Камэнтуючы выбары ў Беларусі, МЗС Малдовы заявіла, што краіна «як кандыдат у ЭЗ падтрымлівае пазыцыю Эўразьвязу ў пытаньнях правоў чалавека, палітычнага ўдзелу і доступу грамадзян да незалежных СМІ, грамадзянскай апазыцыі, а таксама легітымнасьці выбарчых працэсаў у краінах, дзе праходзяць выбары».
Таксама ў ведамстве падкрэсьлілі, што рашэньне беларускіх уладаў не запрашаць дзяржавы-ўдзельніцы АБСЭ назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі ў краіне «перашкаджае бесстароньняй і незалежнай ацэнцы выбарчага працэсу».
У заяве таксама падкрэсьліваецца, што кампэтэнтныя выбарчыя органы Малдовы таксама не былі запрошаныя накіраваць назіральнікаў на выбары 2025 году ў Беларусі.
«Што да пытаньняў выкананьня правоў чалавека ў Беларусі на плятформе АБСЭ, адзначым, што Малдова далучылася да заяваў аб неабходнасьці захаваньня правоў чалавека ў Беларусі, ініцыяваных групамі дзяржаваў ці Эўразьвязам. Наша краіна таксама далучылася да заявы аб запуску Венскага мэханізму ў дачыненьні да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве МЗС.
У Эўразьвязе раней заявілі, што ня лічаць выбары ў Беларусі свабоднымі і справядлівымі. «Сёньняшнія фіктыўныя выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Народ Беларусі заслугоўвае рэальнага голасу ў тым, хто будзе кіраваць краінай», — заявіла Вярхоўная прадстаўніца ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Кая Калас.
Яшчэ 22 студзеня ў Эўрапарлямэнце ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікаюць не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».
26 студзеня краіны Эўразьвязу, Аўстралія, Вялікая Брытанія, Канада і Новая Зэляндыя і выступілі з супольнай заявай пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, у якой гаворыцца: «Мы адзіныя ў нашым асуджэньні фальшывых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 26 студзеня і працяглых парушэньняў правоў чалавека, якія зьдзяйсьняюцца беларускім рэжымам».
- 27 студзеня ЦВК абвясьціў Аляксандра Лукашэнку пераможцам у прэзыдэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня. Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня сьцьвярджаецца, што ён нібыта атрымаў 86,82% галасоў.
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку, які ва ўладзе больш за 30 гадоў і балятаваўся на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
- Пра непрызнаньне выбараў 2025 году ў Беларусі раней заявілі шэраг краінаў, сярод іх суседзі Беларусі — Літва, Польшча, Украіна і Латвія. У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікаюць не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».
- Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
Форум