Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі абвясьцілі ў вышук расейскага журналіста


Расейскі журналіст Ільля Даўлятчын. Архіўнае фота
Расейскі журналіст Ільля Даўлятчын. Архіўнае фота

Упраўленьне ўнутраных спраў Гомельскай вобласьці абвясьціла ў вышук расейскага журналіста Ільлю Даўлятчына паводле абвінавачаньня ў садзейнічаньні «экстрэмізму», у канцы 2024 году яго абвясьцілі ў вышук у Расеі.

Як паведаміў Telegram-канал «Можем объяснить», які зьвязаны з Ільлём Даўлятчыным, адпаведную даведку журналісты атрымалі зь Міністэрства ўнутраных спраў Расеі.

«Паводле правілаў саюзнай дзяржавы, пры завядзеньні справы ў Беларусі фігурант аўтаматычна трапляе ў базу вышуку ў Расейскай Фэдэрацыі. У даведцы адзначаецца, што ў вышук яго абвясьціла 25 лістапада 2024 году УУС Гомельскай вобласьці паводле артыкула 361-4 ч. 2 КК РБ — „садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці групай асобаў паводле папярэдняй змовы“, паводле якога пагражае тэрмін ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі», — адзначаецца ў паведамленьні.

У той жа час пра яго вышук спачатку стала вядома ў Расеі, але тады журналіст казаў, што пра крымінальную справу нічога ня ведае. У лістападзе 2023-га Мін'юст Расеі абвясьціў яго «іншаземным агентам». Пазьней стала вядома, што суд у Вялікім Ноўгарадзе прызначыў яму штраф у памеры 30 тысяч рублёў.

Прычынай для крымінальнага перасьледу стаў удзел расейскага журналіста ў адной з праграм тэлеканалу «Белсат», які ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем», а ў Расеі — «непажаданай арганізацыяй». Ільля Даўлятчын — не грамадзянін Беларусі, у базе вышуку МУС Беларусі ягонага прозьвішча няма.

Адвакаты журналіста праінфармавалі Інтэрпол аб палітычным характары перасьледу.

«Пасьля разгляду арганізацыя можа прыняць інфармацыю да ведама і выключыць журналіста з свайго ўнутранага рэестру міжнароднага вышуку», — сказаў адзін зь юрыстаў.

Ільля Даўлятчын — журналіст-расьсьледнік і вядоўца штотыднёвай праграмы «Можем объяснить». У розныя гады ён супрацоўнічаў з газэтай «Собеседник», выданьнем «Вёрстка», інфармагенцтвам «Росбалт», телеканалам «Дождь».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG