У аўторак 11 сакавіка дэлегацыі ЗША і Ўкраіны сустрэліся ў Джыдзе ў Саўдаўскай Арабіі для перамоваў.
Перамовы працягваліся больш за 8 гадзінаў. У супольнай заяве ў выніку перамоваў, якую апублікаваў ўкраінскі бок на сайце прэзыдэнта Ўкраіны, гаворыцца: «Украіна выказала гатоўнасьць прыняць прапанову ЗША аб неадкладным увядзеньні часовага 30-дзённага рэжыму спыненьня агню, які можа быць прадоўжаны з узаемнай згоды бакоў пры ўмове прыняцьця і адначасовага выкананьня Расейскай Фэдэрацыяй. Злучаныя Штаты дадуць зразумець Расеі, што ўзаемнасьць з боку Расеі ёсьць ключом да дасягненьня міру».
Паводле заявы, Злучаныя Штаты неадкладна здымаюць паўзу ў абмене выведнай інфармацыя і аднаўляюць дапамогу Украіне ў галіне бясьпекі.
Амэрыканская дэлегацыя пакуль не апублікавала заяву па-ангельску. Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё пасьля перамоваў сказаў: «Мы зрабілі крок да міру, спадзяемся, што расейцы адкажуць узаемнасцю».
Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Майк Уолц пацьвердзіў, што Злучаныя Штаты неадкладна спыняюць паўзу ў вайсковай дапамозе Ўкраіне. Ён таксама сказаў: «Я пагутару з расейскімі калегамі ў найбліжэйшыя дні. Рубіё будзе размаўляць зь міністрамі замежных справаў Вялікай сямёркі. На гэтым тыдні Рутэ з NATO у Вашынгтоне. Мы будзем рухацца наперад».
У заяве таксама гаворыцца, што «прэзыдэнты абедзьвюх краін дамовіліся як мага хутчэй заключыць усеабдымнае пагадненьне аб здабываньні найважнейшых мінэральных рэсурсаў Украіны для ўмацаваньня эканомікі Украіны і забесьпячэньня доўгатэрміновага росквіту і бясьпекі Украіны».
Як паведамляе агенцтва Reuters, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў журналістам, што амэрыканская дэлегацыя сустрэнецца з расейскай ужо сёньня ці заўтра.
Расейскі бок не выключае кантактаў з прадстаўнікамі ЗША ў бліжэйшыя некалькіх дзён, заявіла ТАСС афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.
Трамп таксама сказаў, што зноў запросіць прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага на сустрэчу ў Белы дом.
Зяленскі ў сваім Тэлеграм-канале пацьвердзіў гатоўнасьць да 30-дзённага перамір’я: «Украіна прымае гэтую прапанову, мы лічым яе станоўчай, мы гатовыя пайсьці на такі крок. Злучаныя Штаты Амэрыкі павінны пераканаць Расею зрабіць гэта. Гэта значыць, мы пагаджаемся, і калі „рускія“ пагаджаюцца, у гэты момант цішыня запрацуе. Важным элемэнтам сёньняшняй размовы зьяўляецца гатоўнасьць Амэрыкі аднавіць абарончую дапамогу Украіне, у тым ліку разьведвальную. Украіна гатовая да міру. Сваю гатоўнасьць прыпыніць вайну або працягваць вайну павінны паказаць у Расеі».
Прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен і прэм'ер-міністар Брытаніі Кір Стармэр ужо віталі вынікі перамоваў.
«Гэта пазытыўнае разьвіцьцё падзей, якое можа стаць крокам да ўсеабдымнага, справядлівага і трывалага міру для Ўкраіны. Мяч цяпер на баку Расеі», — напісала кіраўніца Эўракамісіі ў сацыяльнай сетцы X.
Напярэдадні перамоваў прэзыдэнт Зяленскі выказаў спадзеў, што яны адновяць «прагматычныя» адносіны з ЗША пасьля яго няўдалай сустрэчы з Трампам у мінулым месяцы, і прапанаваў першапачаткова перамір’е з Расеяй у паветры і на моры.
Прапанова мела прадэманстраваць, што Зяленскі зважае на мэту Трампа спыніць вайну з маланкавай хуткасьцю пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША абвінаваціў украінскага лідэра ў негатоўнасьці да міру і настойваў на простых перамовах з Расеяй, піша Reuters.
Ва ўкраінскай дэлегацыі былі кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак, міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга, міністар абароны Рустэм Умераў і намесьнік кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Павал Паліса.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, які ў панядзелак прыбыў у Саудаўскую Арабію для сустрэчы з насьледным прынцам Мухамэдам бін Салманам, не далучаўся да перамоваў.
У амэрыканскую дэлегацыю ўваходзілі дзяржаўны сакратар Марка Рубіё, дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Майк Уолц і пасланьнік Трампа на Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф.