Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах у Харватыі перамог дзейны прэзыдэнт Міланавіч, які выступае з прарасейскіх пазыцый


Зоран Міланавіч і Драган Прыморац падчас дэбатаў 7 студзеня 2025
Зоран Міланавіч і Драган Прыморац падчас дэбатаў 7 студзеня 2025

У Харватыі па выніках другога тура прэзыдэнцкіх выбараў перамог дзейны кіраўнік дзяржавы Зоран Міланавіч. Паводле дадзеных першых экзітполаў, ён набраў 74,7% галасоў.

Супернік Міланавіча, былы міністар адукацыі Драган Прыморац, атрымлівае падтрымку 25,3% выбаршчыкаў.

Першы тур выбараў адбыўся 29 сьнежня. Тады ніводзін з кандыдатаў не набраў 50% галасоў. Міланавічу для перамогі не хапіла 1%.

Міланавіч займае пасаду прэзыдэнта зь лютага 2020 года. Раней ён узначальваў Сацыял-дэмакратычную партыю Харватыі. Міланавіч неаднаразова крытыкаваў Украіну, называючы яе самай карумпаванай краінай сьвету, і выступаў супраць дапамогі Кіеву з боку Эўразвьяза і NATO.

Прэзыдэнт таксама рэгулярна ўступае ў канфлікты з прэм’ер-міністрам Харватыі Андрэем Плянковічам. Празаходнія палітыкі асуджаюць Міланавіча за ягоную прарасейскую пазыцыю ў дачыненьні да канфлікту паміж Масквой і Кіевам.

Прыморац займаў пасаду міністра адукацыі з 2003 па 2009 год і ўдзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах 2009 года. Падчас сёлетняй кампаніі абодва кандыдаты заявілі аб сваёй незалежнасьці. Разам з тым Міланавіча падтрымлівае левацэнтрысцкі альянс на чале з Сацыял-дэмакратычнай партыяй (СДП), а Прымораца — кіруючая партыя «Харвацкая дэмакратычная садружнасьць», якую ўзначальвае Плянковіч.

Харватыя — парлямэнцкая рэспубліка, большую частку ключавых рашэньняў у краіне прымае прэм’ер-міністар, пры гэтым прэзыдэнт зьяўляецца камандуючым узброенымі сіламі.

Міланавіч вядомы крытыкай вайсковай дапамогі Ўкраіне. У прыватнасьці, ён забараніў навучаць украінскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Харватыі.

Прэм’ер-міністар Андрэй Пленкавіч называе яго «прарасейскім палітыкам» і лічыць, што Міланавіч «зьнішчае рэпутацыю Харватыі ў NATO і ЭЗ». У адказ на гэта прэзыдэнт заяўляе, што спрабуе перадухіліць «уцягваньне Харватыі ў непатрэбную вайну» і што ва Ўкраіне «супраць Расеі ваююць ЗША і NATO».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG