«Пуцін робіць усё, каб не спыняць гэтую вайну, і гэта факт — ён будзе ісьці далей у гэтым. І будзе думаць пра іншыя краіны», — заявіў Зяленскі, фрагмэнт прамовы якога публікуе «РБК-Україна».
На думку прэзыдэнта Ўкраіны, Уладзімір Пуцін будзе «далей правакаваць іншыя краіны».
«Вы ўбачыце вясной, летам або восеньню ён будзе разьмяшчаць сілы на тэрыторыі Беларусі. І многія эўрапейцы, а можа і ЗША, будуць гаварыць, што гэта застрашваньне, запалохваньне Польшчы, застрашваньне Літвы і іншых балтыйскіх нашых партнэраў. Але вы пабачыце. Ён будзе рабіць усё, каб уцягнуць іх, ён будзе думаць, як іх правакаваць», — заявіў Зяленскі.
Зяленскі адзначыў, што ня ведае, ці пойдзе Расея на ўварваньне ў іншыя краіны, але «ў любым выпадку ён (Пуцін — РС) такім чынам уцягне Беларусь у вайну». Пры гэтым прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў: на ягоную думку, пасьля таго, як Расея атакавала Ўкраіну ракетамі з тэрыторыі Беларусі, Беларусь «ужо была ў вайне, але іх людзі — не, іх войска — не».
«Пакуль што. Але Пуцін гэтага вельмі жадае. Таму я думаю, што трэба рабіць усё, каб яго спыніць», — падсумаваў ён.
- Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Беларусь, пачынаючы з 2022 году, практычна ў бесьперапынным рэжыме праводзіць вайсковыя вучэньні на сваёй тэрыторыі, у Расеі і ў іншых краінах АДКБ.
- Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль, арыштавала маёмасьць і прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.
- Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, якое падтрымаў рэжым Лукашэнкі, супраць Расеі і Беларусі пачалі ўводзіць міжнародныя санкцыі. У выніку краіны вымушаныя былі актывізаваць узаемную супрацу ў сфэрах, зьвязаных у тым ліку з абароннай прамысловасьцю. Праз пэўны час пасьля пачатку вайны шэраг беларускіх прадпрыемстваў пачалі выконваць расейскія замовы. У выніку пад санкцыі Захаду трапілі такія прадпрыемствы, як Беларускае оптыка-мэханічнае аб’яднаньне, Аршанскі авіярамонтны завод, Менскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ), ААТ «КБ „Радар“», ААТ «558-ы авіяцыйны рамонтны завод», ААТ «Інтэграл», ТАА «Абаронныя ініцыятывы» і іншыя.
- Дамова паміж Беларусьсю і РФ аб гарантыях бясьпекі ў рамках «саюзнай дзяржавы» прадугледжвае разьмяшчэньне расейскіх вайсковых аб’ектаў і воінскіх фармаваньняў на тэрыторыі Беларусі, вынікае тэксту дамовы, апублікаванага 5 лютага.
Форум