У сацыяльных сетках, піша газэта The Washington Post, цыркулюе лайфгак, аўтары якога сьцьвярджаюць, што калі карыстацца дэзадарантамі ня раніцай, а вечарам, то гэта захавае сьвежасьць падпахаў на працягу дня.
Газэта параілася з экспэртамі, каб пацьвердзіць ці абвергнуць незвычайны лайфгак.
Што і як з пахам нашых падпахаў
Пах цела выклікае ня толькі пот. Звычайныя бактэрыі на скуры расшчапляюць пот на тлустыя кіслоты, якія ствараюць непрыемны пах. Многія людзі змагаюцца з пахам пры дапамозе дэзадарантаў, антыпэрсьпірантаў або камбінацыі абодвух гэтых сродкаў.
Дэзадаранты прызначаныя для маскаваньня паху. Яны робяць гэта, як правіла, з дапамогай араматызатараў, таму іх можна наносіць у любы час і не адзін раз на працягу дня. Імі можна карыстацца раніцай, перад трэніроўкай і пасьля душа, кажуць дэрматолягі.
Антыпэрсьпіранты дзейнічаюць інакш. Яны на пэўны час блякуюць потавыя залозы, у выніку чаго выдзяленьне поту зьмяншаецца. У адным дасьледаваньні паведамлялася, што ва ўдзельнікаў, якія карысталіся антыпэрсьпірантамі, выдзяленьне поту ў сярэднім зьнізілася на 77,7%.
І, увага, дэрматолягі рэкамэндуюць наносіць антыпэрсьпіранты на чыстую сухую скуру менавіта перад сном.
«Уначы тэмпэратура цела паніжаецца, а выпрацоўка поту зьмяншаецца, што дазваляе актыўным інгрэдыентам антыпэрсьпірантаў (як правіла, гэта злучэньні на аснове алюмінію) эфэктыўна ўтвараць коркі ў потавых пратоках, — кажа прафэсар дэрматалёгіі Адам Фрыдман. — А гэта зьмяншае потавыдзяленьне на працягу наступнага дня».
Доктар Фрыдман раіць сваім пацыентам выкарыстоўваць дэзадаранты раніцай, а антыпэрсьпіранты вечарам.
Ці ня шкодныя антыпэрсьпіранты
На працягу многіх гадоў выказваліся асьцярогі, што антыпэрсьпіранты на аснове алюмінію могуць выклікаць хваробу Альцгаймэра, рак грудзей і хваробы нырак. Але аўтары многіх сучасных дасьледаваньняў кажуць пра адсутнасьць відавочных доказаў шкоды. Гэтыя высновы пацьвярджаюць амэрыканская Асацыяцыя па барацьбе з хваробай Альцгаймэра, Амэрыканскае анкалягічнае таварыства і Нацыянальны ныркавы фонд.
Тым ня менш некаторыя асьцярогі застаюцца, асабліва наконт сувязі антыпэрсьпірантаў з хваробамі нырак. З гэтай прычыны амэрыканская Ўправа па кантролі за прадуктамі і лекамі патрабуе, каб на антыпэрсьпірантах была этыкетка з надпісам: «Пракансультуйцеся зь лекарам перад выкарыстаньнем, калі ў вас ёсьць захворваньне нырак».
Адам Фрыдман і іншыя дэрматолягі кажуць, што заўважаюць сярод пацыентаў зрух у бок антыпэрсьпірантаў без алюмінію. Вытворцы такіх сродкаў нярэдка заяўляюць, што іх прадукцыя ня ўтрымлівае таксама парабэнаў і фталятаў.
Ці добрая ідэя — расьлінныя сродкі барацьбы з потам
Дэзадаранты, якія прадаюцца як натуральныя, зьніжаюць празьмернае потавыдзяленьне не настолькі эфэктыўна, як антыпэрсьпіранты. Нярэдка яны ўтрымліваюць эфірныя алеі, якія могуць выклікаць раздражненьне або «алергічны кантактны дэрматыт, таму важна быць асьцярожнымі, асабліва калі ў вас адчувальная скура», — кажа дацэнт катэдры дэрматалёгіі з Карнэльскай мэдычнай школы Марыса Гаршык.
Іншы падыход у барацьбе з пахам — узьдзеяньне на бактэрыі, якія выклікаюць непрыемны пах скуры, расшчапляючы пот.
Некаторыя людзі ў сацыяльных сетках кажуць, што выбіраюць бактэрыцыдныя мыйныя сродкі, якія зьмяшчаюць розныя актыўныя хімічныя рэчывы (бэнзаілпэраксыд, хлёргексыдын, ізапрапілавы сьпірт, гліколевую кіслату).
Гэтыя рэчывы «могуць дапамагчы з пахам, але не блякуюць потааддзяленьне. Яны таксама могуць раздражняць скуру», — кажа іншы дацэнт катэдры дэрматалёгіі з Карнэльскай мэдычнай школы Шары Ліпнэр.
Што яшчэ важна ведаць
Выбар дэзадаранту, антыпэрсьпіранту або альтэрнатыўнага мэтаду кантролю за пахам — асабістае рашэньне кожнага. Але вось некалькі парадаў ад дэрматолягаў:
- Вызначыце, які сродак вам патрэбен. Дэзадаранты кантралююць пах цела, антыпэрсьпіранты зьмяншаюць потааддзяленьне, што таксама дапамагае зьменшыць непрыемны пах. У многіх сучасных прадуктах ёсьць і тое, і тое. «Я звычайна рэкамэндую камбінаваны дэзадарант-антыпэрсьпірант у цьвёрдай форме — так званыя стыкі», — кажа доктар Ліпнэр.
- Вырашыце, які сродак пасуе вам лепш за ўсё. Стыкі забясьпечваюць кантраляванае нанясеньне і больш поўнае пакрыцьцё, як і гелі і ролікавыя аплікатары, але два апошнія наносяцца вільготнымі, што патрабуе некаторы час на высыханьне. Спрэі — хуткія, простыя і добра ўсмоктваюцца скурай, але доктар Гаршык адзначае, што некаторыя людзі ня хочуць «удыхаць аэразольны спрэй» падчас нанясеньня.
- Улічвайце індывідуальную адчувальнасьць і любыя алергіі. Людзі з адчувальнай скурай могуць выбіраць дэзадаранты без патэнцыйных раздражняльнікаў, такіх як сьпірт або кансэрванты, раіць доктар Фрыдман. Ён кажа, што існуюць варыянты без алюмінію і зь вялікай колькасьцю расьлінных інгрэдыентаў, хоць сам ён эфэктыўнымі іх ня лічыць.
Калі ў вас ёсьць асьцярогі адносна магчымых алергічных рэакцый, то заўсёды лепш параіцца з дэрматолягам.
Форум