Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Іран на тле ўзмацненьня міжнародных санкцый супраць іх падпісалі дамову аб стратэгічным партнэрстве


Уладзімір Пуцін і Масуд Пэзэшкіян на сустрэчы ў Маскве 17 студзеня 2025
Уладзімір Пуцін і Масуд Пэзэшкіян на сустрэчы ў Маскве 17 студзеня 2025

Расея і Іран падпісалі вялікую дамову аб стратэгічным партнэрстве.

Як паведамляецца на афіцыйным сайце Крамля, дакумэнт падпісалі ў рамках візыту ў Маскву прэзыдэнта Ірану Масуда Пэзэшкіяна (ён узначаліў краіну, калі папярэдні кіраўнік дзяржавы Ібрагім Раісі загінуў у выніку крушэньня верталёта, вяртаючыся зь візыту на памежжа з Азэрбайджанам. — РС).

«Мы даўно над ёй (дамовай) працавалі, і мне вельмі прыемна, што гэтая работа завершаная. Гэта важна, таму што гэта дасьць нам магчымасьць надаць дадатковы імпульс практычна па ўсіх кірунках нашага ўзаемадзеяньня. Упэўнены, гэта будзе садзейнічаць і далейшаму разьвіцьцю гандлёва-эканамічных сувязяў», — сказаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на сустрэчы з кіраўніком Ірану.

У сваю чаргу, Масуд Пэзэшкіян адзначыў важнасьць узаемадзеяньня ня толькі ў межах рэгіёну, а і ў цэлым на міжнароднай арэне.

«Падпісаньне нашай вялікай дамовы, якая ахоплівае ўсе сфэры дзейнасьці дзьвюх краін, у тым ліку сфэру культуры, эканомікі, гуманітарных дачыненьняў, дасьць вялікі імпульс разьвіцьцю стасункаў, і гэта стане моцным падмуркам для далейшага руху наперад», — сказаў прэзыдэнт Ірану.

Уладзімір Пуцін і Масуд Пэзэшкіян таксама абмеркавалі будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Іране.

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны і ўвядзеньня шэрагу санкцыяў у дачыненьні да кіраўніцтва Крамля і расейскага ВПК менавіта Іран стаў адным з асноўных хаўрусьнікаў Расеі ў вайне. Пры дапамозе іранскіх дронаў Расея працягвае атакаваць украінскія гарады.

Прэзыдэнт у Іране ўзначальвае ўрад і выконвае хутчэй прадстаўнічыя функцыі. Кіруе краінай Вярхоўны лідэр аятала Алі Хамэнэі.

Іран, як і Расея, падтрымліваў рэжым Асада ў Сырыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG