Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапарлямэнце прайшлі дэбаты вакол праекту рэзалюцыі аб «фальшывых выбарах» у Беларусі


Эўрапарлямэнт, архіўнае фота
Эўрапарлямэнт, архіўнае фота

21 студзеня ў Эўрапейскім парлямэнце прайшлі дэбаты аб праекце рэзалюцыі «Неабходнасьць дзеяньняў у барацьбе з працягам прыгнёту і фальшывых выбараў у Беларусі». Галасаваньне за праект рэзалюцыі чакаецца 22 студзеня.

Першым на дэбатах выступіў міністар у справах Эўразьвязу польскага ўраду Адам Шлапка. Ён выказаў падтрымку беларускаму народу ў яго барацьбе за дэмакратыю, падкрэсьліў, што мінулыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не былі «ні свабоднымі, ні справядлівымі» і нагадаў пра маштабныя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі апошніх гадоў.

Адам Шлапка паўтарыў ранейшыя патрабаваньні аб неадкланым і безумоўным вызваленьні ўсіх беларускіх палітвязьняў і падкрэсьліў, што некаторыя зь іх знаходзяцца ў асаблівай рызыцы і патрабуюць неадкладнай мэдычнай дапамогі ў сувязі са станам здароўя.

Ён заявіў, што «беларускі сувэрэнітэт і ідэнтычнасьць усё больш апынаюцца пад пагрозай» пасьля таго, як Беларусь падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і адзначыў ролю Беларусі ў прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Таксама чыноўнік згадаў міграцыйны крызіс на межах ЭЗ зь Беларусьсю, справакаваны рэжымам Лукашэнкі, які працягваецца з 2021 году.

«Эўразьвяз гатовы прымаць новыя абмежавальныя і мэтанакіраваныя меры так доўга, пакуль беларускія ўлады будуць працягваць гэтыя дзеяньні», — падкрэсьліў Адам Шлапка, перад гэтым нагадаўшы прысутным пра ўжо ўведзеныя супраць рэжыму ў Беларусі санкцыі.

Ён адзначыў, што гэта паседжаньне дае магчымасьць «даслаць выразнае паведамленьне салідарнасьці беларускаму народу» і падкрэсьліў, што Эўразьвяз «застаецца адзіным у сваёй рашучасьці падтрымліваць беларускі народ і яго барацьбу за свабоду».

Пасьля яго выступіў эўракамісар у пытаньнях абароны, былы прэм’ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс. Ён назваў сытуацыю ў Беларусі «блізкай яго сэрцу» і падкрэсьліў, што працяг рэпрэсіяў і парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, а таксама адсутнасьць якіх-кольвек апазыцыйных кандыдадатў на выбарах у Беларусі відавочна не забяспечваюць правядзеньне свабодных і дэмакратычных выбараў у Беларусі, якія ён назваў «так званымі выбарамі».

Кубілюс назваў рашэньне рэжыму Лукашэнкі не запрашаць назіральнікаў з АБСЭ на выбары яшчэ адным доказам непразрыстасьці гэтых выбараў.

«Сытуацыя ў беларусі выклікае трывогу», — заявіў ён і нагадаў пра больш чым 1200 палітвязьняў за кратамі ў Беларусі, назваўшы імёны некаторых зь іх. Таксама ён нагадаў пра маштабныя рэпрэсіі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, зьнішчэньне незалежных СМІ і ціск на грамадзянскую супольнасьць, масавую эміграцыю беларусаў з краіны з прычыны палітычнага перасьледу.

Таксама Андрус Кубілюс падкрэсьліў, што ЭЗ будзе надалей падтрымліваць дэмакратычную супольнасьць Беларусі і працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі, а таксама дамагацца прыцягненьня да адказнасьці ўдзельнікаў рэпрэсій супраць беларускага народа.

Ад імя дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў дачыненьнях зь Беларусьсю выступіла яе кіраўніца, дэпутатка ад Польшчы Малгажата Гасеўская.

«Антывыбары», арганізаваныя рэжымам Лукашэнкі, — цынічны фарс, мэта якога — умацаваць яго ўладу. Эўропа ня можа быць пасіўнай. Мы павінны дзейнічаць рашуча і паслаць выразны сыгнал: мы не пацерпім рэжым, які топча правы чалавека і асноўныя дэмакратычныя каштоўнасьці«, — заявіла яна.

Паводле Малгажаты Гасеўскай, Эўразьвязу варта размаўляць з рэжымам Лукашэнкі «на мове ультыматумаў». «Больш ніякіх паўмераў, ніякіх кампрамісаў», — падкрэсьліла яна.

Яна заклікала накіраваць санкцыі ЭЗ на ключавыя сэктары эканомікі, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі: экспарт угнаеньняў, нафтапрадуктаў і іншых рэсурсаў. Таксама санкцыі, паводле Гасеўскай, павінны ахопліваць эўрапейскія кампаніі, якія працуюць у Беларусі.

«У той жа час мы павінны павесіць дамоклаў меч Міжнароднага крымінальнага суда над Лукашэнкам і ягоным атачэньнем. Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта ня проста парушэньне правоў чалавека — гэта злачынства супраць чалавечнасьці», — заявіла сьпікерка.

Малгажата Гасеўская заклікала «прызнаць і падтрымаць дэмакратычныя сілы, якія зьяўляюцца сапраўднымі прадстаўнікамі беларускага народа», а таксама «дакладна аддзяляць рэжым ад нацыі», бо «Лукашэнка — не Беларусь, і яго рэжым не прадстаўляе яе грамадзян».

«Калі мы праігнаруем пакуты беларусаў, мы здрадзім каштоўнасьцям, на якіх пабудаваны цывілізаваны сьвет», — заявіла яна. Свой выступ Малгажата Гасеўская завяршыла словамі «Жыве Беларусь».

Падчас дэбатаў таксама выступілі шэраг дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту з розных краін.

Галасаваньне за праект рэзалюцыі заплянаванае на 22 студзеня.

Што ў праекце рэзалюцыі

Праект рэзалюцыі, які трапіў у распараджэньне Радыё Свабода, рашуча асуджае заплянаваныя на 26 студзеня прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, называючы іх «фальшывымі» за рэпрэсіўную атмасфэру і брак дэмакратычных стандартаў. Як зазначаецца ў дакумэнце, выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць пад знакам запалохваньня выбарнікаў, задушэньня незалежных СМІ і недапушчэньня дэмакратычных кандыдатаў.

У праекце рэзалюцыі Эўрапарлямэнту зноў гаворыцца пра непрызнаньне прэзыдэнцтва Лукашэнкі і гучыць заклік да правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў.

Рэзалюцыя таксама асуджае сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, задушэньне грамадзянскай супольнасьці і саўдзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны, адначасова пацьвярджаючы падтрымку беларускага народу ў яго імкненьні да дэмакратыі і правоў чалавека.

У праекце рэзалюцыі адзначаецца, што ў Беларусі ўтрымліваюць пад вартай больш за 1250 палітвязьняў, многія зь якіх сутыкаюцца з катаваньнямі, пагрозай для жыцьця, адмовай у мэдыцынскай дапамозе.

У рэзалюцыі падкрэсьліваецца, што ў Беларусі працягваецца перасьлед грамадзкіх арганізацый, журналістаў, юрыстаў, рэлігійных лідэраў і палітычных актывістаў.

На мінулым тыдні беларуская дзяржаўная тэлекампанія АНТ выпусьціла сэрыю прапагандысцкіх фільмаў «Свабода слова» са зьняволенымі журналістамі Радыё Свабода.

Праект рэзалюцыі Эўрапарлямэнту заклікае краіны – сябры ЭЗ расьсьледаваць парушэньні правоў чалавека ў Беларусі з выкарыстаньнем унівэрсальнай юрысдыкцыі, прававога прынцыпу, які дазваляе дзяржавам або міжнародным арганізацыям патрабаваць крымінальнай юрысдыкцыі ў дачыненьні да абвінавачанага незалежна ад таго, дзе было зьдзейсьнена злачынства; падтрымаць перадачу Літвой Беларусі ў Міжнародны крымінальны суд пазову за злачынствы супраць чалавечнасьці; а таксама дакумэнтаваць і перасьледваць міжнародныя злачынствы, учыненыя рэжымам Лукашэнкі.

У праекце рэзалюцыі адзначаецца стойкасьць беларускіх дэмакратычных сіл і арганізацый грамадзянскай супольнасьці. Ён заклікае працягваць падтрымку з боку ЭЗ, уключаючы візы, стыпэндыі і гранты для беларусаў у выгнаньні; спрашчэньне візавых працэдур для асоб, якія ратуюцца ад перасьледу; рэабілітацыйныя праграмы для палітвязьняў і іх сем’яў.

Праект рэзалюцыі пацьвярджае падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў на чале зь іх лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай і заклікае да захаваньня іх адзінства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG