У Парыжы пачаўся суд над былым прэзыдэнтам Францыі Нікаля Сарказі, якога абвінавачваюць у карупцыйнай змове зь лібійскім дыктатарам Муамарам Кадафі ў сярэдзіне 2000-х, піша AFP.
Калі Сарказі прызнаюць вінаватым, яму можа пагражаць да 10 гадоў турмы. Судовы працэс працягнецца тры месяцы.
Па вэрсіі сьледзтва, у 2005 годзе Сарказі і ягоны апарат уступілі ў змову з Кадафі і ў 2006–2007 гадах атрымалі ад яго ня менш за €50 млн, якія Сарказі выкарыстаў для фінансаваньня сваёй выбарчай кампаніі. Узамен Францыя спрыяла рэжыму Кадафі, хоць на міжнароднай арэне той быў у ізаляцыі.
Сарказі выставілі абвінавачаньні ў «пасіўнай карупцыі», «злачыннай змове», «незаконным фінансаваньні выбарчай кампаніі» і «ўтойваньні незаконнага прысваеньня дзяржаўных сродкаў» Лібіі.
Экс-прэзыдэнт сваю віну адмаўляе, а прадстаўленыя сьледзтвам дакумэнты называе падробленымі.
Гэта ўжо трэці судовы працэс Сарказі. У 2021 годзе суд вынес яму два выракі: адзін на 3 гады пазбаўленьня волі (два зь іх — умоўна, адзін — пад хатнім арыштам) паводле артыкула аб карупцыі і спробе подкупу службовай асобы, другі — за нелегальнае фінансаваньне выбарчай кампаніі. Па ім экс-прэзыдэнт атрымаў 1 год абмежаваньня волі: паўгода ў зьняволеньні, паўгода ўмоўна. Гэты апошні прысуд цяпер на апэляцыі.
Форум