Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Жан-Мары Лё Пэн, заснавальнік ультраправай францускай партыі Front National 


Жан-Мары Лё Пэн
Жан-Мары Лё Пэн

Вядомаму палітыку было 96 гадоў. Ён не выступаў публічна шэсьць апошніх гадоў.

Жан-Мары Лё Пэн заснаваў у 1970-я гады ўльтраправую партыю, якая стала адной з найбольш вядомых у гісторыі Францыі. Таксама ён балятаваўся на пасаду прэзыдэнта. Гэта адна з найбольш супярэчлівых постацяў у найноўшай гісторыі Францыі. Праціўнікі называлі яго «фашыстам» і «экстрэмістам», прыхільнікі — цьвёрдым палітыкам, які не абмінаў «нязручныя» для іншых тэмы.

Палітык памёр у мястэчку Гаршэ, піша газэта Le Figaro.

Лё Пэн адкрыта выказваўся на гендэрныя, расавыя і мігранцкія тэмы, адмаўляў Галакост. Ён пяць разоў балятаваўся у прэзыдэнты Францыі, але шторазу саступаў у галасаваньні. Сам сябе палітык называў «ні правым, ні левым, а французам».

Жан-Мары Лё Пэн нарадзіўся 20 чэрвеня 1928 году ў вёсцы Трынітэ-сюр-Мэр у правінцыі Брэтань.

У 1954 годзе Лё Пэн уступіў у Францускі замежны легіён. Яго накіравалі ў Індакітай — сучасныя Віетнам, Камбоджу і Лаос, якія ў той час кантраляваліся Францыяй — а праз два гады ў Эгіпет, калі Францыя, Вялікая Брытанія і Ізраіль уварваліся ў краіну ў спробе ўзяць пад кантроль Суэцкі канал. Абодва канфлікты скончыліся паразай французаў.

Час, праведзены ў Альжыры — яшчэ адной былой францускай калёніі, — вызначыў вялікую частку ягонай палітыкі і кар’еры. Лё Пэн разглядаў страту Альжыру як адну з найвялікшых «здрадаў» у гісторыі Францыі, крытыкуючы героя Другой усясьветнай вайны і тагачаснага прэзыдэнта Шарля дэ Голя — той скончыў вайну за калёнію, і Альжыр атрымаў незалежнасьць. Лё Пэна вінавацілі ў катаваньнях палонных альжырцаў, што ён заўсёды адмаўляў, узгадвае BBC.

Упершыню Лё Пэн быў выбраны ў парлямэнт Францыі ў 1956 годзе ад ультраправай партыі П’ера Пужадэ. Ён страчваў сваё месца ў Нацыянальнай Асамблеі, вяртаўся на фронт у Альжыр, дзе вайна працягвалася да 1962 году, а ў 1972-м заснаваў Front National — партыю, пакліканую аб’яднаць усе радыкальныя правыя сілы Францыі. Ад гэтага часу і пачаўся росквіт ягонай палітычнай кар’еры.

Спачатку партыя ня мела вялікай падтрымкі выбарцаў. Лё Пэн балятаваўся на пасаду прэзыдэнта ў 1974 годзе ад FN, але набраў менш за 1% галасоў. А ў 1981-м ён ня здолеў нават сабраць патрэбную колькасьць подпісаў у сваю падтрымку. Але затым прыярытэты французаў пачалі зьмяняцца, асабліва пасьля таго, як у Паўднёвай Францыі пачалі масава сяліцца мігранты з Паўночнай Афрыкі. Ужо ў 1984-м на эўрапейскіх выбарах ягоная партыя набрала 10% галасоў, а Лё Пэн атрымаў месца ў Эўрапарлямэнце, дэпутатам якога будзе звыш 30 гадоў у розных скліканьнях.

Ён вінаваціў Эўрапейскі Зьвяз ва ўмяшаньні ўва ўнутраныя справы Францыі, а эўра называў «акупацыйнай валютай». Папулярнасьць Лё Пэна надалей расла, нягледзячы на адмаўленьне Галакосту і шэраг іншых расісцкіх заяў. На прэзыдэнцкіх выбарах у 1988 годзе ён набраў 14% галасоў, а ў 1995-м — 15%. Найбольш пасьпяховымі для Жана-Мары Лё Пэна сталі выбары 2002 году. Ён прайшоў у другі тур, і толькі аб’яднаньне ўсіх іншых выбарцаў супраць ультранацыяналіста вырашыла лёс выбараў на карысьць Жака Шырака. Той набраў 82% галасоў, здабыўшы самую буйную перамогу ў гісторыі францускіх выбараў прэзыдэнта.

На выбарах у 2007-м лідэр Front National стаў толькі чацьвёртым, а разам з тым абвінаваціў у «нефранцускасьці» Нікаля Сарказі, які тады прыйшоў да ўлады. Матывам стала зьмяшанае паходжаньне Сарказі, які, па словах Лё Пэна, быў «нячыстым французам» — меў грэцкія, вугорскія і габрэйскія карані. Наступныя ж парлямэнцкія выбары сталі для FN правальнымі — партыя ня ўзяла ніводнага дэпутацкага месца. Фінансавыя праблемы, якія прыйшлі неўзабаве, прымусілі партыю прадаць свае сядзібы па-за Парыжам.

У 2011 годзе Жан-Мары Лё Пэн пайшоў з пасады кіраўніка партыі, перадаўшы стырно сваёй дачцэ Марын. Тая адразу ж парвала са спадчынай бацькі, адышла з найбольш радыкальных правых пазыцый да эўраскептычных. Партыя засталася ўльтраправай, але колькасьць заяў наконт расы, этнічнага паходжаньня і іншых падобных аспэктаў зьменшылася.

Звады паміж дачкой і бацькам паглыбіліся, у 2015-м заснавальніка партыі выключылі з арганізацыі. Партыю неўзабаве пераназвалі ў Rassemblement National (Нацыянальны сход). Жан-Мары Лё Пэн назваў такі ход «самазабойчым».

Сам Лё Пэн у апошнія гады жыцьця падкрэсьліваў, што сваркі ў сям'і — справа, якой нельга пазьбегнуць. Таксама ён адзначаў, што за ўсе гады ягонай палітычнай кар’еры ніводнага разу не было «ветру ў сьпіну».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG