Беларусь гатовая разам з Вэнэсуэлай пераадольваць усе санкцыйныя барʼеры, заявіў намесьнік прэмʼер-міністра Віктар Каранкевіч на сустрэчы з кіраўніком Вэнэсуэлы Нікалясам Мадура ў Каракасе, паведамляе БелТА са спасылка й на прэс-службу беларускага ўраду.
Каранкевіч перадаў вэнэсуэльскаму кіраўніку прывітаньні і віншаваньні ад Аляксандра Лукашэнкі. У сваю чаргу Мадура пацьвердзіў гатоўнасьць наведаць Беларусь сёлета, піша БелТА. «Вэнэсуэла застаецца верным саюзьнікам і сябрам для Беларусі», — сказаў ён.
Інаўгурацыя Мадура на трэці прэзыдэнцкі тэрмін адбылася 10 студзеня. ЗША і шэраг іншых краінаў не прызнаюць перамогу Мадура на выбарах у мінулым годзе, калі апазыцыя дала сьведчаньні масавых фальсыфікацый. Злучаныя Штаты нават абяцалі 25 мільёнаў даляраў за дапамогу ў арышце Мадура.
На думку амэрыканскіх уладаў, Мадура шчыльна зьвязаны з наркакартэлямі і міжнароднай сеткай гандлю какаінам. ЗША не прызналі перамогу Мадура яшчэ на выбарах 2018 году і адмаўляюцца лічыць яго легітымным прэзыдэнтам.
- Прэзыдэнцкія выбары адбыліся ў Вэнэсуэле 28 ліпеня мінулага году. Паводле афіцыйных зьвестак, на іх перамог дзейны прэзыдэнт краіны Нікалас Мадура, які такім чынам быў пераабраны на трэці тэрмін.
- На думку апазыцыі, на выбарах перамог Эдмунда Гансалес з вынікам больш як 70% галасоў. Апазыцыя апублікавала пратаколы больш як з 80% участкаў, зь якіх вынікае, што Гансалес перамог на выбарах са значным адрывам. Нацыянальная выбарчая рада, якая абвясьціла Мадуру пераможцам, пратаколы так і не апублікавала. Пасьля выбараў Вэнэсуэлу ахапілі масавыя пратэсты, іх удзельнікі абвінавачвалі Мадура ў падтасоўцы галасоў.