025 году. Яе затрымалі 12 студзеня за расклейваньне ўлётак, але потым вызвалілі. Пазьней яе затрымалі ўжо па крымінальным абвінавачаньні. Паводле выстаўленага абвінавачаньня ёй пагражае да 7 гадоў зьняволеньня за поўху, якую яна дала начальніку паліцыі Батумі.
Мзія Амаглабэлі абвясьціла галадоўку, якую трымае ўжо больш за 18 дзён.
Форум