Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ, Аўстралія, Вялікая Брытанія, Канада і Новая Зэляндыя ў супольнай заяве асудзілі выбары ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Сябры выбарчай камісіі падлічваюць галасы на прэзыдэнцкіх выбарах у Менску 26 студзеня 2025 году
Ілюстрацыйнае фота. Сябры выбарчай камісіі падлічваюць галасы на прэзыдэнцкіх выбарах у Менску 26 студзеня 2025 году

Краіны Эўразьвязу, Аўстралія, Вялікая Брытанія, Канада і Новая Зэляндыя і выступілі з супольнай заявай пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 26 студзеня 2025 году. Выбары ў Беларусі пры Лукашэнку, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Заява апублікавая 27 студзеня на сайце ўраду Вялікай Брытаніі.

«Мы адзіныя ў нашым асуджэньні фальшывых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 26 студзеня і працяглых парушэньняў правоў чалавека, якія зьдзяйсьняюцца беларускім рэжымам. Нядаўна абвешчаныя санкцыі ўяўляюць сабой скаардынаваную шматбаковую спробу прымусіць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці», — гаворыцца ў заяве.

27 студзеня пра ўвядзеньне новых санкцыяў адносна Беларусі ўжо заявілі Вялікая Брытанія і Канада.

«Ніякія выбары ня могуць лічыцца свабоднымі, справядлівымі або адпаведнымі міжнародным стандартам, калі яны праводзяцца ў атмасфэры працяглых рэпрэсіяў, якія характарызуюцца ўціскам грамадзянскай супольнасьці, адвольнымі затрыманьнямі і абмежаваньнямі сапраўднага палітычнага ўдзелу (у іх — рэд.)», — гаворыцца ў супольнай заяве.

У ёй адзначаецца, што рашэньне рэжыму Лукашэнкі запрасіць БДІПЧ АБСЭ для назіраньня толькі за 10 дзён да выбараў перашкодзіла доступу БДІПЧ да ключавых этапаў выбарчага працэсу.

«Гэтыя дзеяньні супярэчаць міжнародным абавязацельствам Беларусі і дэманструюць відавочнае жаданьне пазьбегнуць празрыстасьці выбарчага працэсу», — падкрэсьліваюць падпісанты заявы.

У заяве асуджаюць «жахлівыя парушэньні правоў чалавека», якія працягваюцца ў Беларусі, заклікаюць рэжым у Беларусі вызваліць усіх палітвязьняў, а таксама «прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека і абавязацельстваў АБСЭ ва ўсіх адносінах, уключаючы аднаўленьне адкрытай грамадзянскай супольнасьці, каб стварыць умовы для правядзеньня новых выбараў, якія адпавядаюць міжнародным стандартам».

«Мы падтрымліваем беларускі народ і прызнаем яго права вызначаць уласную будучыню па-сапраўднаму свабодна і справядліва, бяз страху, прыгнёту і зьнешняга ўмяшаньня», — гаворыцца ў супольнай заяве.

У ёй краіны Эўразьвязу, Аўстралія, Вялікая Брытанія, Канада і Новая Зэляндыя абяцаюць працягваць падтрымліваць імкненьні беларускага народу да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.

  • 27 студзеня ЦВК абвясьціў Аляксандра Лукашэнку пераможцам у прэзыдэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня. Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня сьцьвярджаецца, што ён нібыта атрымаў 86,82% галасоў.
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку, які ва ўладзе больш за 30 гадоў і балятаваўся на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
  • Пра непрызнаньне выбараў 2025 году ў Беларусі раней заявілі шэраг краінаў, сярод іх суседзі Беларусі — Літва, Польшча, Украіна і Латвія. У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікаюць не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».
  • Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG