Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сэрбіі да пратэстаў далучыліся фэрмэры. Прэм’ер-міністар краіны і мэр Нові-Саду падалі ў адстаўку. ФОТА

абноўлена

Акцыя пратэсту студэнтаў у Бялградзе, 27 студзеня 2025
Акцыя пратэсту студэнтаў у Бялградзе, 27 студзеня 2025

Пратэсты ў Бялградзе і іншых гарадах Сэрбіі працягваюцца больш за месяц. Яны пачаліся пасьля трагедыі ў горадзе Нові-Сад на поўначы краіны, калі ў выніку падзеньня навесу на чыгуначным вакзале загінулі 15 чалавек.

Як паведаміла Балканская служба Радыё Свабода, 27 студзеня студэнты пачалі 24-гадзінную блякаду ключавой у сэрбскай сталіцы дарогі. Да іх далучыліся тысячы жыхароў Бялграду і фэрмэры, якія прыгналі свае трактары ў сталіцу, каб пры іх дапамозе абараняць удзельнікаў пратэсту.

28 студзеня ў Бялградзе адказнасьць у трагедыі на сябе ўзялі прэм'ер-міністар краіны Мілаш Вучэвіч і мэр Нові-Саду Мілан Джурыч. Яны падалі ў адстаўку са сваіх пасадаў пасьля нападу невядомых асобаў на студэнтаў.

«У гэты момант увесь урад з „тэхнічным мандатам“. З адстаўкай прэм’ер-міністра сыходзіць увесь кабінэт міністраў, практычна ўвесь урад сыходзіць у адстаўку. Мы будзем выконваць сваю працу адказна, пакуль ня будзе абраны новы ўрад або пакуль ня будзе прынятае іншае палітычнае рашэньне», — дадаў Вучэвіч.

Студэнты пратэстуюць супраць палітыкі прэзыдэнта Сэрбіі Аляксандра Вучыча і яго кіроўнай Сэрбскай прагрэсіўнай партыі.

Да студэнтаў далучыліся фэрмэры. Яны паставілі сваю тэхніку, каб абараніць пратэстоўцаў
Да студэнтаў далучыліся фэрмэры. Яны паставілі сваю тэхніку, каб абараніць пратэстоўцаў

Спачатку удзельнікі пратэстаў патрабавалі празрыстага расьсьледаваньня трагедыі і прасілі прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Але потым студэнты, апазыцыя і грамадзкія арганізацыі абвінавацілі генэральнага пракурора краіны ў зацягваньні расьсьледаваньня.

Пратэсты, якія пашыраюцца, могуць стаць доўгатэрміновай пагрозай для ўраду Вучыча, які спрабаваў падтрымліваць цесныя сувязі з традыцыйным для Сэрбіі хаўрусьнікам Расеяй, адначасова прасоўваючы надзеі краіны на сяброўства ў Эўрапейскім зьвязе.

Студэнты блякуюць аўтадорогі ў сталіцы Сэрбіі
Студэнты блякуюць аўтадорогі ў сталіцы Сэрбіі

Студэнты несьлі транспаранты з заклікамі да справядлівасьці і зь лёзунгамі накшталт «Патрабаваньні нявыкананыя» і «Мы здадзім і гэты іспыт».

Позна ўвечары 27 студзеня пратэстоўцы сабраліся ў адным з раёнаў Бялграду. Яны паставілі намёты, гулялі ў спартовыя і настольныя гульні.

Акцыя пачалася праз тры дні пасьля таго, як дзясяткі тысяч людзей па ўсёй краіне прынялі ўдзел ва ўсеагульным страйку, многія не хадзілі на працу і не рабілі пакупак цягам дня.

Навес на вакзале ў Нові-Садзе абваліўся пасьля двух рэканструкцый, якія ажыцьцяўляў кансорцыюм чатырох кампаній пад кіраўніцтвам Кітаю. Сэрбская чыгунка настойвала на тым, што гэты не праходзіў рэканструкцыю, але некаторыя экспэрты аспрэчвалі гэта, у той час як многія людзі вінавацяць у трагедыі карупцыю і дрэнны нагляд за будаўніцтвам.

Пратэстоўцы рыхтуюцца да блякады аўтамагістраляў
Пратэстоўцы рыхтуюцца да блякады аўтамагістраляў

Пасьля інцыдэнту рэгулярна адбываюцца акцыі пратэсту, паколькі дэманстранты патрабуюць ад ураду прыняць больш рашучыя захады, акрамя абвінавачаньня, абвешчанага ў мінулым месяцы колішнім міністру транспарту, былому дырэктару Сэрбскай чыгункі і яшчэ 11 іншым асобам.

27 студзеня прэзыдэнт краіны Аляксандар Вучыч на прэсавай канфэрэнцыі з прэм’ерам і сьпікерам парлямэнту заклікаў студэнтаў-дэманстрантаў да дыялёгу, настойваючы на «неабходнасьці зьмяншэньня напружанасьці і пачатку размовы аднаго з адным».

«Любы крызіс — сурʼёзная праблема для нашай эканомікі. Такая сытуацыя ў грамадзтве нікому ня выгадная», — сказаў Вучыч. Ён таксама заявіў, што гатовы да амністыі ўсіх студэнтаў і выкладчыкаў, якія сутыкнуліся з крымінальнай адказнасьцю пасьля іх арыштаў у часе пратэстаў.

Студэнты патрабуюць ад ураду апублікаваць усю дакумэнтацыю, якая тычыцца рэканструкцыі вакзалу ў Нові-Садзе. Улады ў сваю чаргу настойваюць, што ўсе патрабаваньні выканалі, і заклікаюць студэнтаў вярнуцца на навучаньне.

Пратэстоўцы ўсталявалі намёты
Пратэстоўцы ўсталявалі намёты

«Дадатковай дакумэнтацыі, зьвязанай з рэканструкцыяй вакзала, няма», — заявіў прэзыдэнт Сэрбіі 27 студзеня.

Студэнты і выкладчыкі, наадварот, сьцьвярджаюць, што патрабаваньні выкананыя толькі часткова і спыненьне навучальнага працэсу працягнецца да асобага распараджэньня. Яны настойваюць на тым, што дакумэнтацыя аб рэканструкцыі вакзала, апублікаваная на сайтах ураду Сэрбіі і Генэральнай пракуратуры, зьяўляецца няпоўнай.

Раніцай 28 студзеня стала вядома аб нападзе на некалькіх студэнтаў у Нові-Садзе. Адна дзяўчына з сурʼёзнымі раненьнямі шпіталізаваная.

«У яе вывіх сківіцы і пашкоджаньні па ўсім целе. Яшчэ некалькі студэнтаў атрымалі нязначныя траўмы, цяпер лекары ацэньваюць стан студэнтаў, на якіх напалі», — расказалі ўдзельнікі пратэсту.

Студэнты паведамілі, што на іх напалі чацьвёра мужчын з бэйсбольнымі бітамі. Інцыдэнт пачаўся перад будынкам кіроўнай Сэрбскай прагрэсіўнай партыі, каля якога пратэстоўцы спрабавалі разьмясьціць налепку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG