Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чарговы прыклад хлусьні». Польшча адказала на абвінавачаньні беларускіх памежнікаў у забойстве мігрантаў


Архіўнае фота. Польскія памежнікі на мяжы зь Беларусьсю на пачатку міграцыйнага крызісу, 2021 год
Архіўнае фота. Польскія памежнікі на мяжы зь Беларусьсю на пачатку міграцыйнага крызісу, 2021 год

Беларускі памежны камітэт рэгулярна публікуе паведамленьні, у якіх абвінавачвае памежнікаў і сілавікоў Польшчы і краінаў Балтыі ў жорсткім абыходжаньні зь мігрантамі і нават у іх забойствах. Заявы беларускага боку «Белсату» пракамэнтавалі Міністэрства абароны і Памежная ахова Польшчы.

Апошняе такое паведамленьне Беларускага памежнага камітэту зьявілася 5 лістапада. У ім ведамства сьцьвярджае, што латвійскія сілавікі нібыта «выкінулі на беларускую тэрыторыю зьбітага ўцекача разам з трупам ягонага сябра». Акрамя гэтага, беларускія памежнікі заяўляюць, што з пачатку 2024 году знайшлі на межах з ЭЗ 17 загінулых іншаземцаў: 11 целаў на мяжы з Латвіяй і 6 на мяжы з Польшчай.

Агулам, паводле беларускіх памежнікаў, ад «злачынных дзеяньняў» службовых асобаў Польшчы і краінаў Балтыі нібыта пацярпелі больш за 320 уцекачоў. Сьледчы камітэт Беларусі нават завёў крымінальныя справы.

«На 30 кастрычніка 2024 году па крымінальнай справе ў дачыненьні да службовых асобаў Польшчы пацярпелымі прызнаныя 214 чалавек, зь іх 16 загінулі, Латвіі — 71 чалавек (22 загінулых), Літвы — 36 чалавек (12 загінулых). У тым ліку расьсьледуюцца абставіны нанясеньня цялесных пашкоджаньняў, сьмерці, наўмыснага неаказаньня дапамогі з боку службовых асобаў, сілавых структураў Рэспублікі Польшча ў дачыненьні да пацярпелых у выніку прымяненьня фізычнай сілы, спэцыяльных сродкаў», — заявілі ў СК Беларусі.

«Белсат» зьвярнуўся па камэнтар датычна абвінавачваньня беларускіх уладаў у Міністэрства абароны Польшчы. У ведамстве адказалі:

«Гэта чарговы прыклад хлусьні, скіраванай наўпрост супраць Польшчы. Яе мэтай ёсьць стварэньне фальшывага вобразу дзейнасьці польскіх службаў, якія ахоўваюць бясьпеку Польшчы і яе ўсходнюю мяжу. Вайскоўцы, вылучаныя для дапамогі Памежнай ахове ў пільнаваньні дзяржаўнай мяжы, дзейнічаюць у адпаведнасьці зь дзейнымі нормамі нацыянальнага і міжнароднага права».

У галоўным упраўленьні Памежнай аховы выданьню адказалі, што ня будуць камэнтаваць матэрыялы, апублікаваныя беларускімі службамі, бо трактуюць іх «як чарговыя элемэнты правакацыі і дэзынфармацыі».

Прадстаўнік праваабарончай ініцыятывы «Dissidentby» Вячаслаў Касінераў у камэнтары «Белсату» зазначыў, што гвалт у дачыненьні да мігрантаў прысутнічае з абодвух бакоў, але галоўнае пытаньне ў тым, хто яго распачаў. «Відавочна, што праваднік усяго гэтага крызісу зь мігрантамі — гэта рэжым Лукашэнкі», — кажа праваабаронца.

  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
  • Аляксандар Лукашэнка не аднойчы заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Эўразьвяз празь Беларусь. Так, напрыклад, 27 кастрычніка 2023 году, камэнтуючы плыні нелегальнай міграцыі зь Беларусі ў краіны ЭЗ, Лукашэнка заявіў: «Мы не адстойнік, мы нікога тут лавіць ня будзем. Тым больш вы (краіны Захаду. — РС) іх паклікалі. Няхай ідуць».
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча збудавалі сьцяну на мяжы зь Беларусьсю. Урады спачатку Літвы, а потым Латвіі і Польшчы ўлетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў сумежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў.
  • Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны ЭЗ. Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • Паводле стану на 3 лістапада, з пачатку 2024 году суседнія зь Беларусьсю краіны Эўразьвязу папярэдзілі 34 367 спробаў пранікненьня мігрантаў зь Беларусі (Польшча — 28 412 спробы, Латвія — 5094, Літва — 861). Гэта на 12,1% менш, чым за аналягічны леташні пэрыяд — 39 110, сьведчыць аналіз зьвестак памежных ведамстваў, які праводзіць «Позірк».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG