Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская культурная экспансія, кантроль і цэнзура: апублікавалі агляд пра стан культуры ў Беларусі


Опэрны тэатар у Менску. Архіўнае фота
Опэрны тэатар у Менску. Архіўнае фота

Беларуская Рада культуры на падставе размоваў з творцамі, якія працуюць у Беларусі ў розных галінах культуры, падрыхтавала адмысловы агляд пра стан культуры ўнутры краіны ў 2025 годзе.

У аглядзе падсумавалі, што зьмянілася ў культуры і становішчы творцаў у Беларусі за апошнія 5 гадоў і вылучылі асноўныя тэндэнцыі.

Расейская культурная экспансія

Расейская прысутнасьць у Беларусі «адчуваецца літаральна паўсюль — ад шоп-тураў і санаторыяў да поўнага дамінаваньня ў культурнай прасторы», гаворыцца ў аглядзе.

Беларускі музычны рынак амаль цалкам заняты расейскімі артыстамі, прычым пераважна тымі, хто адкрыта падтрымаў вайну ва Ўкраіне. У аглядзе адзначаецца, што яны «зьбіраюць аншлягі па два-тры канцэрты запар». Альтэрнатывы практычна няма.

На кніжным кірмашы ў Менску не было незалежных беларускіх выдавецтваў, кніг з Эўразьвязу, ЗША і нават з Ізраілю. Паліцы запоўненыя расейскімі выданьнямі, у тым ліку «вайскова-патрыятычнымі».

У сфэры кіно беларускае фінансаваньне і інфраструктура абслугоўваюць расейскія праекты. Прыватныя студыі Беларусі працуюць як тэхнічны дадатак да расейскай індустрыі.

Цэнзура і кантроль

Кожная публічная імпрэза ў Беларусі павінна прайсьці ўзгадненьне з уладамі. Патрэбна падаваць ня толькі праграму, але і пашпарты ўсіх удзельнікаў, і спасылкі на іх сацсеткі. Пры наяўнасьці ў КДБ «птушачкі» — выступ забаронены. «На вас стаіць птушачка», — стандартны адказ.

Сьвяты кшталту Дня сьвятога Валянціна і Хэлоўіна забароненыя, нават Купальле ў Дудутках адмянілі. Падзеі, узгодненыя раней, могуць адмяніць па даносе. Канцэрты, выставы і фэсты зрываюцца нават у дзень правядзеньня.

Творчы і тэхнічны склад тэатраў і студый узгадняюць зь сілавікамі, празь неляяльнасьць да рэжыму гэтае ўзгадненьне можна не атрымаць. У незалежным кіно — практычна поўная стагнацыя праз адсутнасьць легальных мэханізмаў працы.

Самацэнзура і страх

Страх прасякнуў усю сфэру культуры. Творчыя людзі прывыклі думаць не пра посьпех, а пра рызыку: «Ці не адграбу я за гэта?» Нават фатографы і выдаўцы прызнаюцца: «Цісьне страх».

Стратэгіі выжываньня

Культурніцкія дзеячы ўнутры Беларусі шукаюць свой варыянт адаптацыі і камбінуюць некалькі розных стратэгіяў, каб захаваць сваю ідэнтычнасьць. Кожны з гэтых варыянтаў абумоўлены экстрэмальнымі ўмовамі і мае розныя праяўленьні:

  • часткова спыняюць творчасьць;
  • працуюць падпольна;
  • падладжваюцца да ўлады дзеля магчымасьці працаваць;
  • жывуць у Беларусі, але працуюць на замежжа;
  • імітуюць ляяльнасьць;
  • адкрыта працуюць на рэжым.


Ёсьць і гатоўнасьць працаваць зь «мяккімі» тэмамі: рамёствы, фальклёр, дзіцячая літаратура. Таксама ёсьць запал працаваць з маладымі, перадаваць досьвед, будаваць супольнасьць.

Правілы і шэрыя схемы

Івэнты праводзяць пераважна праз шэраг установаў, якія маюць афіцыйнае права на іх правядзеньне. Такія структуры выконваюць функцыю пасярэдніка. Прыбыткі арганізатараў і артыстаў істотна зьнізіліся. Грошы зарабляюць пераважна на расейскай аўдыторыі. Мясцовыя артысты, нават з імем — у фінансавай няпэўнасьці.

Новая сцэна, старая ізаляцыя

Нягледзячы на ціск, у Беларусі зьяўляюцца новыя імёны, але маладыя творцы часта ня ведаюць папярэднікаў, ня маюць кантэксту і натхняльных прыкладаў. Адсутнічае крытыка, няма магчымасьцяў для росту і абмену досьведам.

У Беларусі паступова зьнікае памяць пра вядомых дзеячаў культуры: тыя, хто зьехаў, губляюць пазнавальнасьць, а тыя, хто застаўся, — пад забаронай. Тэатральны рэпэртуар — «стэрыльны», бяз вострых тэмаў і экспэрымэнтаў.

Беларуская мова — выклік і шанец

Ствараць культурны прадукт па-беларуску — рызыкоўна, але на яго ёсьць попыт: бізнэс цікавіцца беларускай мовай як адметнасьцю. Пры гэтым дзяржава спрабуе выкарыстоўваць нацыянальную мову для стварэньня кіраванай «пасьпяховай» карцінкі.

Запыты знутры краіны

Нават у самыя цёмныя часы ў творчых людзей ёсьць патрэба ствараць калі не для шырокай аўдыторыі, то хаця б для самога факту стварэньня. Таму сярод самыя распаўсюджаныя сярод запытаў творцаў да Беларускай рады культуры — падтрымка іх творчасьці без публічнасьці (рэзыдэнцыі, стыпэндыі), падтрыманьне кантакту зь беларусамі за мяжой і запрашэньне замежных спэцыялістаў у Беларусь, мэнтарская падтрымка ўнутраных ініцыятываў, адукацыйныя і перакладчыцкія праекты, выданьне важных кніг безь дзяржаўных датацыяў і падтрымка праектаў, зьвязаных з традыцыйнай культурай і інш.

«Нягледзячы на страх і падзелы, унутры краіны засталося шмат тых, хто працягвае трымаць культуру жывой. Ім патрэбныя ня толькі рэсурсы, але і надзея, што пра іх памятаюць і гатовыя слухаць. Беларуская культура ня зьнікла. Яна — у стане супраціву і адначасова — у пошуку новых формаў жыцьця», — падсумоўваецца ў аглядзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG