Ён расказаў пра гэта на сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у сераду, паведамляе выданьне Politico.
«Магу толькі пацьвердзіць, што Расея плянавала акты паветранага тэрору, ня толькі супраць Польшчы, але і супраць авіялініяў па ўсім сьвеце» — заявіў Туск. Падрабязнасьцяў ён не прывёў.
Нядаўна The New York Times пісала, што амэрыканская выведка папярэджвала Белы дом, што расейскія спэцслужбы плянуюць устанавіць выбуховыя прыстасаваньні на грузавых самалётах, якія ляцяць у ЗША. Белы дом, паводле зьвестак газэты, папярэдзіў Крэмль аб неабходнасьці спыненьня такой апэрацыі.
Раней Маскву неаднаразова абвінавачвалі ў сабатажы транспартнай інфраструктуры Эўропы і ў глушэньні GPS-сыгналаў. Гэтыя дзеяньні некалькі краін зьвязваюць з гібрыднай вайной, якую вядзе Масква, зазначае Politico.
У красавіку мінулага году міністар транспарту Чэхіі Марцін Купка заявіў, што Расея распачала «тысячы спробаў» атакаваць эўрапейскія чыгункі з пачатку поўнамаштабнай вайны Масквы супраць Украіны. Прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў назваў абвінавачаньні беспадстаўнымі.
У канцы мінулага году Расею абвінавацілі ў датычнасьці да крушэньня ў Казахстане самалёта «Азэрбайджанскіх авіялініяў». Лайнэр выконваў рэйс з Баку ў Грозны 25 сьнежня. Загінулі 38 чалавек з 67, якія знаходзіліся на борце. Расьсьледаваньне працягваецца, але асноўнай вэрсіяй авіякатастрофы называюць пашкоджаньне фюзэляжа паражальнымі элемэнтамі зэнітнай ракеты ў небе над Грозным.
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў, што адказнасьць за катастрофу «ляжыць на прадстаўніках Расейскай Фэдэрацыі», запатрабаваўшы ад Расеі прызнаць віну і пакараць вінаватых. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выбачыўся за катастрофу азэрбайджанскага самалёта, але адказнасьці на сябе ня ўзяў.
Форум