Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арэшнік» для Беларусі. Куды Лукашэнка ўцягвае краіну


Ілюстрацыйнае фота: наведнікі збройнага шоў у расейскім Санкт-Пецярбургу каля ракетнай сыстэмы «Рубеж-МЭ», 2019 год
Ілюстрацыйнае фота: наведнікі збройнага шоў у расейскім Санкт-Пецярбургу каля ракетнай сыстэмы «Рубеж-МЭ», 2019 год

Галоўны вынік візыту высокай расейскай дэлегацыі ў Менск — рашэньні ў сфэры бясьпекі: падпісаньне Канцэпцыі бясьпекі Саюзнай дзяржавы і двухбаковай Дамовы аб гарантыях бясьпекі паміж Беларусьсю і Расеяй. Найбольш важным выглядае плянаванае разьмяшчэньне ў Беларусі найноўшай расейскай сыстэмы «Арэшнік» у другой палове 2025 году. Што можа рэзка абвастрыць ваенна-палітычную сытуацыю ў рэгіёне.

Сьцісла:

  • Уладзімір Пуцін другі раз за год наведаў Беларусь, што бывае рэдка.
  • Плянаванае разьмяшчэньне ў Беларусі найноўшай расейскай сыстэмы «Арэшнік» у другой палове 2025 году на просьбу Лукашэнкі — курс на эскаляцыю напружанасьці ў рэгіёне.
  • Пуцін імкнецца ўзмацніць стратэгічныя пазыцыі РФ напярэдадні меркаваных перамоваў аб міры ва Ўкраіне, каб дзейнічаць з пазыцыі сілы, ён падвышае стаўкі.
  • Беларусь апынаецца на пярэдняй лініі фронту ў геапалітычным супрацьстаяньні з Захадам.

Уладзімір Пуцін другі раз за год прыехаў у Беларусь. Бывалі гады, калі Пуцін наведваў Менск і часьцей. Але тое былі паездкі на розныя саміты (СНД, АДКБ, ЭАЭС). А вось сёлета прэзыдэнт Расеі двойчы прыяжджаў у Беларусь адмыслова зь візытамі, не прымяркоўваючы іх да самітаў нейкіх інтэграцыйных аб’яднаньняў. І абодва разы для прыезду былі адмысловыя нагоды.

Першы візыт Пуціна ў Беларусь сёлета ў траўні насіў дэманстратыўны характар. Справа ў тым, што ў траўні 2024 году ён чарговы раз быў пераабраны прэзыдэнтам РФ. Паводле міжнароднай традыцыі, новаабраны кіраўнік дзяржавы ладзіць першы візыт у краіну, якая найбольш важная з гледзішча нацыянальных інтарэсаў. Гэта дэманстрацыя прыярытэту ў замежнай палітыцы. Апошнія чвэрць стагодзьдзя прэзыдэнты Расеі адразу пасьля абраньня першы візыт, як правіла, ладзілі ў Менск. Больш за тое, нават расейскія прэм’ер-міністры пасьля прызначэньня найперш наведвалі беларускую сталіцу.

Гэтым разам пасьля інаўгурацыі Пуцін паехаў найперш у Кітай. Відавочна, у Крамлі зыходзілі зь лёгікі, што Беларусь нікуды ня дзенецца: Лукашэнка крыўдаваць ня будзе, яму няма куды ўцякаць з падводнай лодкі. А ад пазыцыі Кітаю для Масквы цяпер шмат што залежыць.

А вось другі візыт Пуціну трэба было ладзіць у Менск, іншых варыянтаў тут не было. Інакш яго не зразумелі б ня толькі ў Беларусі, але і ў самой Расеі, у блізкім замежжы.

Для сьнежаньскага візыту была іншая нагода. Гэта паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы. Менавіта таму Пуцін прыехаў сюды не адзін. У Менск прыляцела ўсё вышэйшае кіраўніцтва Расеі, уключна з прэм’ерам Міхаілам Мішусьціным і сьпікерам верхняй палаты парлямэнту Валянцінай Матвіенкай. (Старшыня Дзярждумы Вячаслаў Валодзін захварэў.) Бо яны ўваходзяць у склад гэтага самага Вышэйшага дзяржсавету.

Паводле рэглямэнту Вышэйшыя дзяржсаветы павінны праводзіцца раз на год, каб зацьвердзіць бюджэт гэтага інтэграцыйнага саюзу, вырашыць іншыя працэдурныя пытаньні. Звычайна яны праводзяцца ў Расеі.

Але сёлета паседжаньне дзяржсавету асаблівае: яно прымеркаванае да юбілею. 25 гадоў таму была створаная Саюзная дзяржава. І таму ўрачыстае паседжаньне вырашылі правесьці ў Менску.

У цэлым гэтыя візыты носяць палітыка-сымбалічны характар, выглядаюць як дэманстрацыя добразычлівасьці Пуціна да свайго адзінага саюзьніка. Бо саюзьнік падчас вайны дорага каштуе і ў палітычным, і ў фінансавым сэнсе. У выніку абодва бакі атрымалі піяраўскія дывідэнды.

Выкажу, магчыма, трохі парадаксальную думку. На тле размоваў, алярмісцкіх прагнозаў наконт магчымага аншлюсу Беларусі Расеяй сам факт таго, што прэзыдэнт РФ двойчы на год прыяжджае ў Беларусь, аб’ектыўна ўмацоўвае фармальны беларускі сувэрэнітэт. Бо расейскія афіцыйныя асобы, дзяржаўныя мэдыя падкрэсьліваюць, што гэта замежныя візыты. Беларусь — не губэрня РФ. Напрыклад, куды-небудзь у Варонескую ці Цьвярскую вобласьць Пуцін ня езьдзіць з афіцыйнымі ці рабочымі візытамі. І Абхазію ці Паўднёвую Асэтыю не наведвае. А ў Беларусь прыяжджае. І гэта падштурхоўвае да высновы, што нейкіх плянаў хуткага далучэньня краіны да РФ у Крамля пакуль няма. Але што тычыцца рэальнага сувэрэнітэту, тут сытуацыя іншая.

Галоўны вынік візыту высокай расейскай дэлегацыі ў Менск — гэта рашэньні ў сфэры бясьпекі, падпісаньне Канцэпцыі бясьпекі Саюзнай дзяржавы і міждзяржаўнай Дамовы аб гарантыях бясьпекі паміж Беларусьсю і Расеяй. Зьмест апошняга дакумэнту невядомы. Але, мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра зьмену расейскай ядзернай дактрыны, паводле якой Расея можа прымяніць ядзерную зброю ў выпадку нападу на Беларусь.

Самае важнае рашэньне — гэта разьмяшчэньне ў Беларусі найноўшай расейскай сыстэмы «Арэшнік» у другой палове 2025 году на просьбу Лукашэнкі. У выніку цяпер на беларускай тэрыторыі, акрамя ядзернай зброі, будуць яшчэ і новыя ракеты — паводле ацэнак экспэртаў, яны сярэдняй далёкасьці.

Мэта Пуціна зразумелая. Ён імкнецца ўзмацніць стратэгічныя пазыцыі РФ напярэдадні меркаваных перамоваў аб міры ва Ўкраіне, каб дзейнічаць з пазыцыі сілы. Пуцін падвышае стаўкі.

І адначасова Расея поўнасьцю ангажуе Беларусь у сваю ваенную палітыку, геапалітычны канфлікт з Захадам.

Менш зразумелая лёгіка Лукашэнкі. Беларусь апынаецца на пярэдняй лініі фронту ў геапалітычным супрацьстаяньні з Захадам. Магчыма, ён думае, што гэта ўзмацняе палітычную вагу краіны. Але насамрэч ён гэтым замацоўвае ўяўленьні ў сьвеце пра свой статус як расейскага васала. І моцна пагаршае любыя магчымасьці размарожваньня адносін з ЗША і ЭЗ. У пэўным сэнсе спальвае масты на Захад. Зрэшты, магчыма, што ён цяпер ужо ў такім стане, што і ня здольны пярэчыць Пуціну.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG