Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін унёс у Дзярждуму на ратыфікацыю дамову, якая дазваляе разьмяшчаць новыя вайсковыя базы Расеі ў Беларусі


Менск, 6 сьнежня 2024 году.
Менск, 6 сьнежня 2024 году.

Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін унёс у Дзяржаўную Думу законапраект аб ратыфікацыі дамовы паміж Расеяй і Беларусьсю аб гарантыях бясьпекі ў рамках «саюзнай дзяржавы».

На сайце расейскага парлямэнту зьявіўся тэкст дакумэнту.

Дамова паміж Беларусьсю і РФ аб гарантыях бясьпекі ў рамках «саюзнай дзяржавы» прадугледжвае разьмяшчэньне расейскіх вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а адмяніць яе можна толькі праз 10 гадоў.

Подпісы пад дакумэнтам на пасяджэньні Вышэйшага дзяржаўнага савету ў Менску 6 сьнежня 2024 году паставілі кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін.

Пасьля падпісаньня дамовы Публічны прадстаўнік арганізацыі колішніх супрацоўнікаў беларускіх сілавых структур BelPol Мацьвей Купрэйчык у Вашынгтоне на слуханьнях Камісіі ЗША па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (Хэльсынская камісія) заявіў, што гэтае пагадненьне дазволіць Маскве разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі новыя вайсковыя базы і кантынгенты войскаў.

З апублікаванага сёньня тэксту вынікае, што дамова прадугледжвае ня толькі так званы «ядзерны парасон» для Беларусі і абарону яе канстытуцыйнага ладу, але і разьмяшчэньне расейскіх вайсковых аб’ектаў і воінскіх фармаваньняў на тэрыторыі Беларусі. Гэта прадугледжвае артыкул 5 дамовы.

«У адпаведнасьці з асобнымі пагадненьнямі паміж Бакамі ў мэтах прадухіленьня і адбіцьця актаў агрэсіі, згаданых у пункце 1 Артыкула 4, у адносінах да Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь могуць стварацца вайсковыя і іншыя аб’екты Расейскай Фэдэрацыі, а таксама разьмяшчацца воінскія фармаваньні Расейскай Фэдэрацыі», — цытуе пяты артыкул дамовы партал reform.news.

Апроч таго, пагадненьне прадугледжвае магчымасьць адпраўляць беларускіх грамадзян на вайну з Украінай «для абароны тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі», перадавала ў сьнежні выданьне «Позірк».

У тэксьце гаворыцца, што дамова падпісваецца на 10 гадоў і далей працягваецца аўтаматычна. Пры гэтым выйсьці зь яе можна, толькі «апавясьціўшы аб такім намеры іншы Бок ня менш чым за шэсьць месяцаў да заканчэньня адпаведнага тэрміну ў пісьмовай форме».

5 лютага старшыня Дзярждумы Вячаслаў Валодзін заявіў, што Дума разгледзіць гэты законапраект у першачарговым парадку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG