Генэрал-лейтэнанта Тыран Хачатр’ян арыштавалі 4 студзеня, ён будзе знаходзіцца пад вартай у чаканьні суду. Дзяржаўныя абвінаваўцы сьцьвярджаюць, што Хачатр’ян не выконваў сваіх службовых абавязкаў у час 44-дзённай вайны ў 2020 годзе паміж Армэніяй і Азэрбайджанам.
Хачатр’ян адхіляе абвінавачаньні, а ягоная каманда адвакатаў заяўляе, што плянуе падаць апэляцыю. У заяве ад 5 студзеня яго адвакаты назвалі абвінавачваньні «беспадстаўнымі» і назвалі затрыманьне былога высокапастаўленага афіцэра расплатай за яго палітычныя погляды і што яго лічаць казлом адпушчэньня за «паразу Армэніі ў вайне» з Азэрбайджанам.
Арышт зьяўляецца яшчэ адной прыкметай палітычных разломаў, якія адкрыліся ў Армэніі пасьля стратаў Ерэвану ад Баку ў кампаніях, якія абвастрылі адносіны прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна з вайскоўцамі.
Вайна 2020 году, калі азэрбайджанскія войскі ўзялі пад свой кантроль частку Нагорнага Карабаху, была другой вайной Азэрбайджану і Армэніі за апошнія тры дзесяцігодзьдзі за сэпаратысцкі рэгіён, які знаходзіўся пад кантролем армянаў, але прызнаны на міжнародным узроўні часткай Азэрбайджану з 1990-х гадоў.
За гэтым наступіла рашучая аднадзённая ваенная апэрацыя ў верасьні 2023 году, падчас якой азэрбайджанскія сілы ўзялі пад кантроль астатнія часткі рэгіёну.
Хачатр’ян атрымаў званьне Нацыянальнага героя Армэніі ў 2020 годзе пасьля вайны з Азэрбайджанам у тым жа годзе, але пасьля яе напружаньне паміж ім і ўладамі Армэніі хутка вырасла.
Паводле праваахоўнікаў, афіцэр, які зьяўляўся падчас ваеннага становішча 2020 году камандзірам паўднёвай групоўкі войскаў, 7–17 кастрычніка праявіў халатнае стаўленьне да выкананьня службовых абавязкаў, не стварыў пункту кіраваньня войскамі паўднёвай групоўкі з усімі яе элемэнтамі, ён непаўнавартасна ўдзельнічаў у вядзеньні баявых дзеяньняў, ажыцьцявіў шэраг захадаў, якія па неасьцярожнасьці пацягнулі цяжкія наступствы.
На думку сьледчых, гэтыя дзеяньні прывялі да зрыву абароны лініі Ўзброеных Сілаў, падарвалі сыстэму кіраваньня войскамі, ня выканалі пастаўленай баявой задачы, «у выніку праціўнік скарыстаўся абстаноўкай і бесьперашкодна авалодаў стратэгічнай вышынёй, прарваў існы рубеж; у іншым выпадку, разьвіваючы атаку, узяў пад кантроль тэрыторыю».
Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху
Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.
Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.
У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.
Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.
1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.
Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».
Форум