У дакумэнце прапануецца спыніць дзеяньне двухбаковай дамовы паміж Украінай і Беларусьсю аб перадачы асобаў, асуджаных да пазбаўленьня волі, для далейшага адбыцьця пакараньня, а таксама спыніць дзеяньне шэрагу міжнародных дамоваў Гаагскай канфэрэнцыі па міжнародным прыватным праве, Рады Эўропы і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у адносінах зь Беларусьсю і Расеяй.
Як тлумачыць украінская судова-юрыдычная газэта, калі закон будзе зацьверджаны, пасьля ўступленьня яго ў сілу:
- Запыты (даручэньні, хадайніцтвы) аб міжнароднай прававой дапамозе, аб экстрадыцыі, хадайніцтвы аб прызнаньні і выкананьні рашэньняў судоў, атрыманыя ад кампэтэнтных органаў Беларусі ці Расеі, больш ня будуць разглядацца, а выкананьне запытаў, якія знаходзяцца на разглядзе (даручэньняў, хадайніцтваў), спыняецца.
- Меры забесьпячэньня крымінальнай вытворчасьці, у тым ліку меры стрыманьня, ужытыя ў сувязі з выкананьнем запытаў (даручэньняў, хадайніцтваў), якія паступілі ад кампэтэнтных органаў Беларусі або Расеі, падлягаюць адмене на падставе гэтага закона ў парадку, вызначаным Крымінальна-працэсуальным кодэксам Украіны.
- Фактычная перадача асобаў, у дачыненьні да якіх прынятае рашэньне аб выдачы ў Беларусь ці Расею, не ажыцьцяўляецца.
- Рэчавыя доказы і дакумэнты, якія паступілі ў выкананьне запытаў (даручэньняў, хадайніцтваў) аб міжнароднай прававой дапамозе ад кампэтэнтных органаў Беларусі ці Расеі, захоўваюцца ў парадку, устаноўленым КПК для захоўваньня рэчавых доказаў і дакумэнтаў.
Як адзначае ў тлумачальнай запісцы міністарка юстыцыі Ўкраіны Вольга Стэфанішына, з 24 лютага 2022 году камунікацыя з органамі дзяржаўнай улады Беларусі і Расеі ў пытаньнях міжнароднага прававога супрацоўніцтва па грамадзянскіх і крымінальных справах не ажыцьцяўляецца, паштовая сувязь спыненая, а значыць, практычнае выкананьне такіх міжнародных дамоваў Украіны з гэтымі дзяржавамі немагчымыя.
У Кіеве рэгулярна заяўляюць аб выхадзе з пагадненьняў, заключаных зь Беларусьсю і Расеяй, а таксама ў рамках СНД.
Якія яшчэ пагадненьні зь Беларусьсю дэнансавала Ўкраіна
Пасьля расейскага вайсковага ўварваньня, падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам і вайсковым кіраўніцтвам Беларусі, Украіна дэнансавала больш за паўсотню міжнародных дакумэнтаў, якія вызначалі супрацу зь Беларусьсю ў розных сфэрах — выйшла зь іх або спыніла іх дзеяньне. У тым ліку:
- аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і вучоных званьнях;
- аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы;
- аб супрацы зь Беларусьсю ў авіяцыйным пошуку і ратаваньні;
- аб паветраных зносінах;
- аб свабодным гандлі;
- аб узаемных пастаўках у 1995 годзе ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў;
- аб аказаньні паслуг дзеля патрэбаў абароны і бясьпекі ад 1994 году;
- аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі;
- аб правядзеньні сумесных навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі;
- аб узаемнай ахове правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, створаныя і прадэманстраваныя ў ходзе двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва;
- аб узаемадзеяньні ў сфэры геадэзіі, картаграфіі і дыстанцыйнага зандаваньня зямлі;
- аб супрацы ў сфэры дасьледаваньняў і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах;
- аб супрацы памежных структураў і малым памежным руху;
- аб супрацы ў сфэры кіналёгіі;
- аб уніканьні двайнога падаткаабкладаньня;
- аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
- аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
- аб вадаплаўстве па ўнутраных водных шляхах;
- аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
- аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
- аб супрацы ў сфэры навукі і тэхналёгіяў;
- аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
- аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў (міжведамаснае пагадненьне зь Беларусьсю);
- аб сацыяльнай абароне працоўных мігрантаў.
Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не зьбіраецца разрываць зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны, хоць у парлямэнце пэрыядычна абмяркоўваюць гэтае пытаньне.
Афіцыйна беларускае войска ня ўдзельнічае ў поўнамаштабнай вайне Расеі супраць Украіны, аднак Аляксандар Лукашэнка дазволіў скарыстаць тэрыторыю Беларусі для праезду і часовай дысьлякацыі расейскіх войскаў, а з тэрыторыі Беларусі наносілі ракетныя ўдары па Ўкраіне.
Акрамя таго, у Беларусь нібыта для аздараўленьня вывозяць дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Эўрапарлямэнт у верасьні асудзіў удзел Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны і вывазе дзяцей, заклікаўшы Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордэр на яго арышт.
Форум