Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах у Беларусі будуць працаваць 5 тысяч супрацоўнікаў МНС. У 2022-ым іх узброілі і трэнавалі «калегі з МУС і КДБ»


На выбарчых участках Беларусі будуць дзяжурыць 5 тысяч супрацоўнікаў МНС, заявіў журналістам першы намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня аварыйна-выратавальных службаў і рэагаваньня на надзвычайныя сытуацыі Аляксей Навіцкі, піша БЕЛТА.

Паводле яго, органы пажарнага нагляду правялі абсьледаваньне супрацьпажарнага стану больш як 4,5 тысячы аб’ектаў, на якіх будуць месьціцца выбарчыя ўчасткі, а ў падразьдзяленьнях МНС правялі больш як 4 тысячы заняткаў з работнікамі па тактыцы тушэньня пажараў на тыпавых аб’ектах, у якіх будуць выбарчыя ўчасткі.

«Для арганізацыі дзяжурства ў дзень галасаваньня 26 студзеня будзе задзейнічана на выбарчых участках 5 тысяч работнікаў органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях, — паведаміў Навіцкі. — Непасрэдна ў асноўны дзень галасаваньня ўсе работнікі органаў і падразьдзяленьняў будуць несьці службу ва ўзмоцненым варыянце. На баявое дзяжурства заступяць 3700 ратавальнікаў, 1400 адзінак пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі».

Для кантролю ў пэрыяд датэрміновага галасаваньня, з 21 па 25 студзеня ўключна, плянуецца задзейнічаць 1600 работнікаў сыстэмы МНС, дадаў ён.

16 студзеня міністар унутраных спраў Іван Кубракоў правёў «інструктаж сталічнай міліцыі» напярэдадні выбараў. З 20 міліцыя і ўнутраныя войскі Беларусі пераходзяць на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы. У пэрыяд галасаваньня міліцыянтам будуць дапамагаць таксама «добраахвотныя дружыны, вэтэраны АУС і курсанты ведамасных установаў адукацыі».

У лютым 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што МНС «павінна стаць часткай сілавога блёку краіны». «Калі адбудзецца нейкі канфлікт, ня дай Бог вайна, у нас што, у МНС моцныя надзейныя супрацоўнікі будуць убаку? Не. Яны ня толькі пажар будуць тушыць», — сказаў ён.

Пасьля гэтага кіраўнік Міністэрства надзвычайных сытуацый Вадзім Сіняўскі паведаміў, што да 15 чэрвеня 2022 году супрацоўнікі МНС атрымаюць табэльную зброю.

У красавіку 2024 году Сіняўскі заявіў, што МНС выканала плян ва ўзбраеньні асабовага складу, яго аснашчэньні «неабходнымі сіламі і сродкамі», але працягвае трэнаваньні асабовага складу «сумесна з калегамі зь іншых сілавых структур, у першую чаргу зь Міністэрствам унутраных спраў і Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі, у тых задачах, якія яны вырашаюць па прызначэньні, а мы ва ўзаемадзеяньні зь імі».

  • Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый. З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG