7 студзеня суд у Сэуле падоўжыў ордэр на арышт адхіленага ад улады прэзыдэнта Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёля, якога абвінавачваюць у арганізацыі мяцяжу і злоўжываньні ўладай, паведамляе Yonhap.
Тэрмін папярэдняга ордэру на арышт, выдадзенага 30 сьнежня, скончыўся 6 студзеня. Хоць сьледчыя не раскрылі тэрмін дзеяньня падоўжанага ордэра, лічыцца, што яго працягнулі звыш звычайных 7 дзён, улічваючы чаканыя цяжкасьці з затрыманьнем Юн Сок Ёля.
Спробы арыштаваць Юн Сок Ёля 3 студзеня ня мелі посьпеху: ахоўнікі і вайскоўцы заблякавалі доступ у ягоную рэзыдэнцыю, утварыўшы жывую сьцяну. Каля рэзыдэнцыі сабраліся сотні прыхільнікаў і праціўнікаў Юна. Як адзначае Reuters, Юн забарыкадаваўся ў рэзыдэнцыі за шэрагамі калючага дроту. Зь ім жонка, сабакі і каты.
Паводле Yonhap, 5 студзеня Служба крымінальнага вышуку высокапастаўленых чыноўнікаў (CIO) Паўднёвай Карэі зьвярнулася да паліцыі з просьбай выканаць ордэр суду і арыштаваць адхіленага ад улады кіраўніка дзяржавы. Паліцыя адказала адмовай, спаслаўшыся на юрыдычныя прабелы ў пададзеным сьледчымі лісьце. Сам Юн Сок Ёль таксама адмовіўся супрацоўнічаць з CIO.
Экс-прэзыдэнта Паўднёвай Карэі хочуць арыштаваць па абвінавачаньні ў падбухторваньні да мяцяжу ў сувязі зь ягонай кароткачасовай спробай у сьнежні 2024 году ўвесьці ваеннае становішча ў краіне дзеля барацьбы з палітычнымі апанэнтамі. Рашэньне Юн Сок Ёля выклікала абурэньне грамадзкасьці, парлямэнт змог хутка адмяніў ваеннае становішча. Пасьля гэтага прэзыдэнта Паўднёвай Карэі адхілілі ад улады праз імпічмэнт.
Выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Паўднёвай Карэі спачатку стаў прэм’ер-міністар Хан Док Су. Аднак 27 сьнежня паўднёвакарэйскі парлямэнт прагаласаваў за адхіленьне ад улады і Хана. На пасадзе выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта яго зьмяніў першы намесьнік прэм’ера, міністар эканомікі і фінансаў Чхве Сан Мак. Ён заявіў, што прыярытэтам ягонай палітыкі стане аднаўленьне стабільнасьці.
У Паўднёвай Карэі арыштавалі некалькі службовых асобаў, меркавана датычных да абвяшчэньня ваеннага становішча, уключаючы былога міністра абароны Кім Ён Хёна і некалькіх высокапастаўленых супрацоўнікаў вайсковай выведкі.
Юн Сок Ёль — прадстаўнік правых сіл, традыцыйна жорстка настроеных у адносінах да Паўночнай Карэі. Прэзыдэнтам яго абралі ў 2022 годзе. Пазыцыя апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі ў адносінах да Пхэньяна больш гнуткая.
Форум