Беларусь заняла 70-е месца з 145 краінаў сьвету ў абноўленым рэйтынгу вайсковай моцы Military Strength Ranking на 2025 год. У параўнаньні з рэйтынгам за папярэдні год Беларусь апусьцілася на 6 пазыцыяў.
Беларусь у рэйтынгу разьмясьцілася паміж Шры-Лянкай (69-е месца) і Славакіяй (71-е месца).
На першым месцы ў абноўленым рэйтынгу, як і ў папярэднія гады, знаходзяцца ЗША, на другім — Расея, за ёй — Кітай (ён мае аднолькавы індэкс вайсковай моцы з Расеяй).
Сярод іншых краін – суседак Беларусі Ўкраіна займае 20-е месца ў абноўленым рэйтынгу, Польша — 21-е, Літва — 88-е, Латвія — 99-е, Эстонія — 107-е.
Так нізка ў рэйтынгу Беларусь яшчэ не апускалася. Яна зьявілася ў рэйтынгу вайсковай моцы Military Strength Ranking у 2014 годзе на 51-м месцы, потым выйшла на 45-е месца, у 2019-м — на 39-е. У 2020-м годзе Беларусь апусьцілася на 53-ы радок у рэйтынгу, у 2021 годзе была на 50-м месцы, у 2022 годзе — на 52-м, у рэйтынгу за 2023 год заняла 60-е месца, а за 2024 год — 64-е месца.
Рэйтынг Global Firepower Index сёлета вызначалі паводле больш як 60 крытэраў.
Сьпіс наймацнейшых армій сьвету GFP складае штогод, пачынаючы з 2006-га. Прадстаўленыя ў ім дзяржавы (у цяперашняй рэдакцыі рэйтынгу іх 145) расстаўляюцца, зыходзячы з дадзеных пра колькасьць узброеных сілаў, іх аснашчэньне і падрыхтоўку, патэнцыял абароннай і іншай прамысловасьці, а таксама фінансавыя магчымасьці дзяржавы, запасы карысных выкапняў, плошчу краіны, працягласьць яе межаў, колькасьць дзяржаваў, зь якімі яна мяжуе, і шэраг іншых чыньнікаў. Пры гэтым у залік ідуць толькі канвэнцыйныя ўзбраеньні, без уліку ядзернай зброі.
Форум