«Падпісана асобна ўсё, што тычыцца прымяненьня [ядзернай зброі], і на сёньняшні дзень гэта ўсё ажыцьцяўляецца па адзіным камандаваньні і пад адзіным кіраўніцтвам. Іншая рэч, што за гэты час, натуральна, прайшлі навучаньне два расейскія экіпажы — я маю на ўвазе самалёты. Ну і, вядома, [прайшлі навучаньне] тыя, хто прадстаўляе беларускі бок — экіпажы [комплексаў] «Іскандэр», — сказаў Шайгу ў эфіры расейскага Першага каналу.
Сёньня дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў журналістам дзяржаўных СМІ ў Менску перад пасяджэньнем Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы, што расейскую ядзерную зброю, разьмешчаную на тэрыторыі Беларусі, мае права скарыстаць толькі Аляксандар Лукашэнка.
«У кожнага прэзыдэнта свая „чырвоная кнопка“, свой партфэль, свой ядзерны чамаданчык, — цытуе Вальфовіча дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Зброю, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, мае права прымяніць толькі прэзыдэнт Беларусі. А тую зброю, якая знаходзіцца на тэрыторыі Расеі, мае права прымяніць і даць каманду толькі прэзыдэнт Расеі».
Раней прадстаўнікі Расеі неаднаразова заяўлялі, што рашэньне пра выкарыстаньне ядзернай зброі застаецца за расейскім кіраўніцтвам.
Сёньня ж Беларусь падпісала з Расеяй пагадненьне аб гарантыях бясьпекі, якое за некалькі тыдняў да падпісаньня расейскія СМІ назвалі «знакавым», але ніякіх дэталяў яго зьместу не ўдакладнялі.
Подпісы пад дакумэнтам на пасяджэньні Вышэйшага дзяржаўнага савету ў Менску 6 сьнежня паставілі кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, перадае дзяржаўнае агенцтва БелТА.
«Размова ў тым ліку ідзе і пра расейскую тактычную ядзерную зброю, разьмешчаную на прапанову прэзыдэнта Беларусі на тэрыторыі беларускай рэспублікі», — цытуе БелТА Пуціна.
БелТА таксама паведамляе, што Лукашэнка папрасіў Пуціна разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі «новыя сыстэмы ўзбраення, і перш за ўсё „Орешник“». «Гэта супакоіла б некаторыя розумы», — цытуе агенцтва Лукашэнку.
Форум