Пра гэта Яўгенія Верамейчык расказала расейскай службе «Бі-бі-сі». Паводле беларускі, важна, каб у выпадку абмену знайшлася дзяржава, якая дапаможа Васілю. Яна адзначыла, што блізкія, вядома, ня могуць разьлічваць на Літву, якая прызнала яго «пагрозай нацыянальнай бясьпецы».
Яны хочуць дабіцца зьняцьця забароны на ўезд, якую ўвяла для Верамейчыка Ўкраіна, і пасьля гэтага — уключэньня ў сьпісы на абмен.
У сюжэце «Бі-бі-сі» сытуацыю з Васілём камэнтаваў кіраўнік Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Сейму Гедрымас Еглінскас. У яго «няма прычын сумнявацца ў рашэньні спэцслужбаў краіны». Прызнаньне Верамейчыка пагрозай нацыянальнай бясьпецы і забарону на ўезд для яго ў ЭЗ ён назваў «правільным рашэньнем».
Васіль Верамейчык — былы баец палка Каліноўскага (пазыўны «Пацук»). У 2020 годзе ён удзельнічаў у пратэстах у Беларусі, пасьля чаго паехаў ва Ўкраіну. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў. Быў паранены, спрабаваў легалізавацца ў Літве і пасьля адмовы пэўны час жыў у Віетнаме.
У лістападзе сёлета яго затрымалі і перадалі Беларусі ўлады Віетнаму.
Форум