Трэцяга красавіка ў Гаазе пачаліся слуханьні ў справе аб ваенных злачынствах у Косаве.
«Я абсалютна невінаваты», — заявіў Тачы ў судзе. Трое іншых абвінавачаных — Якуп Красьнічы, Кадры Веселі і Рэджэп Сэлімі — віну таксама не прызналі.
Тачы, Веселі, Красьнічы і Селімі ўваходзілі ў кіраўніцтва Вызваленчай арміі Косава (ВАК) — ваенізаванага аб’яднаньня косаўскіх альбанцаў, якія ваеннымі мэтадамі дамагаліся незалежнасьці ад Югаславіі ў канцы 1990-х гадоў. Апэрацыі югаслаўскай арміі і сэрбскай паліцыі ў мяцежным Косаве суправаджаліся масавымі парушэньнямі правоў чалавека. Падчас канфлікту загінулі каля 13 тысяч чалавек, пераважна этнічных альбанцаў з Косава. Яшчэ каля мільёна альбанцаў вымушаныя былі пакінуць краіну.
Пракуроры лічаць, што былыя сэпаратысты таксама нясуць адказнасьць за ваенныя злачынствы. На іх як на лідэраў ВАК ускладаецца віна за сотні забойстваў і незаконных затрыманьняў у Косаве і паўночнай Альбаніі ў 1998–1999 гадах.
Па словах пракурора, ВАК праводзіла «выразную і відавочную палітыку перасьледу калябарацыяністаў і меркаваных здраднікаў, уключаючы палітычных апанэнтаў». «Ніхто не стаіць вышэй за закон, нават у ваенны час», — дадаў ён.
5 лістапада 2020 года Гааскі суд зацьвердзіў абвінавачаньне Тачы ў злачынствах супраць чалавечнасьці і ваенных злачынствах. У той жа дзень палітык сышоў з прэзыдэнцкай пасады ў Косаве і быў узяты пад варту.
У нядзелю, 2 красавіка, у Косаве прайшлі масавыя мітынгі ў падтрымку абвінавачаных. Пратэстоўцы лічаць Гааскі суд «несправядлівым» і разглядаюць трыбунал як спробу перапісаць гісторыю барацьбы Косава за незалежнасьць.
Косава, дзе пражываюць у асноўным этнічныя альбанцы, абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі ў 2008 годзе. Яе прызнаюць, паводле розных ацэнак, ад 94 да крыху больш як ста дзяржаваў, у тым ліку ЗША і большая частка дзяржаваў ЭЗ, але не Расея, Беларусь, Індыя і Кітай.
У лютым 2023 году лідэры Сэрбіі і Косава падтрымалі прапанаванае Эўразьвязам пагадненьне «Аб шляху да нармалізацыі адносінаў». Аднак Бялград на ўзроўні афіцыйнай рыторыкі не дапускае магчымасьці прызнаньня незалежнасьці Косава.