Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восем краін далучыліся да апошняга пакету санкцыяў ЭЗ у адносінах да Беларусі


Восем краін далучыліся да санкцыяў, якія Эўразьвяз увёў 16 сьнежня 2024 году ў дачыненьні да 26 фізычных і дзьвюх юрыдычных асобаў зь Беларусі, паведаміла 14 студзеня Рада Эўразьвязу.

Да 15-га пакету санкцыяў ЭЗ далучыліся Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Украіна і Чарнагорыя.

У паведамленьні Рады ЭЗ адзначаецца, што згаданыя краіны «забясьпечаць адпаведнасьць сваёй нацыянальнай палітыкі» адпаведнаму рашэньню Рады ЭЗ. «Эўразьвяз прымае да ўвагі гэтае абавязаньне і вітае яго», — адзначаецца ў заяве.

Эўразьвяз прыняў 15-ы пакет санкцыяў у дачыненьні да рэжыму ў Беларусі 16 сьнежня 2024 году «ў сувязі з сытуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны».

Пад санкцыі трапілі лягістычны апэратар ТАА «ВЛАТЭ Лагістык», які валодае транспартна-лягістычнымі цэнтрамі «Брузгі» і «Бераставіца», і кампанія «Рузэкспэдыцыя», якая «атрымлівае выгаду ад рэжыму і садзейнічае абыходу санкцыяў ЭЗ, удзельнічаючы ў пастаўках аўтамабіляў, продаж якіх з ЭЗ у Беларусь забаронены».

Сярод фізычных асобаў пад санкцыі трапілі фінансавы дырэктар Dimicandum Invest Holding LTD Андрэй Сьвірыдаў, саўладальнікі ТАА «ВЛАТЭ Лагістык» Дзьмітры Замулевіч і Ўладзімер Аркадзьеў, гендырэктар «Беларуськалію» Андрэй Рыбакоў, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў, а таксама судзьдзі, адказныя за фабрыкаваньне палітычна матываваных прысудаў:

  • Вера Філонік, судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду;
  • Ірына Прадун, судзьдзя і старшыня суду Рагачоўскага раёну Гомельскай вобласьці;
  • Віталь Сініла, судзьдзя і старшыня суду Мастоўскага раёну Горадзенскай вобласьці;
  • Вадзім Мазоль, судзьдзя суду Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці;
  • Ніна Шастак, судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду;
  • Ірына Майко, судзьдзя Менскага абласнога суду;
  • Васіль Бягун, судзьдзя Гомельскага абласнога суду;
  • Яўген Брэган, судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду;
  • Аляксандар Мохараў, судзьдзя суду Савецкага раёну Гомля;
  • Алеся Осіпава, судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Гомля;
  • Віктар Новік, старшыня суду Жабінкаўскага раёну.

У санкцыйны сьпіс таксама ўнесьлі адказных за катаваньні ў месцах зьняволеньня і бесчалавечнае стаўленьне да незаконна затрыманых Гэта наступныя асобы:

  • Вадзім Мурашка, начальнік папраўчай калёніі № 13 у Глыбокім;
  • Сяргей Бярэйшык, супрацоўнік СІЗА № 1;
  • Мікалай Мушкароў, супрацоўнік СІЗА № 1;
  • Сяргей Петраковіч, начальнік папраўчай калёніі № 9 у Горках.

23 сьнежня 2024 году пра далучэньне да прынятых 16 сьнежня санкцыяў заявіла таксама Швайцарыя.

Папярэдні пакет санкцыяў адносна Беларусі Эўразьвяз увёў у чэрвені 2024 году. Абмежаваньні адносна Беларусі, уведзеныя ў чэрвені, былі накіраваныя на гандаль, паслугі, транспарт і перадухіленьне абыходу ранейшых санкцыяў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG