Паўночнаатлянтычны альянс заявіў, што накіраваў 200 дадатковых італьянскіх салдат для ўмацаваньня міратворчай місіі KFOR пад кіраўніцтвам NATO, якая знаходзіцца ў краіне з 1999 году і цяпер налічвае каля 4000 вайскоўцаў, у параўнаньні зь пікам у 50 000.
Італьянская мотапяхотная брыгада «Сасары» будзе выконваць шэраг мерапрыемстваў сумесна з войскамі KFOR.
Асобна ЭЗ заявіў, што місія па назіраньні за выбарамі створана для назіраньня за парлямэнцкім галасаваньнем.
Наталі Луазо, сябра Эўрапейскага парлямэнту ад Францыі, якая была прызначана кіраўніком місіі, заявіла, што каманда са 100 назіральнікаў будзе сачыць за выбарамі, падкрэсьліўшы «пастаянную падтрымку ЭЗ Косава ў далейшым умацаваньні яго дэмакратычнага кіраваньня».
Выбары разглядаюцца многімі як праверка трываласьці для прэм’ер-міністра Альбіна Курці і яго кіроўнай партыі, паколькі напружанасьць у адносінах з этнічнай сэрбскай меншасьцю ў часткова прызнанай дзяржаве і ўрадам самой суседняй Сэрбіі застаецца высокай.
Косава абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі ў 2008 годзе, празь дзесяць гадоў пасьля вайны паміж этнічнымі альбанскімі паўстанцамі і сэрбскімі сіламі, якая скончылася пасьля таго, як 78-дзённая паветраная кампанія NATO выцесьніла сэрбскія войскі і ўвяла на тэрыторыю Косава міжнародныя міратворчыя сілы. У выніку канфлікту загінулі больш за 10 000 чалавек — большасьць зь іх этнічныя альбанцы з Косава.
У Косава этнічныя сэрбы складаюць большасьць у некалькіх раёнах, пераважна на поўначы, у той час як этнічныя альбанцы пераважна засяляюць астатнюю частку балканскай краіны. Сэрбія не прызнала незалежнасьці Косава, і некалькі інцыдэнтаў у апошнія гады выклікалі напругу з абодвух бакоў.
Косаўскія ўлады 15 студзеня правялі рэйды ў муніцыпальных установах у 10 раёнах, якія падтрымліваюцца Сэрбіяй, у той час як урад працягваў настойваць на закрыцьці так званых «паралельных» устаноў, якія давалі Бялграду рычагі ўплыву ў яго былой правінцыі. Улады Косава заяўляюць, што праца сэрбскіх устаноў, якія дзейнічаюць з пасьляваеннага пэрыяду ў 1999 годзе, зьяўляецца «незаконнай».
Этнічных сэрбаў у паўночным Косаве падтрымлівалі сэрбскія банкі, пэнсійная сыстэма, яны атрымлівалі дапамогу па беспрацоўі.
Злучаныя Штаты былі адным з асноўных хаўрусьнікаў Косава з моманту абвяшчэньня незалежнасьці, але Вашынгтон выказаў супраціў шматлікім дзеяньням Прышціны супраць сэрбскай меншасьці і заклікаў да ўрэгуляваньня шэрагу пытаньняў шляхам перамоў. ЭЗ сказаў абодвум бакам, што нармалізацыя адносін зьяўляецца патрабаваньнем для сяброўства.
Маючыя адбыцца выбары таксама трапілі ў цэнтар увагі пасьля таго, як Цэнтральная выбарчая камісія Косава 23 сьнежня не зарэгістравала галоўную этнічную сэрбскую партыю «Сэрбскі сьпіс», фактычна не дапусьціўшы яе да парлямэнцкіх выбараў.
ЦВК заявіла, што галоўнай прычынай адмовы ў зацьвярджэньні «Сэрбскага сьпісу» была яго нацыяналістычная пазыцыя і шчыльныя сувязі зь Бялградам.
Адысловы апэляцыйны суд, аднак, 25 сьнежня загадаў ЦВК сэртыфікаваць «Сэрбскі сьпіс» і яго кандыдатаў на выбары, пастанавіўшы, што партыя выканала ўсе абавязальніцтвы адносна падачы дакумэнтаў, а таму мае права на рэгістрацыю.
Форум