Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна адмовілася ад ратыфікацыі дамовы зь Беларусьсю, падпісанай 13 гадоў таму


Будынак Кабінэту міністраў Украіны. Ілюстрацыйнае фота
Будынак Кабінэту міністраў Украіны. Ілюстрацыйнае фота

У 2012 годзе дамову ад імя Беларусі падпісаў тагачасны пасол Беларусі Валянцін Вялічка, ад імя Ўкраіны — прадстаўнік ураду Віктара Януковіча — першы намесьнік міністра адукацыі і навукі, моладзі і спорту Яўген Суліма.

Украіна вырашыла адмовіцца ад удзелу ў міжурадавай дамове зь Беларусьсю аб супрацы ў галіне вышэйшай і пасьлядыплёмнай адукацыі.

Як паведаміўпрадстаўнік Кабінэту міністраў Украіны ў Вярхоўнай Радзе Тарас Мельнічук, адпаведнае рашэньне ўхвалілі 14 сакавіка на пасяджэньні ўраду Ўкраіны.

«Выказалі намер не станавіцца ўдзельнікам дамовы між Кабінэтам міністраў Украіны і Ўрадам Рэспублікі Беларусь аб супрацоўніцтве ў галіне вышэйшай і пасьлядыплёмнай адукацыі, падпісанай 21 кастрычніка 2012 году ў горадзе Кіеў», — паведаміў Тарас Мельнічук.

Дамову ад імя Беларусі падпісаў тагачасны пасол Беларусі Валянцін Вялічка, ад імя Ўкраіны — прадстаўнік ураду Віктара Януковіча — першы намесьнік міністра адукацыі і навукі, моладзі і спорту Яўген Суліма.

Аднак дамова не набыла юрыдычную моц, паколькі яе не ратыфікаваў парлямэнт Украіны.

Кабінэт міністраў Украіны ініцыяваў ратыфікацыю дамовы толькі ў 2019 годзе, але Вярхоўная Рада Ўкраіны так і не разгледзела адпаведны законапраект.
Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, у якой Беларусь падтрымлівае Расею, Кіеў і Менск разарвалі мноства дамоўленасьцяў аб двухбаковым супрацоўніцтве.

Якія яшчэ пагадненьні зь Беларусьсю дэнансавала Ўкраіна

Пасьля расейскага вайсковага ўварваньня, падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам і вайсковым кіраўніцтвам Беларусі, Украіна дэнансавала больш за 50 міжнародных дакумэнтаў, якія вызначалі супрацу зь Беларусьсю ў розных сфэрах — выйшла зь іх або спыніла іх дзеяньне. У тым ліку:

  • аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і вучоных званьнях;
  • аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы;
  • аб супрацы зь Беларусьсю ў авіяцыйным пошуку і ратаваньні;
  • аб паветраных зносінах;
  • аб свабодным гандлі;
  • аб узаемных пастаўках узбраеньня, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў;
  • аб аказаньні паслуг дзеля патрэбаў абароны і бясьпекі ад 1994 году;
  • аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі;
  • аб правядзеньні сумесных навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі;
  • аб узаемнай ахове правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, створаныя і прадэманстраваныя ў ходзе двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва;
  • аб узаемадзеяньні ў сфэры геадэзіі, картаграфіі і дыстанцыйнага зандаваньня зямлі;
  • аб супрацы ў сфэры дасьледаваньняў і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах;
  • аб супрацы памежных структураў і малым памежным руху;
  • аб супрацы ў сфэры кіналёгіі;
  • аб уніканьні двайнога падаткаабкладаньня;
  • аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
  • аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
  • аб вадаплаўстве ўнутранымі воднымі шляхамі;
  • аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
  • аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
  • аб супрацы ў сфэры навукі і тэхналёгіяў;
  • аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
  • аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных справаў (міжведамаснае пагадненьне зь Беларусьсю);
  • аб сацыяльнай абароне працоўных мігрантаў.


Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не зьбіраецца разрываць зь Беларусьсю дыпляматычныя дачыненьні, хоць у парлямэнце пэрыядычна абмяркоўваюць гэтае пытаньне.

Афіцыйна беларускае войска ня ўдзельнічае ў поўнамаштабнай вайне Расеі супраць Украіны, аднак Аляксандар Лукашэнка дазволіў скарыстаць тэрыторыю Беларусі для праезду і часовай дысьлякацыі расейскіх войскаў, а з тэрыторыі Беларусі наносілі ракетныя ўдары па Ўкраіне.

Акрамя таго, у Беларусь нібыта для аздараўленьня вывозяць дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Эўрапарлямэнт у верасьні асудзіў удзел Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны і вывазе дзяцей, заклікаўшы Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордэр на яго арышт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG