Гэта адбылося пасьля таго, як завяршыліся няўдачай перамовы аб стварэньні кааліцыі памяркоўных партый, пасьля чаго дзейны канцлер і ўжо былы кіраўнік правацэнтрысцкай Аўстрыйскай народнай партыі Карл Нэгамэр абвясьціў аб сваёй адстаўцы.
Партыя свабоды заняла першае месца на парлямэнцкіх выбарах, якія прайшлі ўвосень 2024 году. Тады, аднак, прэзыдэнт ван дэр Белен ня даў Кіклю мандат на фармаваньне кабінэту, спаслаўшыся на тое, што ніводная з партый, якія прайшлі ў парлямэнт, не была гатовая дамаўляцца аб кааліцыі з правымі папулістамі.
Цяпер сытуацыя зьмянілася, бо Народная партыя пасьля адстаўкі Нэгамэра выказала гатовасьць уступіць у перамовы з Кіклем. У тэлезвароце пасьля сустрэчы зь лідэрам Партыі свабоды раніцай у панядзелак ван дэр Белен заявіў, што даручыў Кіклю весьці перамовы зь меркаванымі кааліцыйнымі партнэрамі.
Раней Партыя свабоды, якую яе апанэнты называюць ультраправай, перш за ўсё з прычыны яе рэзка антыімігранцкай рыторыкі і праграмы, ужо ўваходзіла ў склад ураду Аўстрыі, аднак на правах малодшага кааліцыйнага партнэра Народнай партыі. Цяпер жа яе лідэр прэтэндуе на пасаду кіраўніка ўраду.
Камэнтатары адзначаюць, што посьпех перамоваў не гарантаваны, аднак пры цяперашнім раскладзе месцаў у парлямэнце пасьля няўдачы перамоваў аб кааліцыі без удзелу Партыі свабоды супрацоўніцтва ўльтраправых і Народнай партыі — адзіная магчымасьць сфармаваць кабінэт. Альтэрнатывай гэтаму былі б датэрміновыя выбары.
- На выбарах, якія адбыліся 29 верасьня 2024 году, 29,2% галасоў набрала Партыя свабоды. Яна выступае за ўзмацненьне жорсткасьці міграцыйнай палітыкі і скарачэньне эўрапейскай падтрымкі Украіны, якая ваюе, а таксама паслабленьне або зьняцьцё санкцый з Расеі. Найбліжэйшая суперніца Партыі свабоды — Аўстрыйская народная партыя — набрала 26,5% галасоў. На трэцім месцы была Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі з 21% галасоў.
Форум