Горадзенскі аблвыканкам прадоўжыў да 31 сьнежня 2025 году дазвол на вываз зь Беларусі харчу ў Літву і Польшчу.
Як вынікае з апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі адпаведнага рашэньня Горадзенскага аблвыканкаму, вываз прадуктаў без абмежаваньняў дазволены для фізычных грамадзян.
Абмежаваньні былі ўведзеныя пастановай ураду «Аб мерах для абароны ўнутранага рынку» 12 красавіка 2022 году. Яны абмяжоўвалі вываз зь Беларусі за межы ЕАЭС пшанічнай мукі (можна было вывозіць ня больш за 2 кг), крупаў (грэчневых, рысавых, аўсяных, манных, ячных, проса), алею, аўсяных шматкоў, макароны, цукру, солі (ня больш за 1 кг або 1 л), мясных, малочных і рыбных кансэрваў (ня больш за 3 бляшанкі).
Згодна з рашэньнем Аляксандра Лукашэнкі, да канца 2025 году жыхары Літвы, Латвіі і Польшчы могуць наведваць Беларусь бязь візаў. У красавіку 2022 году Лукашэнка заяўляў, што жыхары суседніх краін ЭЗ нібыта «стаяць уздоўж мяжы» і «просяць купіць хаця б грэчкі і солі».
У сярэдзіне 2024 году Літва забараніла ўвозіць на сваю тэрыторыю больш як 2,8 тысячы відаў тавараў беларускай і расейскай вытворчасьці. Пад забарону падпалі 24 групы прадукцыі, у тым ліку жывыя жывёлы, мяса і субпрадукты, рыба, малочныя прадукты, яйкі, натуральны мёд, расьліны, гародніна, садавіна, кава і спэцыі, збожжа, трава, алей, напоі, тытунь і іншае. Абмежаваньні ня тычацца толькі той прадукцыі, што ня мае «альтэрнатыўных крыніц імпарту». Гэта некаторыя віды грыбоў, ягад, расьлінныя матэрыялы для пляценьня, патака, некаторыя кармы для жывёлаў і іншае.
Летам праз гэтыя абмежаваньні на мяжы беларусаў прымушалі выкідаць усе гэтыя прадукты. Пасьля рэзанансу Літва зьмякчыла забарону на правоз прадуктаў зь Беларусі і дазволіла ўвозіць тавары, якія перавозяць празь Літву транзытам, а таксама на прадукты для асабістага карыстаньня падчас паездкі (яны павінны быць ва ўскрытых пакетах). Пад паслабленьне не падпала мясная і малочная прадукцыя.
Першай з краін ЭЗ увоз сельскагаспадарчай і кармавой прадукцыі зь Беларусі і Расеі забараніла Латвія. 8 сакавіка ўрад краіны забараніў увозіць зь Беларусі гародніну, садавіну, ягады і арэхі, збожжавыя, кармавую сыравіну і гатовыя кармы. У пераліку таксама бульба, памідоры, цыбуля, часнок, капуста, морква, агуркі, іншая гародніна. Таксама ў Латвію нельга ўвозіць пшаніцу, жыта, ячмень, авёс, кукурузу, рыс, сорга і грэчку. Агулам сьпіс забароненых тавараў вялікі.
Форум