Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урадавы крызіс на фоне пратэстаў у Сэрбіі: кіроўная партыя не выключае новых выбараў


Пратэстоўцы мітынгуюць перад штабам кіроўнай партыі SNS 28 студзеня
Пратэстоўцы мітынгуюць перад штабам кіроўнай партыі SNS 28 студзеня

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч заявіў, што ўладная партыя вызначыць на працягу наступных 10 дзён, ці сфармуе новы ўрад, ці прызначыць датэрміновыя парлямэнцкія выбары пасьля адстаўкі прэм’ер-міністра на фоне масавых пратэстаў.

«У наступныя 10 дзён мы прымем рашэньне, ці пойдзем на выбары, ці сфармуем новы ўрад. Мы як Сэрбская прагрэсіўная партыя (SNS) пакуль ня маем кандыдата [на прэм’ер-міністра]», — сказаў прэзыдэнт Аляксандар Вучыч 28 студзеня.

Прэзыдэнт выступіў на прэс-канфэрэнцыі пасьля таго, як адстаўка прэм’ер-міністра Мілаша Вучавіча справакавала новую крызісную сытуацыю ў сэрбскім урадзе.

Сэрбія зьяўляецца парлямэцкай рэспублікай, дзе выканаўчая ўлада належыць прэм'ер-міністру.

Вучавіч стаў найвышэйшым службоўцам, які пайшоў у адстаўку на фоне масавых пратэстаў у сталіцы Сэрбіі Бялградзе і іншых гарадах пасьля абвальваньня бэтоннага даху на чыгуначнай станцыі ў горадзе Нові Сад 1 лістапада, што прывяло да гібелі 15 чалавек.

Студэнты Бялградзкага ўнівэрсытэту 27 студзеня ўдзельнічалі ў 24-гадзіннай блякадзе буйной транспартнай разьвязкі падчас пратэсту ў сталіцы Сэрбіі.

Студэнцкія пратэсты, якія працягваюцца тры месяцы, патрабуюць прыцягненьня вінаватых да адказнасьці, пры гэтым многія заяўляюць, што трагедыя адбылася праз карупцыю і некампэтэнтнасьць.

Выступаючы на тэрмінова скліканай прэс-канфэрэнцыі ў Бялградзе 28 студзеня, Вучавіч заявіў, што ён і мэр Новага Саду Мілан Джурыч пакідаюць свае пасады, каб прадэманстраваць адказнасьць за тое, што адбылося.

«З адстаўкай прэм’ер-міністра сыходзіць увесь кабінэт, таму фактычна ўвесь урад ідзе ў адстаўку», — сказаў ён, дадаўшы, што Вучыч прыняў яго рашэньне.

Вучыч адзначыў, што прыняў адстаўку Вучавіча неахвотна, бо прэм’ер-міністар добра выконваў сваю працу і «не зрабіў нічога дрэннага».

Вучыч застаецца ўплывовай фігурай у краіне з насельніцтвам каля 6,8 мільёна чалавек, імкнучыся падтрымліваць традыцыйна цесныя сувязі з Расеяй, адначасова прасоўваючы Сэрбію як кандыдатку на ўступленьне ў Эўрапейскі зьвяз.

SNS дамінуе ў палітыцы Сэрбіі больш за дзесяць гадоў, усталяваўшы кантроль амаль на ўсіх узроўнях улады.

Згодна з Канстытуцыяй Сэрбіі, калі парлямэнт ня зможа выбраць новы ўрад на працягу 30 дзён пасьля адстаўкі прэм’ер-міністра, прэзыдэнт абавязаны распусьціць Нацыянальную асамблею і прызначыць выбары.

Вучыч заявіў, што правядзе кансультацыі з усімі парлямэнцкімі партыямі наконт далейшых дзеяньняў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG