На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае палітычны аналітык, супрацоўніца Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі (Лёндан, Вялікая Брытанія) Кацярына Глод.
Сьцісла
- Заходняя рэакцыя на выбары ў Беларусі — ня проста канстатацыя іх недэмакратычнага характару, але і непрызнаньне Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі.
- Істотную рэакцыю Захаду выклікала б вызваленьне знакавых палітвязьняў, такіх як Бабарыка, Ціханоўскі, Калесьнікава, і няўдзел Беларусі ў вайне.
- Эканамічныя санкцыі ЭЗ накіраваныя пераважна на беларускі экспарт, які прыносіць прыбыткі беларускай дзяржаве. Пры гэтым эўрапейскі імпарт у Беларусь не зьмяншаецца.
- Магчымасьць вяртаньня заходніх амбасадараў у Менск абмяркоўваецца, аднак у адносінах зь Беларусьсю гэта не галоўнае.
— Шэраг дзяржаваў Захаду і да выбараў у Беларусі, і пасьля іх заявілі, што не прызнаюць вынікаў гэтай кампаніі. Які характар мае непрызнаньне, выказанае ў гэтых заявах? Іх не прызналі гэтаксама, як не прызнавалі ўсе папярэднія выбары ў Беларусі з 2001 году? Дэмакратычнымі не прызнаюць і выбары, скажам, у Туркмэністане ці Азэрбайджане. Ці гэта — непрызнаньне легітымнасьці Лукашэнкі, непрызнаньне таго, што ён прэзыдэнт, кіраўнік Беларусі?
— Гэта непрызнаньне легітымнасьці Лукашэнкі, таго, што ён прэзыдэнт. Наагул, няма нейкай міжнароднай працэдуры прызнаньня. Але ёсьць прызнаньне ці непрызнаньне прэзыдэнтам асобы, пра чыю перамогу на гэтых выбарах абвешчана.
Сапраўды, да 2020 году толькі выбары 1994 году, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, лічыліся больш-менш дэмакратычнымі. А пасьля выбараў 2020 году было заяўлена, што іх афіцыйныя вынікі не адлюстроўвалі рэальнасьць народнага волевыяўленьня. Сёлета напярэдадні выбараў і краіны ЭЗ, і ЗША назвалі выбары фіктыўнымі.
Вы прыгадалі Азэрбайджан. Адносна Азэрбайджану заяўляецца, што Ільхам Аліеў быў пераабраны на чарговы тэрмін, што ЭЗ будзе працягваць дыялёг з Баку ў пытаньнях правоў чалавека. Пры гэтым адзначаецца адсутнасьць у Азэрбайджане пэўных палітычных свабодаў і наяўнасьць там палітвязьняў. Выбары ў Туркмэністане ЭЗ, здаецца, ніяк не камэнтуе. Але пры гэтым ёсьць стратэгія Эўразьвязу адносна Цэнтральнай Азіі. У 2019 годзе ЭЗ адкрыў сваё прадстаўніцтва ў Ашгабадзе.
— А чаму такое рознае стаўленьне да вынікаў выбараў у Беларусі і прыгаданых Туркмэністане ці Азэрбайджане? У гэтых краінах электаральныя працэдуры лепшыя, больш дэмакратычныя, чым у Беларусі? Ці прычына ў іншым?
— У Азэрбайджане працэдура лепшая. Я там была назіральніцай на выбарах у 2005 годзе. Нават тады не выглядала, што ў Беларусі электаральныя працэдуры лепшыя. Але ў Беларусі пасьля 2020 году закрылі ўсе незалежныя сродкі масавай інфармацыі, ліквідавалі апазыцыйныя партыі і ладную частку няўрадавых арганізацый, шмат палітычных актывістаў былі вымушаныя пакінуць Беларусь. На выбарах прэзыдэнта Азэрбайджану ў лютым летась былі назіральнікі БДІПЧ АБСЭ. На беларускіх выбарах іх не было ні ў 2020-м, ні сёлета. У Азэрбайджане заходнія інстытуцыі ня бачаць, каб грамадзтва згуртавалася вакол нейкага альтэрнатыўнага кандыдата. У Беларусі ў 2020 годзе гэта было. Усе разумеюць, што дэ-факта Лукашэнка кіруе краінай і будзе працягваць кіраваць. Як і ў Туркмэністане ўладу захоўваюць Бердымухамедавы. Але з Туркмэністанам Захад вядзе дыялёг, а з Лукашэнкам — не. І я ня думаю, што дыялёг зь ім пачнецца пасьля вось такіх выбараў.
— Лукашэнка зь лета мінулага году памілаваў каля 300 палітвязьняў: было 10 хваляў гэтых памілаваньняў. Чаму Эўразьвяз, ЗША, Вялікая Брытанія адно віталі гэтыя крокі твітамі ў акаўнтах сваіх МЗС, а не рабілі нейкія крокі ў адказ?
— Крокі насустрач ня робяцца з тае прычыны, што з боку Захаду няма даверу да Лукашэнкі. Асаблівага даверу не было і раней, але быў пэрыяд пасьля расейскай анэксіі Крыму ў 2014 годзе, калі Захад размаўляў з Лукашэнкам, калі былі спадзевы, што выбары 2020 году будуць больш справядлівымі і дэмакратычнымі і пасьля іх ня будзе жорсткіх рэпрэсіяў. Каб Захад паверыў Лукашэнку, ён павінен вызваліць з турмаў знакавых асобаў беларускай палітыкі,— скажам, Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага, Марыю Калесьнікаву. Мяркую, што калі б ён вызваліў, напрыклад, супрацоўнікаў Радыё Свабода — на гэта таксама зьвярнулі б увагу.
Яшчэ адзін чыньнік, які адбівае ахвоту весьці дыялёг, — гэта ўдзел Беларусі ў вайне з Украінай. Гэта не прамы ўдзел сваім войскам, але гэта істотная падтрымка Расеі, асабліва ў сфэры ВПК. Калі б Лукашэнка спыніў падтрымку Пуціна, калі б адмовіўся ад ускоснага ўдзелу ў гэтай вайне — на гэта Захад адрэагаваў бы. Але няма ні вызваленьня знакавых палітвязьняў, ні адмовы ад удзелу ў вайне.
Рэпрэсіі працягваюцца, цяпер яны распаўсюджваюцца і на дыяспару. Прымаюцца новыя законы, якія робяць больш жорсткім рэпрэсіўны ціск. І на Захадзе гэта бачаць.
— Чакалася, што лідэры краінаў ЭЗ прымуць супольную заяву з ацэнкай выбараў у Беларусі. Але яе адмовіўся падпісаць лідэр Вугоршчыны Віктар Орбан. Таму абмежаваліся заявай ад імя Эўразьвязу, зь якой выступіла вярхоўная прадстаўніца ЭЗ у замежнай палітыцы Кая Калас. Якое значэньне мае гэты байкот супольнага рашэньня з боку Орбана?
— Я думаю, што гэта ня вельмі важна. Раней знаходзілі нейкія дыпляматычныя крокі, каб пераканаць Орбана падтрымліваць супольныя рашэньні. У дадзеным выпадку гэта не атрымалася. Іншыя краіны ЭЗ, за выключэньнем хіба яшчэ Славаччыны, маюць жорсткую пазыцыю наконт таго, што выбары ў Беларусі праходзілі ў атмасфэры страху і рэпрэсіяў і што Беларусь — суагрэсар.
Зьявілася супольная заява з асуджэньнем выбараў у Беларусі, якую падпісалі Аўстралія, Вялікая Брытанія, Канада, Новая Зэляндыя і таксама Эўразьвяз. Так што рэакцыя ўсяго Эўразьвязу ўсё ж была — яна выказаная ў гэтай супольнай заяве. Я б зьвярнула ўвагу на тое, што пакуль няма рэакцыі на выбары ў Беларусі з боку новай адміністрацыі ЗША. Дзяржсакратар папярэдняй адміністрацыі Энтані Блінкен выказаў рэзка крытычную ацэнку напярэдадні выбараў у Беларусі 17 студзеня. Але праз тры дні ў ЗША да ўлады прыйшоў новы прэзыдэнт.
— Пасьля выбараў у Беларусі ў 2020 годзе тагачасны дзяржсакратар Майк Пампэо выказаў ацэнку Злучаных Штатаў 10 жніўня — на наступны дзень пасьля выбараў. Сёлета рэакцыі няма дагэтуль. Чаму, на ваш погляд?
— Ёсьць розныя вэрсіі гэтага. У дзень выбараў у Беларусі была вызваленая жанчына, якая мае падвойнае грамадзянства — беларускае і амэрыканскае. Дзяржсакратар Марка Рубіё станоўча адзначыў гэты крок. Ня выключана, што зараз паміж Менскам і Вашынгтонам адбываецца палітычны торг па нейкіх іншых сюжэтах. Да таго ж зараз адміністрацыя Дональда Трампа вельмі занятая ўнутранымі праблемамі, а таксама падрыхтоўкай да мірных перамоваў па Ўкраіне. Заяву адносна выбараў у Беларусі мы, магчыма, пабачым пазьней. Ці не пабачым наагул.
Але рэакцыя Эўразьвязу выказаная, і яна недвухсэнсоўная. У рэшце рэшт, эканамічныя сувязі Беларусі з ЭЗ былі і застаюцца шырэйшыя, чым з ЗША.
— Вялікая Брытанія і Канада асудзілі выбары ў Беларусі і абвясьцілі пра санкцыі, прымеркаваныя да гэтай сваёй рэакцыі. Эўразьвяз такога не зрабіў. Чаму?
— Апошнім часам Эўразьвяз прымае рашэньні па санкцыях адносна Беларусі ў зьвязцы з санкцыямі адносна Расеі, у сувязі з расейскай агрэсіяй. І чарговы пакет санкцыяў адносна абедзьвюх краінаў падрыхтаваны і будзе ўведзены ў дзеяньне да трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны — да 24 лютага. Мяркую, што гэтыя санкцыі будуць больш балючыя, чым тыя, якія маглі б быць уведзеныя ў сувязі з выбарамі.
— Праект гэтых новых санкцыяў апублікаваны на нашым сайце. У чым іх асаблівасьці?
— У цэлым яны ў рэчышчы папярэдніх пакетаў, уведзеных за саўдзел у вайне. Мэта падрыхтаванага пакета — закрыць шчыліны, якія дазваляюць абыходзіць санкцыі. І бізнэс праяўляе ў гэтым спрыт, і дзяржавы — і беларуская, і расейская — шмат у гэтым кірунку робяць, карыстаючыся ў тым ліку і досьведам Ірану. Пад новыя санкцыі трапіць экспарт у Беларусь з ЭЗ больш шырокага сьпісу тавараў падвойнага прызначэньня, якія могуць выкарыстоўвацца і выкарыстоўваюцца для ўмацаваньня вайсковага патэнцыялу РФ.
Апошнім часам зьявілася шмат публікацыяў пра тое, як вайсковая прамысловасьць Беларусі працуе на ваенную машыну РФ. «Інтэграл», напрыклад, летась павялічыў экспарт сваёй прадукцыі ў РФ у 11 (!) разоў. Эканамічныя санкцыі робяць мацнейшае ўзьдзеяньне, чым пэрсанальныя візавыя ці фінансавыя.
— Наступнае пытаньне — пра асаблівасьці гандлю Беларусі з ЭЗ. Міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў у інтэрвію расейскаму выданьню «Известия» паведаміў, што летась гандаль Беларусі з Эўразьвязам склаў 8 мільярдаў даляраў. У 2021 годзе ён складаў 16 мільярдаў даляраў, летась — удвая менш. Але пры гэтым у 2021–2023 гадах экспарт Беларусі ў ЭЗ абрынуўся ажно ў 4 разы. А імпарт у Беларусь з краінаў Зьвязу — нават павялічыўся. Чаму?
— Санкцыі накіраваныя найперш на абмежаваньне экспарту Беларусі ў ЭЗ, на тое, каб зьменшыць прыбыткі беларускай дзяржавы. А не прыбыткі дзяржаваў і бізнэсу краінаў ЭЗ. Ёсьць абмежаваньні і для экспарту з ЭЗ у Беларусь, але яны тычацца вайсковых матэрыялаў і тавараў падвойнага прызначэньня. Але ёсьць і іншыя тавары, і іх Эўропа пастаўляе ў Беларусь. Што тычыцца санкцыяў, то яны маюць запаволены, кумулятыўны эфэкт. Іх наступствы назапашваюцца, паглыбляюцца і аказваюць уплыў праз пэўны час пасьля ўвядзеньня.
— Летась у колах беларускіх дэмакратычных сілаў сфармавалася пэўная плынь, якая выступае за перагляд ранейшай палітыкі, у тым ліку палітыкі заходняй. Прадстаўнікі гэтай плыні выказваюцца прынамсі за вяртаньне заходніх амбасадараў у Менск у абмен на зьмяншэньне рэпрэсіяў і вызваленьне палітвязьняў. Яны кажуць, што санкцыі не зьмяншаюць рэпрэсій, што рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца. Эўразьвяз не зьвяртае ўвагі на галасы гэтай плыні?
— Эўразьвяз размаўляе з усімі плынямі дэмакратычных сілаў — і з той, пра якую вы прыгадалі, і з Паўлам Латушкам, і са Сьвятланай Ціханоўскай. Але найбольш прыслухоўваюцца да Ціханоўскай, таму што яе Эўразьвяз, як і іншыя заходнія краіны, разглядае як сапраўдную прадстаўніцу беларускага народу. І калі б Ціханоўская пачала казаць, што трэба распачаць дыялёг з Лукашэнкам, трэба вяртаць амбасадараў у Менск, я думаю, што гэта паўплывала б нейкім чынам на палітыку ЭЗ. Прынамсі, паўплывала б больш, чым калі гэта гучыць з вуснаў іншых беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў.
Але справа яшчэ і ў тым, што на Захадзе не разглядаюць Лукашэнку як самастойнага суб’екта міжнароднай палітыкі. Яго разглядаюць як сатэліта Пуціна. Лічыцца, што ўся замежная палітыка Лукашэнкі цалкам падпарадкоўваецца расейскай палітыцы.
Летась Захад здолеў вызваліць некалькі палітвязьняў і заходніх грамадзянаў з расейскіх турмаў, абмяняўшы іх на вязьняў з заходніх турмаў, у вызваленьні якіх быў зацікаўлены Крэмль. Беларусаў, якія б сядзелі ў турмах заходніх краінаў і вызваленьня якіх дамагаўся б Лукашэнка, няма. Так што падобная схема немагчымая.
Да таго ж варта прыгадаць, што яшчэ ў кастрычніку 2020 году Эўразьвяз прыняў рашэньне, што дыялёг з Лукашэнкам можа распачацца толькі тады, калі ў Беларусі будуць вызваленыя ўсе палітвязьні, калі там пройдуць сумленныя выбары і калі пачнецца ўнутрыбеларускі дыялёг улады і грамадзтва. Гэта прававое рашэньне. Пакуль гэтыя тры ўмовы ня выкананыя, дыялёг з Лукашэнкам не адбываецца.
Канфідэнцыйныя кантакты падтрымліваюцца. Варшава заяўляе, што размаўляе зь Менскам наконт вызваленьня Анджэя Пачобута. Ёсьць кантакты з краінамі Балтыі. Ёсьць, дарэчы, і з Вугоршчынай. Але пакуль гэтыя канфідэнцыйныя кантакты да істотных вынікаў не прыводзяць.
Што да амбасадараў, то тут ёсьць відавочная дылема. З аднаго боку, вяртаньне амбасадараў — гэта ўсё ж у пэўнай ступені прызнаньне легітымнасьці Лукашэнкі. Зь іншага боку, ёсьць меркаваньне, што шэраг пытаньняў можна было б вырашаць больш эфэктыўна, калі б у Менску ў заходніх краінаў былі паўнамоцныя амбасадары, а не часовыя павераныя. Наконт гэтага ідуць дыскусіі, але насамрэч гэтае пытаньне ня самае галоўнае.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць гадоў. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
- 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле апошніх зьвестак, апублікаваных ЦВК, яўка на выбарах склала ня меней за 81,50%.
- У ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарцаў. Вынікі падліку галасоў за іншых кандыдатаў наступныя: Сяргей Сыранкоў — 3,21%, Алег Гайдукевіч —2,2%, Ганна Канапацкая — 1,86, Аляксандар Хіжняк — 1,74%. Супраць усіх прагаласавалі 3,6% удзельнікаў галасаваньня.
- ЦВК заявіла, што апрацавала 100% бюлетэняў. Канчатковыя вынікі абяцаюць падвесьці 3 лютага.
Форум