Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Варшавай здарылася аварыя аўтобуса, у якім былі грамадзяне Беларусі і Ўкраіны. Ёсьць пацярпелыя

абноўлена

Хуткая дапамога ў Польшчы. Ілюстрацыйнае фота
Хуткая дапамога ў Польшчы. Ілюстрацыйнае фота

Каля 3-й гадзіны ночы 29 красавіка на разьвязцы трасаў S2 і S79 непадалёк ад аэрапорту Шапэна ў Варшаве адбылася сур’ёзная аварыя.

У аўтобусе, які трапіў у аварыю, былі грамадзяне Беларусі і Ўкраіны.

Аўтобус, які рухаўся трасаю S2, выяжджаючы на S79, зьехаў з дарогі, урэзаўся ў агароджу і перакуліўся. У аўтобусе знаходзіліся 27 чалавек (26 пасажыраў і кіроўца), паведамляе Rzeczpospolita. На месца здарэньня накіравалі пажарнікаў і брыгады хуткай мэдычнай дапамогі.

Пакуль ратаўнікі і мэдыкі працавалі на месцы аварыі, здарылася другая аварыя: грузавік урэзаўся ў заднюю частку пажарнай машыны, яе кіроўцу заціснула ў кабіне.

Агулам у дзьвюх аварыях, паводле папярэдніх зьвестак польскіх СМІ, пацярпелі ад 14 да 17 чалавек. Паводле выданьня Rzeczpospolita, 12 чалавек пацярпелі ў выніку аварыі аўтобуса, двое — у выніку наезду грузавіка на пажарную машыну, адзін з пацярпелых — пажарнік-кіроўца. Паводле выданьня Miejski Reporter, у выніку двух інцыдэнтаў пацярпелі 17 чалавек.

Стан двух пацярпелых ацэньваюць як цяжкі. Усіх пацярпелых шпіталізавалі.

Паводле СМІ, у аўтобусе знаходзіліся грамадзяне Ўкраіны і Беларусі. Колькі менавіта беларусаў было сярод іх, невядома.

З прычыны аварый цалкам заблякаваны рух трасаю S2 ад разьвязкі Пулаўска ў бок аэрапорта. Рух у зваротным кірунку працягваецца ў звычайным рэжыме.

Прэс-сакратар МУС і адміністрацыі Польшчы Яцэк Дабжыньскі пазьней паведаміў, што ў шпіталі даставілі 16 чалавек: 12 чалавек з аўтобуса, кіроўцаў грузавіка і пажарнай машыны і аднаго ратаўніка.

На станцыі хуткай дапамогі, куды даставілі пацярпелых, сказалі, што сярод пацярпелых у аўтобусе ў асноўным грамадзяне Ўкраіны і толькі адзін беларус.

«17 пацярпелых, у тым ліку 15 пасажыраў аўтобуса ва ўзросьце ад 17 да 59 гадоў, сярод якіх грамадзяне Ўкраіне, адзін беларус, адзін гішпанец і трое палякаў, а таксама пажарнік і 48-гадовы кіроўца грузавіка», — гаворыцца ў паведамленьні ў сетцы Х.

Адзначаецца, што ў асноўным у пацярпелых дыягнаставалі траўмы галавы, грудной клеткі, а таксама рук і ног.

У МЗС Беларусі заявілі, што ведаюць пра аварыю і цяпер высьвятляюць падрабязнасьці.

«Беларускія дыпляматы ў курсе сытуацыі, накіраваныя адпаведныя запыты ў польскія кампэтэнтныя органы, інфармацыя аб наяўнасьці сярод пацярпелых у выніку ДТЗ у Варшаве беларусаў удакладняецца», — паведамілі БЕЛТА ў МЗС Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG